Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ ПАШЫРАЕЦЦА НАВУЧАНЬНЕ НА ПОЛЬСКАЙ МОВЕ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Школы з польскай мовай навучаньня існуюць дзьве: адна ў Горадні, другая ў Ваўкавыску. Пры гарадзенскай існуе паралельна “Польская грамадзкая школа”. У яе набіраюць вучняў зь іншых — расейскамоўных школаў. Яны займаюцца ў другой палове дня і ў выходныя. Вывучаюць польскія мову і літаратуру, гісторыю, геаграфію, элемэнты польскай культуры і фальклёру, а таксама матэматыку.

Грамадзкая школа — вынік канкурэнцыі паміж Саюзам палякаў і арганізацыяй “Польская мацеж школьна”. Яна навучае школьнікаў і моладзь, штогоду прыблізна паўтысячы чалавек. Яны атрымліваюць сэртыфікат і паступаюць у польскія ўнівэрсытэты.

Натуральна, што на ўсе такія праекты грошы дае польскі бок. Дарэчы, у гарадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы зьявілася новая спэцыялізацыя — “гісторыя і польская мова”. Прыём студэнтаў адкрыты на гістфаку, дзе працягвае выкладаць старшыня Саюзу палякаў Тадэвуш Кручкоўскі.

Старшыня абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы Аляксандар Місьцюкевіч разам з калегам наведваў прарэктара Аграрнага ўнівэрсытэту Леаніда Жучка. Існуе пастанова Міністэрства адукацыі аб тэарэтычнай магчымасьці стварэньня беларускамоўных групаў і плыняў. Лёгіка такая: сюды паступаюць вучні вясковых школаў, якія лічацца беларускімі. Прарэктар адказаў: ніякіх беларускамоўных групаў быць ня можа, калі ёсьць хоць адзін студэнт з Расеі.

Тамара Прадзед з абласнога ўпраўленьня адукацыі пацьвердзіла самыя пэсымістычныя меркаваньні. Беларускамоўных школаў у гарадах вобласьці няма. Першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня ў Горадні не ствараюцца чатыры гады. У райцэнтрах ёсьць толькі паасобныя. У вёсцы, як правіла, школы зьяўляюцца беларускамоўнымі. Але яны звычайна невялікія, і іхная колькасьць апошнім часам няўхільна зьмяншаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG