Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГВАЕЦЦА СУД НАД БЫЛЫМ ДЫРЭКТАРАМ МТЗ М.ЛЯВОНАВЫМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Вярхоўным судзе на працэсе над былым дырэктарам Менскага трактарнага заводу Міхаілам Лявонавым пачалі высьвятляць, чыя віна ў тым, што МТЗ нясвоечасова і ня цалкам плаціў у бюджэт падаткі. Запазычанасьць пачала назапашвацца ў 1998 годзе і праз два гады складала ўжо больш за 200 мільёнаў рублёў.

Сьледзтва лічыць, што вінаваты ў гэтым Міхаіл Лявонаў. Паводле сьледзтва, ён “уступіў у змову з кіраўнікамі прадпрыемства” і наўмысна затрымліваў выплаты падаткаў на прыбытак, чым нанес дзяржаве пэўныя фінансавыя страты. Міхаіл Лявонаў сваёй віны цалкам не прызнае. У судзе ўжо гучала, што за час ягонага кіраўніцтва трактарным заводам у бюджэт было сплачана 400 мільёнаў даляраў падаткаў. На гэтыя грошы ўвесь дзяржаўны апарат Беларусі можна ўтрымліваць некалькі гадоў.

Адмыслоўцы прызнаюць, што падаткавы цяжар на МТЗ быў адным з самых вялікіх у краіне, але праблема ня толькі ў гэтым. Падаткі трэба плаціць грашыма, а большасьць трактароў прадавалі па бартэру, у тым ліку імі разьлічваліся за пастаўкі ў Беларусь расейскага газу. Таксама вялікія цяжкасьці ўзьнікалі на заводзе з прычыны таго, што дзяржаўныя спажыўцы трактароў затрымлівалі выплаты.

Гэтак, у 2000 годзе, калі МТЗ завінаваціўся бюджэту 200 мільёнаў рублёў, яму не заплацілі 2 мільярды. У тым ліку прадпрыемства “Белаграпрамзабесьпячэньне”, празь якое набываліся трактары для калгасаў — больш як мільярд рублёў.

Гэтыя зьвесткі пацьвердзіў сёньня ў судзе былы фінансавы дырэктар МТЗ Аляксандр Бойка. Ён засьведчыў, што ў службы, якую ён узначальваў, хранічна не хапала сродкаў, каб разьлічвацца зь бюджэтам па ўсіх падатках. І галоўнымі даўжнікамі былі менавіта дзяржаўныя прадпрыемствы. “Асабіста Лявонаў ніколі не даваў мне загаду не плаціць альбо затрымліваць выплаты падаткаў. Наадварот, рабіліся захады, каб выправіць становішча”, — заявіў судзьдзям Аляксандар Бойка.

Пра асабісты клопат Лявонава ў справе выплаты падаткаў распавяла і намесьніца галоўнага бугальтара МТЗ Людміла Геліс.

Пры канцы 2001 году заводу ўдалося разьлічыцца зь дзяржавай за даўгі па падатках, але Міхаілу Лявонаву гэта ўжо не дапамагло. Напачатку 2002 году ён быў арыштаваны. За ўхіленьне ад выплаты падаткаў яму пагражае да трох гадоў турмы, а найбольш сур’ёзныя абвінавачаньні Лявонаву прадугледжваюць пакараньне да 10 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG