Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ЗДРАВСТВУЙТЕ, ВЫ СМОТРИТЕ НОВОСТИ”


Ганна Соусь, Менск

(Голас дыктаркі: ) ”Здравствуйте, вы смотрите новости. В студии – Виктория Сенкевич. Главные темы выпуска – в научных кругах республики идет активная работа по разработке учебника нового курса “Идеология белорусского государства”.

Гэтак па-расейску гучаць цяпер выпускі навінаў на Беларускім тэлебачаньні. Па-беларуску пакуль выходзіць толькі вечаровая “Панарама” ў буднія дні. Як паведаміў Радыё Свабода вядучы выпуску навінаў Юры Гроераў, які да таго ж ёсьць намесьнікам дырэктара АТН, кіраўніцтва БТ цяпер рыхтуе афіцыйнае тлумачэньне зьмены мовы навінаў і ў блізкім часе распаўсюдзіць яго праз мэдыі. Больш падрабязна сутнасьць моўных пераменаў на БТ патлумачыла Радыё Свабода сакратарка намесьніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Мартыненкі:

(Cакратарка: ) “У якасьці экспэрымэнту вырашылі цяпер весьці навіны на расейскай мове. Таму што вельмі шмат лістоў нашых паважаных беларусаў, якія, на жаль, ня хочуць слухаць навіны на беларускай мове. Ня ўсё разумеюць. Мы й пайшлі насустрач пажаданьням працоўных і вырашылі ў якасьці экспэрымэнту паспрабаваць зрабіць навіны на расейскай мове. Чым гэта скончыцца, ніхто ня ведае”

Гэткае ж тлумачэньне атрымаў ад старшыні Белтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова прадстаўнік Таварыства беларускай мовы Дзяніс Тушынскі.

(Тушынскі: ) “Некалькі дзён таму патэлефанаваў спадару Рыбакову, ён адказаў, што праводзіцца экспэрымэнт. Як быццам, гэта робіцца на просьбу гледачоў. Аднак Рыбакоў заўважыў, што ёсьць і супрацьлеглыя просьбы – каб беларускага вяшчаньня было больш. Афіцыйная рэакцыя ТБМ была наступная – мы накіравалі на БТ ліст з заклікам, па-першае, вярнуць беларускае вяшчаньне ў былым аб’ёме, а па-другое, пашыраць беларускае вяшчаньне. Гэта зрэшты ня першы наш ліст. Да таго ж мы пачалі зьбіраць подпісы”.

Паводле прадстаўніка ТБМ Дзяніса Тушынскага, уласна беларускамоўнае вяшчаньне на БТ складае зараз каля 7-8%. Беларускамоўныя праграмы можна лёгка падлічыць па пальцах – тыднёвыя праграмы “Падарожжа дылетанта”, “Тэлебарометар”, пяціхвілінная перадача “Алхімія слова”, “Калыханка” ды яшчэ некалькі. Як адзначыў для Радыё Свабода былы вядучы ток-шоў “Выбар” Уладзімер Мацкевіч, цяперашняе тэлевізійнае начальства ўпэўненае, што беларускамоўныя праграмы ня могуць мець высокага рэйтынгу. Што, дарэчы, можа абвергнуць прыклад аднаго з апошніх ток-шоў “Выбар” пра беларускую мову, якое атрымала рэкордную колькасьць тэлефанаваньняў слухачоў – 27 с паловай тысячаў.

(Мацкевіч: ) “Як паказала тая перадача, прыхільнікаў беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі – большасьць. І на сёньняшні дзень, здаецца, рэкорд той перадачы не пабіты паводле колькасьці тэлефанаваньняў гледачоў. Давайце проста не надаваць ніякага значэньня таму, што гэта адбываецца на просьбу гледачоў, таму што заўсёды такія рэчы арганізоўваюцца. І нічога яны гэтым не даб’юцца, таму што навіны й ўвогуле шмат перадачаў БТ не зьяўляюцца рэйтынгавымі не таму, што яны ідуць на беларускай мове, а таму, што яны ідуць на савецкай мове”.

А пакуль Беларускае тэлебачаньне распачало экспэрымэнт з расейскамоўнымі навінамі, FM-станцыя “Альфа-Радыё” ладзіць іншы экспэрымэнт – перадае выпускі навінаў на беларускай мове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG