Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.ВАЙТОВІЧ КАЖА, ШТО СЁЛЕТА СУПОЛЬНАГА З РАСЕЯЙ РЭФЭРЭНДУМУ НЯ БУДЗЕ


Юры Сьвірко, Менск

На прэсавай канфэрэнцыі ў пятніцу спадар Вайтовіч, які ёсьць сябрам Найвышэйшай дзяржаўнай рады саюзнай дзяржавы, нічога не сказаў пра яе наступнае паседжаньне, якое некалькі разоў пераносілася, хаця мусіла абмеркаваць праект канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы.

Сьпікер Савету Рэспублікі сказаў толькі, што 15–16 верасьня плянуецца правесьці чарговае паседжаньне Парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі й Расеі, а пра мажлівы рэфэрэндум наконт саюзнага канстытуцыйнага акту выказаўся так:

(Вайтовіч: ) “Вы ведаеце, што паводле закону Расеі, і гэта пацьвердзіў спадар Вешнякоў, рэфэрэндумы ў іх не праводзяцца ў год выбараў. Як вынік, сёлета ня можа быць рэфэрэндуму па канстытуцыйным акце, і ў наступным годзе да выбараў прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі таксама ня можа быць рэфэрэндумаў”.

Гэта сталася першай заявай зь беларускага боку на высокім узроўні пра тое, што супольнага з Расеяй рэфэрэндуму ані ў 2003, ані ў 2004 годзе ня будзе. А што да ўласна беларускага рэфэрэндуму, які можа зьмяніць Канстытуцыю дзеля стварэньня магчымасьці Аляксандру Лукашэнку зноў браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах, дык цяперашнія шматлікія размовы пра гэта сьпікер Савету Рэспублікі пракамэнтаваў так:

(Вайтовіч: ) “Я скажу наступнае. Уінстан Чэрчыл — вы ўсе чулі такое прозьвішча — ён сказаў… Ну, на расейскую мову перайду, бо вось Тамара Рыгораўна адразу пазяхае, як я па-беларуску пачынаю размаўляць. Ён сказаў наступнае: “Палітыкі найперш думаюць пра будучыя выбары, а дзяржаўныя мужы найперш думаюць пра будучыню краіны й пра будучае пакаленьне”. Дык вось, падсумоўваючы — я цалкам згодны з таварышам-спадаром Чэрчылам”.

Аляксандар Вайтовіч таксама заявіў: “Калі па-сур’ёзнаму гэтае пытаньне абмяркоўваць, дык найперш трэба абмеркаваць пытаньне, ШТО ў інтарэсах краіны, а потым ужо пераходзіць да канкрэтных палітычных рашэньняў”.

Яшчэ адно маё пытаньне было выкліканае публікацыяй у маскоўскай “Независимой газете”, дзе беларускі дэпутат Валеры Фралоў выказаў меркаваньне, што ўвосень Аляксандар Лукашэнка можа пайсьці ў адстаўку, каб потым узяць удзел у нечарговых прэзыдэнцкіх выбарах.

Іншы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі заявіў “Интерфаксу”, што такі варыянт “цалкам мажлівы і законны”. Аднак паводле Канстытуцыі Беларусі ў гэтым выпадку абавязкі прэзыдэнта часова выконвае прэм’ер-міністар, а прэм’ера цяпер няма.

Ці значыць гэта, што сёньня, калі з Аляксандрам Лукашэнкам нешта здарыцца, прэзыдэнцкія функцыі мусяць перайсьці да сьпікера Савету Рэспублікі? Вось як адрэагаваў на гэта сам Аляксандар Вайтовіч:

(Вайтовіч: ) “Па-першае, нічога ня здарыцца, запэўніваю вас. Бо ў гэты найбліжэйшы час нічога ня здарыцца — здаровы, малады чалавек такі, моцны, у хакей гуляе, значыць, здароўе ёсьць — што тут можа здарыцца?

І па-другое. Ужо калі такая — дзесяць у мінус чацьвертай — верагоднасьць узьнікне, маленькая-маленькая, мы ж разумеем, што жыцьцё такое шматграннае, то разьбярэмся. Ёсьць Канстытуцыйны суд, ён сваю думку скажа. Не хвалюйцеся”.

Аляксандар Вайтовіч таксама пракамэнтаваў рашэньне Аляксандра Лукашэнкі стварыць інстытут упаўнаважаных у ніжняй палаце Нацыянальнага сходу.

(Вайтовіч: ) “Я думаю, калі ствараць такое прадстаўніцтва ў Палаце прадстаўнікоў, дык трэба хоць нейкую крыху базу зрабіць — калі не заканадаўчую, то нарматыўную якую-небудзь базу. Гэта павінна, магчыма, быць адлюстравана ў рэглямэнце працы Палаты прадстаўнікоў”.

У Савеце Рэспублікі падобных прапановаў не было, зазначыў спадар Вайтовіч і дадаў:

(Вайтовіч: ) “Мне вельмі не спадабалася назва…”

(Журналістка: ) “А на русском языке?”

(Вайтовіч, пераходзіць на расейскую: ) “На расейскай мове… Мне вельмі не спадабалася назва артыкулу ў “Советской Белоруссии”, які апісваў гэтую сустрэчу. Яна нікуды ня вартая — што такое “Першыя сярод роўных”? Што гэта за такі загаловак? Гэта што — гэтыя шэсьць чалавек імгненна пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам сталі першымі сярод 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG