Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЦЛАЎ ГАВЭЛ ЗНОЎ СТАЎ ПАЛІТЫЧНЫМ ДЫСЫДЭНТАМ


Тацяна Поклад, Прага

Пасьля 13 гадоў прэзыдэнцтва Вацлаў Гавэл кажа, што складана быць былым прэзыдэнтам у краіне, дзе няма традыцыі былога прэзыдэнцтва. 66-гадовы Вацлаў Гавэл ня скардзіцца на здароўе і цяпер, паводле яго словаў, шукае для сябе лад жыцьця грамадзяніна. Ён кажа, што ня хоча быць ў сталае апазыцыі да ўладаў, але адчувае што зараз можа выказваць свае думкі больш свабодна, чым раней.

Вацлаў Гавэл гэтак і робіць, досыць рэгулярна крытыкуючы свайго наступніка, цяперашняга прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Клаўса – ад крытыкі за яго прэзыдэнцкі стыль да крытыкі за яго прахалоднае стаўленьне да сяброўства Чэхіі ў Эўразьвязе.

Цяперашні прэзыдэнт і сацыял-дэмакраты адказваюць Вацлаву Гавэлу непрыманьнем і кпінамі. Перад рэфэрэндумам адносна далучэньня да Эўразьвязу Вацлаў Гавэл заклікаў чэхаў галасаваць “за” і сказаў, што толькі злачынцы могуць бачыць пагрозу ў сяброўстве ў Эўразьвязе, -- у гэтым пабачылі ясны ўдар супраць Вацлава Клаўса, пры якім адбывалася карумпаваная пост-камуністычная прыватызацыя у Чэхіі. У адказ цяперашні сацыял-дэмакратычны урад абвінаваціў Гавэла, што той парушае права на свабоднае галасаваньне.

Заўтра Вацлаў Гавэл у Вашынгтоне атрымае ад прэзыдэнта ЗША Мэдаль Свабоды, але пры гэтым Гавэл адчувае сябе вольным выказвацца крытычна і на адрас Буша. Вацлаў Гавэл кажа, што яго візія – гэта шматпалярны, шматкультурны сьвет, які пагаджаецца на мінімум асноўных прынцыпаў супольнага жыцьця і шануе адрозьненьні, – сьвет, у якім ня ўсё вызначаецца тэрарызмам і вайной супроць яго.

Вацлаў Гавэл распавядае, што яму было прыемна пакінуць офіс. Ён прыгадвае, што пасьля 13 гадоў падарожжаў у браніраваных лімузінах і самалётах, калі ён пачаў зноў падарожнічаць сам, зьмены ўразілі яго: здаецца, што прэзыдэнт шмат падарожнічае і шмат бачыць, кажа сп. Гавэл, а насамрэч – ня бачыць нічога, апрача пустой дарогі.

Вацлаў Гавэл не стварыў сабе палітычнай партыі, так што пасьля сваёй адстаўкі ён ізноў прадстаўляе адзінокі голас, да якога далучаюцца некалькі сяброў.

В. Гавэл плянуе пабудаваць бібліятэку і цэнтар для канфэрэнцыяў у працяг свайго змаганьня за правы чалавека і ураўнаважанае разьвіцьцё, аднак гэтыя пляны тармазяцца фінансавай праблемай. Багатыя бізнэсоўцы, якія раней шукалі яго прыхільнасьці, цяпер пазьбягаюць сустракацца зь ім публічна, – баяцца незадаволенасьці цяперашняга прэзыдэнта альбо сацыял-дэмакратычнага ўраду. Усё гэта нагадвае Вацлаву Гавэлу яго дысыдэнцтва ў камуністычныя часы.

Вацлаў Гавэл кажа пры гэтым: “Гэта вельмі добры знак. Таму што гэта пацьвярджае маю упэўненасьць, што я – свабодны чалавек, якім цяжка маніпуляваць. Чаго большага можна жадаць?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG