Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЫСТАФЭР СЬМІТ: “ЛУКАШЭНКА І ЯГО АТАЧЭНЬНЕ СТВАРЫЛІ ДЫКТАТУРУ. ЦЯРПЕНЬНЕ ЗША І ЭЎРОПЫ СЫХОДЗІЦЬ”


Вольга Караткевіч, Ратэрдам-Прага

Кіраўнік амэрыканскай дэлегацыі на Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Крыстафэр Сьміт вядомы актыўнай падтрымкай рэзалюцыяў па Беларусі, а таксама ініцыянаванымі ім рэзалюцыямі ў праблемах гандлю жанчынамі і дзецьмі, парушэньняў правоў нацыянальных меншасьцяў у Эўропе. У мінулым годзе, калі таксама была прынятая рэзалюцыя па Беларусі, Крыстафэр Сьміт у дыскусіях гаварыў аб праблемах зьніклых, аб гандлі беларускай зброяй з краінамі-парыямі. У інтэрвію “Свабодзе” тады Сьміт адзначыў, што бачыў доказы таго, што Беларусь мае ваенныя гандлёвыя сувязі з краінамі, якія, лічыцца, падтрымліваюць міжнародны тэрарызм. У гэтым годзе рэзалюцыя па Беларусі заклікае беларускія ўлады зьмяніць выбарчае заканадаўства, а правядзеньне любых выбараў і рэфэрэндумаў у адпаведнасьці зь цяперашнім выбарчым кодэксам будзе азначаць крок назад у дачыненьнях паміж Беларусьсю і Эўропай. Сёлетнюю рэзалюцыю прапанавала Ута Цапф, кіраўніца рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Я запыталася ў Крыстафэра Сьміта пра ўдзел амэрыканскай дэлегацыі ў падрыхтоўцы дакумэнту:

(Сьміт: ) “"Так, мы вельмі падтрымліваем гэтую рэзалюцыю. У вырашальны момант, калі былі прапановы адкласьці абмеркаваньне гэтай рэзалюцыі, мы ўмяшаліся. Мы сказалі, што ёсьць відавочныя сьведчаньні, што сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца і адкладаць гэтую рэзалюцыю няправільна. Добра, што гэтае меркаваньне пераважыла і была прынятая рэзалюцыя, дзе закранаюцца розныя аспэкты – ад выбарчага заканадаўства да зьніклых людзей – палітыкаў і журналістаў і, натуральна, наконт апошняга этапу ціску на школы, цэрквы, у асаблівасьці на царкву пяцідзясятнікаў, і на газэты".

Крыстафэр Сьміт выказаў расчараваньне тым фактам, што дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў, якая толькі ў гэтым годзе была афіцыйна зацьверджаная як прадстаўнік Беларусі ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ пакінула сэсію ў часе важных дэбатаў па Беларусі.

(Сьміт: ) “Мы папрасілі пра сустрэчу сам-насам з прадстаўнікамі беларускай дэлегацыі і атрымалі адмову. Я лічу, што гэта можа падзейнічаць, калі, гледзячы некаму ў вочы, ты тлумачыш, чаму ім патрэбныя рэформы ў галіне правоў чалавека. Аднак невядома зь якіх прычынаў яны адразу зьехалі так хутка як змаглі. І яны прапусьцілі ня толькі сустрэчу з намі, якая, я лічу, была б вельмі добрай, але яны пакінулі і паседжаньне рабочай групы, на якое яны былі запрошаныя. Яны маглі сустрэцца зь людзьмі, якія моцна зацікаўленыя ў разьвіцьці Беларусі, але яны выбралі лёгкі шлях, яны вырашылі хавацца".

Наступнае маё пытаньне да кангрэсмэна Крыстафэра Сьміта тычылася пункту 13-га Рэзалюцыі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ па Беларусі. Там адзначаецца, што правядзеньне выбараў і рэфэрэндумаў у адпаведнасьці зь цяперашнім Выбарчым кодэксам будзе крокам назад у дачыненьнях з АБСЭ. Я папрасіла спадар Сьміта пракамэнтаваць гэты пункт:

(Сьміт: ) “Я лічу, што цярпеньне амэрыканцаў і эўрапейцаў сышло. ЗША выступалі супраць прыняцьця Нацыянальнага сходу ў Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ. Яны зганьбіліся за гэтыя пару дзён. Гэта ня добрыя паводзіны, яны ставілі пад сумнеў галасаваньне, дзейнічалі вельмі-вельмі непрафэсійна. Яны прымусілі кіраўніка Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ на працягу дэбатаў сказаць, што "гэта наш парлямэнт, а ня ваш”. Недэмакратычны шлях – гэта, магчыма ваш шлях вырашаць справы, але гэта ня шлях цэнтральна- ці ўсходнеэўрапейскіх краінаў, заходніх краінаў, ЗША і Канады. Мы чакаем большага, і што тычыцца выбарчага заканадаўства, дзе дзіўная сытуацыя, калі людзей запалохваюць рознымі шляхамі, улучна са стратай працы, каб яны не станавіліся кандыдатамі ад апазыцыі, гэта паказвае, што Лукашэнка і яго атачэньне – стварылі дыктатуру, якая выкарыстоўвае фасад дэмакратыі, але гэта – дыктатура".

У мінулагодняй рэзалюцыі па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, дарэчы, ініцыяванай дэлегацыяй ЗША, быў пункт і пра гандлёвыя дачыненьні Беларусі з краінамі-парыямі, маецца на ўвазе гандаль зброяй. У гэтым годзе такога пункту няма, а я запыталася ў Крыстафэра Сьміта, ці вядзе ЗША маніторынг у гэтым пытаньні:

(Сьміт: ) “У нас нядаўна былі слуханьні, якія тычыліся перадачы зброі краінам-ізгоям, і дыктатура Лукашэнкі была сярод галоўных парушальнікаў гэтых нормаў. І гэта засмучае, таму што вы ведаеце, гэтыя краіны-парыі зьдзяйсьняюць акты тэрарызму ва ўсім сьвеце. І аказваецца, што Беларусь гэтаму дапамагае. Я ўпэўнены, што беларускаму народу вельмі б не спадабалася ўведаць, што беларускае кіраўніцтва дапамагае фанатыкам-баязьліўцам, тэрарыстам ва ўсім сьвеце. Асабліва на Блізкім Усходзе. Гэта павінна было б заняць важнае месца ў рэзалюцыі, але мы будзем працягваць уздымаць гэтае пытаньне. Літаральна пару тыдняў таму мы абмяркоўвалі гэта ў Вашынгтоне".

І апошняе маё пытаньне тычылася статусу беларускага пытаньня ў амэрыкана-расейскіх дачыненьнях. Гаворыць Крыстафэр Сьміт:

(Сьміт: ) “Мы маем вельмі добры дыялёг з нашымі расейскімі калегамі. Нават калі яны неафіцыйна могуць станавіцца на беларускі бок. Я думаю, яны бачаць, што гэта ня ў іх інтарэсах, як і не ў інтарэсах Беларусі, працягваць рух па шляху зьліцьця дэмакратыі ў Маскве і дыктатуры ў Менску. Гэта праблема. Мы маем выразны падзел – Расея, дзякуй Богу, рухаецца па шляху да рэформаў, выбары ўсё больш і больш свабодныя і справядлівыя, у іх вельмі моцны парлямэнт і вельмі моцны прэзыдэнт, На жаль, у суседняй Беларусі мы маем дыктатара. Мне здаецца, што расейцы маглі б больш ціснуць на Лукашэнку, я спадзяюся, яны й будуць, але, я лічу, што ў расейцаў таксама зьнікае цярпеньне".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG