Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЛЯМЭНЦКАЯ АСАМБЛЕЯ АБСЭ ПРЫНЯЛА РЭЗАЛЮЦЫЮ Ў СПРАВЕ БЕЛАРУСІ


Вольга Караткевіч, Ратэрдам

У інтэрвію "Свабодзе" кіраўнік амэрыканскай дэлегацыі Крыстафэр Сьміт адзначыў, што ЗША таксама бралі ўдзел у абмеркаваньні праекту рэзалюцыі, якая дакладна фармулюе патрабаваньне да беларускіх уладаў зьмяніць і дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства, а менавіта: дапусьціць у выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазыцыі, абмежаваць практыку датэрміновага галасаваньня, забясьпечыць міжнародным і мясцовым назіральнікам магчымасьць прысутнічаць на ўсіх этапах электаральнага працэсу, а таксама пашырыць паўнамоцтвы парлямэнту.

Я чатыры гады працавала на сэсіях ПА АБСЭ, і кожны год прымаецца рэзалюцыя ў справе Беларусі. Гэта вельмі паказальна і азначае, што ў вырашэньні праблемы дэмакратызацыі Беларусі зацікаўленыя самыя ўплывовыя дэлегацыі. І калі раней пры галасаваньні ўзьнікалі дэбаты і такія палітыкі, як Ута Цапф, швэд Урбан Алін, Крыстафэр Сьміт, літоўцы, палякі адстойвалі неабходнасьць афіцыйнага звароту АБСЭ да беларускіх уладаў, а прадстаўнікі Расеі, Азэрбайджану, Казахстану, Швайцарыі маглі выступаць супраць, гэтым разам толькі сьпікер Дзяржаўнай думы Расеі Генадзь Селязьнёў выступіў супраць. Аргумэнты "за" прывяла Ута Цапф.

Такім чынам, чарговая рэзалюцыя прынятая. Апрача акцэнту на выбарчым заканадаўстве, рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады расьследаваць справы зьніклых, даць свабоду сродкам масавай інфармацыі і выканаць знакамітыя 4 умовы АБСЭ дзеля дэмакратызацыі беларускага грамадзтва: свабодныя выбары, празрыстае, дэмакратычнае грамадзтва, доступ апазыцыі да сродкаў масавай інфармацыі і г.д.

Адразу пасьля свайго пераабраньня сёньня прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ брытанец Брус Джордж у інтэрвію "Свабодзе" выказаў расчараваньне паводзінамі дэлегацыі Палаты прадстаўнікоў, якая першы год прызнаная афіцыйным прадстаўніком Беларусі ў ПА АБСЭ, але ня ўдзельнічала ў галоўных абмеркаваньнях беларускага пытаньня, папросту зьехаўшы. Ён падрыхтаваў адпаведную заяву пра тое, што дэлегацыя пакінула Парлямэнцкую Асамблею і ня ўдзельнічала ў адмысловым круглым стале пра выбары ў Беларусі.

Беларускай апазыцыю тут прадстаўляў Анатоль Лябедзька, да яго далучыўся таксама Вінцук Вячорка; на запрашэньне некаторых дэпутатаў тут прысутнічаў дэпутат ад фракцыі "Рэспубліка" Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец. Яны выступілі на круглым стале, гаварылі пра будучыя выбары ў Беларусі, стан парлямэнтарызму і дэмакратызацыю краіны, а таксама ўдзельнічалі ўва ўсіх паседжаньнях і дыскусіях. Госьці Асамблеі - а тут прысутнічае, напрыклад, кіраўнік Офісу АБСЭ ў Беларусі Эбэргард Гайкен, былы прадстаўнік так званай парлямэнцкай тройкі Тэры Дэвіс, - таксама адзначалі той факт, што няўдзел афіцыйнай дэлегацыі шмат сьведчыць пра тое, што афіцыйны Менск ігнаруе саму пастаноўку пытаньня аб дыялёгу з эўрапейскімі структурамі.

Дадам, што дэпутаты Парлямэнцкай Асамблеі адзначылі, што будуць працягваць дэталёвы маніторынг парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і наступу на СМІ. Усе гэтыя дні праблемы вакол карпункту НТВ у Беларусі, "Белорусской деловой газеты", прадстаўніцтва IREX ня раз гучалі ў абмеркаваньнях як у залях паседжаньняў, так і ў кулюарах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG