Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯШЧЭ АДЗІН АКАДЭМІК ЗРАБІЎСЯ АХВЯРАЙ РАЗБОЙНАГА НАПАДУ


Любоў Лунёва, Менск

Акадэмік Яўген Бабосаў працуе загадчыкам аддзелу Інстытуту сацыялёгіі Акадэміі Навук і загадчыкам катэдры сацыялёгіі філязофска-эканамічнага факультэта БДУ. У 1993 годзе ён быў ініцыятарам стварэньня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці, а ў 1994-м — Сацыялістычнай партыі Беларусі. Мае больш за 360 навуковых прац.

Доктар Сяргей Ліцьвінаў, які даглядае Яўгена Бабосава, паведаміў: магчыма, праз два тыдні пацыент зможа адправіцца дахаты.

(Ліцьвінаў: ) “Чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені. Для жыцьця гэта ня ёсьць небясьпекай”.

Наступствы нападу рабаўнікоў не такія цяжкія ў параўнаньні зь іншымі выпадкамі. За апошнія два гады пацярпелі ад нападаў хуліганаў многія вядомыя дзеячы навукі й мастацтва. Мастацкі кіраўнік тэатру “Вольная сцэна” Валер Мазынскі быў моцна зьбіты і доўгі тэрмін правёў у шпіталі, акадэміку Радзіму Гарэцкаму зламалі нос, рэбры і разьбілі галаву, прафэсара Адама Мальдзіса моцна зьбілі ля пад’езда ягонага дома. Па ўсіх выпадках міліцыя распачала крымінальныя справы, але ніводзін злачынца ня знойдзены і ніводная справа так і не дайшла да суду.

Справу акадэміка Яўгена Бабосава вядзе сьледчы Савецкага РУУС Аляксандар Казлоўскі.

(Казлоўскі: ) “Яўген Бабосаў заявіў, каб напад на яго не разглядалі як праяву антысэмітызму і помсту за тое, што ён зьяўляецца сябрам БНФ. Хаця ён і не зьяўляецца сябрам БНФ”.

Сьледчы пакуль толькі ведае, што напалі на акадэміка двое невядомых маладых людзей. Скралі партфэль, у якім былі два пасьведчаньня асобы і некалькі кнігаў. Супрацоўнікі міліцыі мяркуюць, што пэрспэктывы раскрыцьця такіх справаў амаль нулявыя.

Прайшло паўгоду пасьля прамовы Лукашэнкі перад прадстаўнікамі МУС аб тым, што цягам месяца яны павінны спыніць вулічную злачыннасьць. Ён пагражаў, што зробіць захады дзеля пакараньня саміх міліцыянтаў, якія ня здольныя даць рады ў гэтых справах. Колькасьць разбойных нападаў на грамадзянаў расьце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG