Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ ЗАКЛІКАЕ ЎЛАДЫ БЕЛАРУСІ ДА ЗЬМЕНАЎ ВЫБАРЧАГА ЗАКАНАДАЎСТВА


Вольга Караткевіч, Ратэрдам

Ухвалены праект рэзалюцыі ў справе Беларусі, скіраваны на неабходнасьць зьменаў беларускага выбарчага заканадаўства. Сёньня на гэтую тэму адбыўся круглы стол, на які былі запрошаныя і наведалі гэтае абмеркаваньне вельмі ўплывовыя палітыкі. Кожны зь іх – а гэта і арганізатарка круглага стала, кіраўніца рабочай групы ў справе Беларусі Ута Цапф, і прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Брус Джордж – адзначалі той факт, што афіцыйная дэлегацыя Беларусі пакінула паседжаньне. Дарэчы, учора адзін зь сяброў групы ў справе Беларусі, швэдзкі парлямэнтар Урбан Алін адкрыта запытаўся ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Міхаіла Орды, ці возьмуць яны ўдзел у дыскусіі пра выбарчы кодэкс – гэта было на паседжаньні, калі йшло абмеркаваньне рэзалюцыі ў справе Беларусі, – і Міхаіл Орда, які раптоўна замест Уладзімера Канаплёва стаў кіраўніком афіцыйнай дэлегацыі, адказаў: так, і ня толькі возьмем удзел, але і будзем моцна дыскутаваць.

Круглы стол наведалі і амэрыканцы. Кангрэсмэн ЗША Крыстафэр Сьміт, які тут ачольвае амэрыканскую дэлегацыю, таксама выказаў расчараваньне паводзінамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, бо апроч дэбатаў пра выбарчы кодэкс, ён хацеў падкрэсьліць у сустрэчы зь імі, што праблемы зьніклых у Беларусі і перасьледу сродкаў масавай інфармацыі застаюцца вельмі актуальнымі і пад увагай ЗША. Таксама былі прадстаўнікі Расеі, Украіны, Швэцыі, Вугоршчыны, Нідэрляндаў, Шатляндыі. Шатляндыі – відаць, таму, што наступная сэсія Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ адбудзецца ў Эдынбургу.

Што да самой дыскусіі, ад апазыцыі выступіў Анатоль Лябедзька, які выказаўся за дыялёг з Палатай прадстаўнікоў што да зьмены выбарчага заканадаўства, а таксама Сяргей Скрабец, які адмыслова прыехаў сюды, бо прадстаўляе фракцыю "Рэспубліка", а прыклад узьнікненьня гэтай фракцыі ў Палаце прадстаўнікоў для многіх дэпутатаў тут лічыцца праяўленьнем нармальнага парлямэнтарызму ў Беларусі. Усе ўдзельнікі падкрэсьлівалі важнасьць і неабходнасьць зьменаў у беларускім выбарчым заканадаўстве.

Увогуле адзначу, што такой увагі да беларускай тэмы, як сёлета, нават не чакалі, мне гэта гаварылі многія дэпутаты. Удзел у абмеркаваньнях узялі вельмі ўплывовыя тут палітыкі – Герд Вайскірхен, які быў віцэ-прэзыдэнтам Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і ў свой час уваходзіў у групу ў справе Беларусі, адмыслова прыехаў Эбэргард Гайкен, цяперашні кіраўнік Офісу АБСЭ ў Беларусі.

Сёньня раніцай каля будынку, дзе адбываецца Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ, беларускія эмігранты, якія жывуць у Бэльгіі і Нідэрляндах, правялі пікет. Іх было каля 20 чалавек. Дэпутаты падыходзілі да пікетоўцаў, абмяркоўвалі зь імі, што яны хочуць прадэманстраваць, а таксама бралі ўлёткі з інфармацыяй пра зьніклых у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG