Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЙ МЯЖЫ ЗАСТАЛІСЯ ТОЛЬКІ ТРОЕ КАЛІНІНГРАДЦАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Дырэктар консульскага дэпартамэнту МЗС Літвы Гядымінас Шаўдвітыс заявіў, што сыстэму калінінградзкага транзыту ўдалося вырашыць за два дні. Ужо ў чацьвер з транзытных цягнікоў, якія едуць празь літоўскую тэрыторыю, не зьнялі ніводнага пасажыра, хаця такіх цягнікоў было шэсьць, а пасажыраў у іх — амаль паўтары тысячы. Усе яны мелі візы альбо спрошчаныя праязныя дакумэнты.

У пятніцу раніцай, калі зь беларускай тэрыторыі ў Літву ўехалі цягнікі Масква–Калінінград і Санкт-Пецярбург–Калінінград, на мяжы таксама нікога не затрымалі. Прадстаўнік літоўскага МЗС зазначыў, што адмысловы прадстаўнік прэзыдэнта Расеі ў пытаньнях Калінінградзкай вобласьці Дзьмітры Рагозін прызнаў расейскую віну за ўсе памылкі з транзытам.

Ад 1 ліпеня, калі пачалі дзейнічаць новыя правілы, зь цягнікоў зьнялі 107 грамадзянаў Расеі, якіх вярнулі на тэрыторыю Беларусі, а менавіта на станцыю Гудагай, дзе цяпер стаяць два расейскія вагоны, прызначаныя для затрыманых. Колькі іх цяпер? — спытаўся я начальніцу гэтай станцыі Валянціну Бенахомскую.

(Бенахомская: ) “Тры чалавекі на гэты момант. Ім усім робяцца транзытныя візы, усе яны — жыхары Калінінграду і вяртаюцца дадому. Тут ёсьць консул з Калінінграду, усё гэта робіцца празь Менск, і ўсе яны, калі будуць гатовыя візы, будуць адпраўленыя”.

Супрацоўнік консульскай управы беларускага МЗС Аляксандар Астроўскі распавёў, што з дэпартамэнтам консульскай службы МЗС Расеі гудагайскую сытуацыю не абмяркоўвалі.

(Астроўскі: ) “Мы ў гэтым выпадку ніякіх перамоваў з расейцамі не вялі. Гэта калізія паміж расейскім і літоўскім бакамі. Мы ў ёй практычна ня ўдзельнічаем — проста намагаемся дапамагчы расейскім грамадзянам перажыць гэтую складаную, нечаканую для іх надзвычайную сытуацыю”.

Надзвычайных сытуацыяў у Гудагаі больш ня будзе, кажа начальніца станцыі Валянціна Бенахомская.

(Бенахомская: ) “Калі выдаюць квіткі праз кампутар, кампутар, перш чым даць квіток, задае пытаньне: ці ёсьць транзытная віза празь Літву. То бок білетны касыр, прагледзеўшы, ёсьць віза ці няма, вырашае, ці выдаваць квіток”.

Бяз спрошчанага праязнога дакумэнту альбо літоўскай візы квіток на Калінінград не прададуць. Памежнікі паведамілі супрацоўнікам станцыі Гудагай, што правадніцы вагонаў транзытных цягнікоў яшчэ ў Менску папярэджваюць, што бязь візаў у Літву ня пусьцяць, зазначыла спадарыня Бенахомская.

(Бенахомская: ) “Каб потым не было гэта навіной і ажыятажам — выходзіць у Гудагаі ды абурацца: “Чаму мяне не прапусьцілі?” Таму што, сапраўды, няма візы й ніхто іх не прапусьціць. Трэба, каб адразу выходзілі ў Менску й зьвярталіся ў амбасаду”.

Начальніца станцыі Гудагай сказала таксама, што на гэтых выходных два расейскія вагоны, якія прызначаліся для затрыманых, хутчэй за ўсё, прычэпяць да цягнікоў і накіруюць у Калінінград.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG