Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.ЛУКАШЭНКА ЗАГАДАЎ СТВАРЫЦЬ ГРУПУ ДЛЯ РАСПРАЦОЎКІ НОВАГА ПРАЕКТУ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА АКТУ


Валер Каліноўскі, Менск

Паводле прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, гэты варыянт праекту канстытуцыйнага акту Беларусь прапануе ў тым выпадку, калі расейскі бок не задаволіць праект, распрацаваны супольнай рабочай групай пад кіраўніцтвам Г.Селязьнёва і В.Папова. Новы, чыста беларускі праект, будзе падрыхтаваны ўжо да верасьня, пасьля ён будзе апублікаваны для ўсенароднага абмеркаваньня.

Праект Селязьнёва-Папова фактычна гатовы, але ён не адпавядае Канстытуцыі Беларусі, бо істотная частка паўнамоцтваў паводле яго павінна была б адысьці да так званых саюзных органаў. Як паведаміла прэсавы сакратар А.Лукашэнкі Натальля Пяткевіч, ствараецца беларуская рабочая група, якая выпрацуе новы праект канстытуцыйнага акту, што адлюстроўвае беларускую пазыцыю на далейшае будаўніцтва саюзу. Аляксандар Лукашэнка цьвёрда стаіць на тым, што ў аснове акту павінна ляжаць ранейшая дамова пра стварэньне саюзнай дзяржавы, кажа спадарыня Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “Прынцыпова новага ў параўнаньні зь дзейнай дамовай аб стварэньні саюзнай дзяржавы быць нічога ня можа. Групай будуць кіраваць Вадзім Папоў, які дасканала ведае пазыцыю беларускага боку як сустаршыня дзейнай расейска-беларускай групы, і старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч, які забясьпечыць прадстаўленьне інтарэсаў беларускага боку з гледзішча захаваньня Канстытуцыі і заканадаўства нашай краіны”.

Агаворка пра тое, што новы варыянт праекту канстытуцыйнага акту будзе прадстаўлены ў выпадку, калі ранейшы не спадабаецца расейскаму боку, гэта ўсяго толькі фармальная зачэпка, каб адмовіцца ад ранейшых дамоўленасьцяў, — упэўнены расейскі палітоляг, першы намесьнік дырэктара маскоўскага Цэнтру палітычных тэхналёгіяў Барыс Макаранка.

(Макаранка: ) “Я думаю, што гэта сьведчыць пра тое, што няма такога рэалістычнага праекту, які задавальняў бы беларускі бок. Бо ясна было з самага пачатку, што для Расеі прымальныя два шляхі: аб’яднаньне ў адну дзяржаву, альбо мадэль Эўразьвязу. Беларускае кіраўніцтва цяпер кожны крок на шляху інтэграцыі падвяргае фактычнай рэвізіі. Так што гэта чарговы манэўр, які выклікае эфэкт “дэжа вю”, занадта нудна”.

Вядомы беларускі дыплямат Андрэй Саньнікаў перакананы, што гэта працяг гульні паміж Крамлём і А.Лукашэнкам:

(Саньнікаў: ) “Відавочна, што гэта зноў-такі гульня, зноў-такі спробы выйграць час, як заўсёды гэта робіцца ў Беларусі, каб запусьціць новы сцэнар. Падобна, што гэта сцэнар рэфэрэндуму і падаўжэньня тэрміну знаходжаньня Лукашэнкі пры ўладзе”.

Андрэй Саньнікаў упэўнены, што праекты канстытуцыйнага акту ня маюць нічога супольнага з тым, пра што ідуць рэальныя перамовы паміж афіцыйным Менскам і Крамлём.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG