Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЕЎСКІЯ ГАБРЭІ ЗЬВЯРНУЛІСЯ ПА ДАПАМОГУ Ў НАЦЫЯНАЛЬНЫ СХОД І ДА АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ


Марыя Усьціновіч, Магілеў

Габрэйскія могілкі ў цэнтры Магілеву вядомыя з 18 стагодзьдзя. 25 гадоў таму савецкая ўлада вырашыла выкарыстаць свабодныя плошчы на гэтых могілках і адкрыла іх для пахаваньняў беларусаў ды расейцаў. Месца гэтае прэстыжнае, ахвотнікаў паставіць агароджы, так бы мовіць, “на усю сям’ю” было шмат, і ў выніку, як кажа кіраўнік Магілеўскай гарадзкой габрэйскай грамады Навум Іофэ, былі зьнішчаныя старажытныя помнікі ў гістарычнай частцы могілак. Паводле падлікаў грамады, было зьнішчана каля тысячы магілаў, габрэі сабралі тры мяхі касьцей, потым паставілі агульны помнік сваім продкам і вырашылі змагацца, каб спыніць гэты вандалізм.

Больш за паўтары гады таму магілеўскім габрэям дапамаглі амэрыканскія спонсары. Яны згадзіліся фінансаваць добраўпарадкаваньне габрэйскіх могілак у абмен на абяцаньне не хаваць на касьцях габрэяў. За спонсарскія грошы – некалькі дзесяткаў тысячаў даляраў – на могілках зьявіліся агароджа, брама, варта, тэлефон, электрычнасьць і гэтак далей. Аднак нядаўна амэрыканцы адмовіліся ад праекту, бо тут працягвалі хаваць, так бы мовіць, «па блату», і урэшце ўлада перайменавала могілкі з габрэйскіх у грамадзкія.

Гэта выклікала новы «віток змаганьняў», скаргі паляцелі ва ўсе інстанцыі, і ў выніку старшыня Магілеўскага гарвыканкаму Віктар Шорыкаў забараніў увогуле усе пахаваньні на габрэйскіх могілках.

Ці задаволіла гэта ўрэшце магілеўскіх габрэяў?

Мне распавялі такую гісторыю. Некалькі тыдняў таму памёр паважаны габрэй, і высьветлілася, што толькі кіраўнік гораду можа даць дазвол на ягонае пахаваньне на габрэйскіх могілках. Кіраўніка на месцы не было, і сакратарка прапанавала ўдаве пакінуць заяву і паабяцала адказ у месячны тэрмін. Нябожчыка ўдалося пахаваць толькі з дапамогай аблвыканкаму. Магілеўскія габрэі цяпер жартуюць, што яны запрашалі гарадзкіх чыноўнікаў маліцца, а яны сталі ілбом стукаць аб падлогу.

Ці ёсьць нейкія падставы казаць пра гэты канфлікт вакол Магілеўскіх габрэйскіх могілак як пра міжнацыянальны?

У габрэйскай грамадзе лічаць, што не. Навум Іофэ гаворыць, што канфлікт узьнік з-за некампэтэнтнасьці чыноўнікаў, якія ня ведаюць законаў. Напрыклад, за пахаваньне, дакладней – за зямлю на могілках – у Магілеве бяруць грошы. Прэстыжнае месца на габрэйскіх могілках каштуе 280 тысячаў рублёў, хаця закон, сьцьвярджае спадар Іофэ, абавязвае прадстаўляць месца на могілках бясплатна.

Аднак, перш за усё магілеўскія габрэі патрабуюць ад гарадзкой улады спыніць пахаваньні на касьцях, а таксама разабрацца з самавольнымі пахаваньнямі і захопам зямлі на могілках раз і назаўсёды. «Гэта не міжнацыянальны канфлікт, а звычайны бардак!» – так гавораць пра сытуацыю з могілкамі габрэі і спадзяюцца, што бліжэйшым часам яны змогуць урэгуляваць свае адносіны з магілеўскай «вертыкальлю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG