Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЯБЛЯНАМ, ШТО БЫЛІ ЗАТРЫМАНЫЯ ПАДЧАС АКЦЫІ ПАМЯЦІ БЫКАВА, ДАЛІ СУДОВАЕ ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Віцябляне Барыс Хамайда ды Ян Таўпыга, затрыманыя ў часе жалобнае акцыі, прысьвечанай памяці Васіля Быкава, атрымалі судовае папярэджаньне за несанкцыянаванае пікетаваньне.

Васьмёра віцебскіх сяброў КХП БНФ выйшлі 24 чэрвеня на Пляц Волі з партрэтам пісьменьніка, зборам ягоных твораў, кветкамі ды бел-чырвон-белым сьцягам з чорнаю стужкай. Разам зь імі ўшанаваць памяць Васіля Быкава сабраліся яшчэ некалькі дзясяткаў віцяблянаў, але праз 20 хвілін жалобную акцыю перапынілі міліцыянты. Двух удзельнікаў — Барыса Хамайду ды Яна Таўпыгу, якія трымалі сьцяг ды партрэт, адвезьлі спачатку ў пастарунак, а праз колькі гадзінаў — у суд Кастрычніцкага раёну.

Судовы працэс над імі судзьдзя Жураўкова мусіла распачаць ужо пасьля працоўнага дня. Словы апазыцыянэраў пра тое, што сьмерць Васіля Быкава ёсьць надзвычайнай падзеяй дзеля ўсіх беларусаў, судзьдзя да ўвагі не прыняла, заявіўшы, што, паводле беларускага заканадаўства, ахвотныя ўшанаваць памяць славутага пісьменьніка мусілі зьвярнуцца па дазвол на правядзеньне свае акцыі сама меней як 15 дзён таму. Паколькі затрыманыя гэтага не зрабілі, судзьдзя прызнала жалобную акцыю парушэньнем грамадзкага парадку ды вынесла вырак: судовае папярэджаньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG