Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁВЕ АДКРЫЎСЯ ФЭСТЫВАЛЬ “МАГУТНЫ БОЖА”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Сёньня ў Магілёўскім касьцёле Сьвятога Станіслава пачалося конкурснае праслухоўваньне салістаў-вакалістаў. За прэміі фэстывалю “Магутны Божа” супернічаюць 13 вакалістаў зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Заўтра ў касьцёле пачнецца конкурс і харавых калектываў. Музыка і сьпевы будуць няспынна гучаць у магілёўскім касьцёле пяць фэстывальных дзён.

Магілёўскі фэстываль гэтымі днямі прымае больш за 800 гасьцей з 11 краінаў сьвету, у тым ліку з Польшчы, Нямеччыны, Аўстрыі, Ірляндыі, Злучаных Штатаў Амэрыкі ды іншых.

Журы фэстывалю ўзначальвае народны артыст СССР, прафэсар Віктар Роўда. Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ён выказаў сваё незадавальненьне тым, што сёлета ў журы не запрошаныя беларускія музыказнаўцы Віктар Скарабагатаў і Галіна Каржанеўская, якія стаялі ля вытокаў фэстывалю “Магутны Божа” і шмат гадоў бралі ўдзел у ім. Арганізатары патлумачылі гэта імкненьнем да абнаўленьня і адыходам ад стэрэатыпаў. Цяпер журы скаладаецца з прадстаўнікоў краін-удзельніцаў.

Віктар Роўда наступным чынам абвесьціў мэты журы.

(Роўда: ) “Самае галоўнае — каб была праўда, не крывадушнасьць. Нікуды не сыходзіць ад прамой лініі, тады будзе ўсё добра. Я жадаю посьпеху фэстывалю”.

Сябра журы з Расеі кампазытар Ігар Маціеўскі паведаміў, што харавыя калектывы з Санкт-Пецярбургу і Петразаводзку будуць сьпяваць на фэстывалі па-беларуску.

(Маціеўскі: ) “У салістаў і калектываў, якія прыедуць з-за мяжы, таксама будуць творы беларускай музыкі. Мне падаецца, што для разьвіцьця беларускай музыкі, культуры і мовы гэта вельмі важна”.

Фэстываль “Магутны Божа” традыцыйна захоўвае ідэю экумэнізму. У ім бяруць удзел католікі, праваслаўныя хрысьціяне і пратэстанты. Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт блаславіў фэстываль і будзе браць удзел у заключным канцэрце сьвята духоўнай музыкі, які адбудзецца ў Магілёве ў нядзелю. На фэстываль прыяжджае і амбасадар Ватыкану ў Беларусі Іван Юркавіч.

Ксёндз-пробашч касьцёлу Сьвятога Станіслава Раман Факсіньскі гаворыць, што гэты фэстываль, як і сам гімн “Магутны Божа”, мае для католікаў вялікае значэньне.

(Факсіньскі: ) “Цяпер будні, звычайны дзень, і храм напоўнены людзьмі. Можна сказаць, што людзі на мэдытацыі. Ня толькі таму, што слухаюць музыку. Я бачу на іх тварах, што яны на мэдытацыі, на малітве. Так што “Магутны Божа” мае моц. Гэты фэстываль — фэстываль Бога”.

Сёньня на першым вялікім канцэрце, на ўрачыстым адкрыцьці фэстывалю духоўнай музыкі ягоныя ўдзельнікі, госьці і гледачы разам стоячы засьпяваюць гімн “Магутны Божа”. Гэта традыцыя магілёўскага фэстывалю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG