Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

"Сымбаль веры". 21 чэрвеня

Чарговы выпуск міжканфэсійнай перадачы “Сымбаль Веры” прысьвечаны царкоўнаму этыкету – ці існуюць спэцыяльныя нормы паводзінаў духавенства, ці прытрымліваюцца сучасныя сьвятары этыкету? У перадачы бяруць удзел сьвятар Рускай Аўтаномнай царквы Міхаіл Ардаў з Масквы і сацыёляг рэлігіі Дзьмітры Паграбенка з Салёнікаў. Вядзе выпуск Кастусь Бандарук.


“Па-за тактам”: Наш “Палац” у Францыі (працяг). 21 чэрвеня

Нядаўна група “Палац” брала ўдзел у фэстывалі “У чаканьні Беларусі”, які адбыўся ў Францыі. Перад ад’ездам за мяжу быў выдадзены новы альбом “Сьвяточны”, а зараз “Палац” рыхтуецца да прэм’еры першага ў Беларусі фолк-рок-мюзыкла “Возера”. Пра асаблівасьці новага дыска, гармоній беларускіх песень, пра тое, як можна паставіць у Белаусі мюзыкл, ня маючы на тое сродкаў, лідэр групы Алег Хаменка расказвае ў гутарцы з журналістам Зьміцерам Падбярэскім.


"Праскі акцэнт". 22 чэрвеня

На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка дэзавуяваў дамоўленасьць аб адзіным эмісійным цэнтры пра пераходзе Беларусі на расейскі рубель. Гэтая дамоўленасьць была дасягнутая два тыдні таму падчас перамоваў Лукашэнкі з высокімі прадстаўнікамі расейскага ўраду. На гэтым тыдні таксама зьявіліся паведамленьні пра сакрэтны візыт у ЗША кіраўніка беларускай Акадэміі навук Міхаіла Мясьніковіча, які нібыта прапанаваў палітычную зьдзелку паміж Менскам і Вашынгтонам.

Пра значэньне і магчымыя наступствы гэтых падзеяў у “Праскім акцэнце” разважаюць палітоляг і філёзаф Аляксандар Грыцанаў, галоўны рэдактар газэты “Наша ніва” Андрэй Дынько, расейскі палітоляг Леанід Радзіхоўскі і маскоўскі карэспандэнт часопісу “Newsweek” Крысьціян Кэрыл. Перадачу, якую падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст, слухайце ў нядзелю, 22 чэрвеня.


“Вольная студыя”. 22 чэрвеня

Ад Менску да Крычава — 300 кілямэтраў, чатыры гадзіны на аўтамабілі. Пісьменьнік Віктар Карамазаў едзе па гэтым маршруце цэлы тыдзень, ладзячы па дарозе сустрэчы з чытачамі. Часам такіх сустрэчаў адбываецца да трыццаці: у Бялынічах і Магілёве, Чэрыкаве і Чавусах, у школах і лясгасах. Земляка на радзіме шануюць простыя людзі й ня любіць мясцовае начальства — за тое, што імя вялікага магілёўскага мастака Бялыніцкага-Бірулі не дазваляе выкарыстоўваць у палітычных мэтах... Гутарку зь Віктарам Карамазавым слухайце ў нядзелю ў аўтарскай перадачы Міхася Скоблы “Вольная студыя: новыя словы пра звыклыя рэчы”.


“Паштовая скрынка 111”. 22 чэрвеня

У чарговай праграме “Паштовая скрынка-111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на “Свабоду” Генадзь Бедункевіч зь Берасьця, Раман Зіноўеў з расейскага гораду Іванцееўка Саратаўскай вобласьці, Іван Сідарэвіч зь Менскага раёну і Аляксандар Раманаў з Горадні. У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:

- разважаюць пра тое, чаму замежныя турысты стараюцца не спыняцца ў беларускіх гатэлях;
- выказваюць меркаваньні наконт таго, як магла б разьвівацца Беларусь, калі б прэзыдэнтам у 1994 годзе стаў Вячаслаў Кебіч;
- распавядаюць пра падрыхтоўку ў Пружанах да чарговых усебеларускіх Дажынак;
- дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.


Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG