Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАВА І ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА ПАДПІСАЛІ КАНКАРДАТ


Валер Каліноўскі, Менск

На цырымоніі Генадзь Навіцкі заявіў, што гэта гістарычнае пагадненьне, якое мае на ўвазе сыстэмнае і плянамернае супрацоўніцтва дзяржавы і царквы ды сьведчыць аб прызнаньні “вялізнай ролі праваслаўя” ў Беларусі сярод 26 астатніх канфэсіяў.

Старшыя Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Станіслаў Буко ня выключыў, што дзяржава будзе выдаткоўваць грошы на супольныя з царквой праекты. А Мітрапаліт Філарэт выказаў занепакоенасьць “нэакультамі, што размножыліся на глебе рэлігійнай недасьведчанасці” ды запэўніў, што БПЦ не імкнецца да ролі дзяржаўнай царквы, у “чым яе стала вінавацяць”.

Даручэньне падрыхтаваць так званы канкардат даў сам Аляксандар Лукашэнка пасьля леташняй сустрэчы з сынодам праваслаўнай царквы. Тэкст пагадненьня рыхтаваўся ў тайне, нягледзячы на тое, што ў грамадзтве гучалі пратэсты. Толькі перад падпісаньнем пагадненьня ў Камітэце ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў паведамілі падрабязнасьці зьместу дакумэнта. Гаворыць кіраўнік аддзелу рэлігіяў названага камітэту Аляксандар Калінаў:

(Калінаў: ) “Гэтае пагадненьне ў прынцыпе рамачнае, дзе дзяржава прызнае, што царква зьяўляецца найважнейшым сацыяльным інстытутам, што яе духоўныя і культурныя традыцыі зьяўляюцца гістарычным здабыткам беларускага народу. Зь іншага боку, царква прызнае, што дзяржава застаецца гарантам захаваньня духоўных і культурных традыцыяў беларускага народу, што адносіны зь дзяржавай базуюцца на прынцыпах Сьвятога Пісьма. А канкрэтныя кірункі дзейнасьці ў рамках супрацоўніцтва царквы і дзяржавы будуць вызначацца пэўнымі праграмамі канкрэтных ведамстваў і міністэрстваў”.

Паводле Аляксандра Калінава, на падставе канкардату будуць падпісаныя праграмы супрацоўніцтва праваслаўнай царквы зь міністэрствамі адукацыі, аховы здароўя, унутраных справаў, сацыяльнай абароны, вайсковым ведамствам. Аднак пакуль да ўвядзеньня інстытуту праваслаўных капэлянаў у войску справа ня дойдзе, як і да абавязковага вывучэньня праваслаўнай рэлігіі ў школах, — супакойваюць у Камітэце ў справах рэлігіяў. Гэта толькі пачатак супрацоўніцтва з праваслаўнай царквой, кажа спадар Калінаў.

Ягоны начальнік намесьнік старшыні камітэту Ўладзімер Ламека заяўляе, што гэтае пагадненьне ніяк ня зьменіць сьвецкага характару беларускай дзяржавы. Аднак прадстаўнікі рэлігійных меншасьцяў занепакоеныя гэтым канкардатам, які, на іхную думку, прывядзе да іх уціску. Гаворыць біскуп Саюзу Хрысьціянаў Веры Эвагельскай Сяргей Хоміч:

(Хоміч: ) “Мы з напружанасьцю чакаем, разумеем, што такое пагадненьне паміж асобнай канфэсіяй і нават не міністэрствамі, а ў цэлым дзяржавай, адназначна будзе фактарам уціску на іншыя канфэсіі, будзе ствараць напружанасьць ва ўзаемаадносінах. Калі ты не прасваслаўны, то табе нельга будзе тое і гэтае. Гэта дакладна адсочваецца з моманту прыняцьця новага закону аб свабодзе веравызнаньня. Такім чынам нас хочуць загнаць толькі ў нашыя культавыя будынкі”.

Сяргей Хоміч мяркуе, што ягоны саюз таксама хацеў бы заключыць дамову зь дзяржавай і ўклад пяцідзясятнікаў у маральнае выхаваньне грамадзтва быў бы ня меншы, прынамсі, яны агітуюць за цьвярозы лад жыцьця. А пры той жа праваслаўнай царкве існуе фірма “Дыяконія”, што гандлюе сьпіртовымі напоямі. Тым ня менш, прадстаўнікі меншасьцяў ня могуць у сучасных умовах разьлічваць на шчыльнае супрацоўніцтва зь дзяржавай, пытаньне аб падпісаньні канкардату зь іншымі канфэсіямі не стаіць на парадку дня, — паведамілі ў Камітэце ў справах рэлігіяў і нацынальнасьцяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG