Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЭНТРАЛЬНЫ РАЁННЫ СУД МЕНСКУ АМНІСТАВАЎ БЫЛОГА ДЫРЭКТАРА АБ’ЯДНАНЬНЯ “АТЛЯНТ” ЛЕАНІДА КАЛУГІНА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Леанід Калугін дамагаўся апраўданьня паводле ўсіх абвінавачаньняў. А гэта злоўжываньне ўладай з нанясеньнем стратаў прадпрыемству, невяртаньне валюты з-за мяжы і незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць. Былы дырэктар “Атлянту” заяўляў, што ні ў чым не вінаваты і патрабаваў апраўданьня. Аднак суд пайшоў іншым шляхам — тым, які быў падказаны пракурорам.

Суд вынес пастанову аб закрыцьці крымінальнай справы Леаніда Калугіна на падставе амністыі. Гэтае рашэньне Леанід Калугін можа абскардзіць у адведзены законам тэрмін, патлумачыла судзьдзя Алена Ільіна. Ці будзе пададзеная скарга, на гэты конт Леанід Калугін журналістам нічога не сказаў. Ён увогуле адмовіўся размаўляць з журналістамі й нешта камэнтаваць. Ня надта гаваркім быў і ягоны адвакат Аляксандар Пыльчанка:

(Пыльчанка: ) “Прысуд ня вынесены, а вынесеная пастанова аб прыпыненьні справы паводле амністыі. Гэта розныя рэчы. Мы ж чакалі, што будзе апраўдальны прысуд”.

Аляксандар Пыльчанка пакуль ня можа сказаць, ці будзе Калугін абскарджваць рашэньне суду. “Трэба параіцца з кліентам, гэта найперш ягоны выбар”, — сказаў адвакат. Ён патлумачыў, што сёньняшняе рашэньне суду не ўскладае на Калугіна ніякай матрэыяльнай адказнасьці й здымае зь яго падпіску аб нявыезьдзе, таксама ён не пазбаўлены права займаць кіроўныя пасады.

Нагадаю, арышт Леаніда Калугіна пры канцы 2001 году стаў першым у шэрагу справаў кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў. Пасьля Калугіна быў арыштаваны дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў, потым іншыя вядомыя гаспадарнікі, у тым ліку прэзыдэнт канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Віктар Казека. Апошні ўжо асуджаны, ён атрымаў 12 гадоў за хабарніцтва. Міхаіла Лявонава яшчэ судзяць, яму пагражае шматгадовае зьняволеньне.

А вось Леаніду Калугіну пашчасьціла — ён застаўся на свабодзе. Дарэчы, ягоныя сваякі й калегі, якіх шмат сёньня прысутнічала ў судзе, на адзін голас кажуць, што інакш і не магло быць, бо Леанід Калугін не даваў падставаў падазраваць яго ў прысабечваньні грошаў ці маёмасьці. Сьціплы стыль жыцьця Калугіна пацьвердзіў і ягоны адвакат, які бываў у кватэры былога дырэктара “Атлянту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG