Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАЗГЛЯД ЗАКОНУ АБ НАЦЫЯНАЛЬНЫМ СХОДЗЕ ПЕРАНЕСЬЛІ НА НЯВЫЗНАЧАНЫ ТЭРМІН


Уладзімер Глод, Менск

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў і старшыня пастаяннай парлямэнцкай камісіі ў справах дзяржаўнага будаўніцтва, мясцовага самакіраваньня і рэглямэнту Міхаіл Сасонка паведамілі журналістам: перанос даты разгляду зьвязаны з тым, што да законапраекту паступіла дэпутацкая папраўка, якая патрабуе дадатковага фінансаваньня. Яна накіраваная на ўзгадненьне ў адміністрацыю прэзыдэнта. І толькі пасьля адказу кіраўніка дзяржавы законапраект будзе разгледжаны Палатай прадстаўнікоў. І кіраўнік Палаты, і старшыня камісіі так і не сказалі, у чым сутнасьць прапановы.

Дэпутат Уладзімер Навасяд лічыць, што кіраўніцтва Палаты спасылаецца на ягоную сумесную з дэпутатам Пашкевічам прапанову:

(Навасяд: ) “Гэта ўтварэньне Нацыянальнага цэнтру законапраектнай працы пры парлямэнце. Я мяркую так, што гэта якраз і ёсьць цэнтар. І нават утварэньне самастойнай бугальтэрыі ў парлямэнце”.

Тут патрэбныя пэўныя тлумачэньні. Да гэтага часу Нацыянальны сход ня мае ўласнай установы, якая займалася б распрацоўкай законаў, іхным абгрунтаваньнем, параўнальным аналізам і г.д. Усе дакумэнты парлямэнту праходзяць праз законапректны цэнтар пры прэзыдэнце. Што тычыцца бугальтэрыі, то намінальна яна ў парлямэнце існуе, але ўсё фінансава-матэрыяльнае забесьпячэньне дэпутатаў ажыцьцяўляе Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта.

Дэпутат Іван Пашкевіч гаворыць, што дадатковае фінансаваньне гэта толькі нагода:

(Пашкевіч: ) “Я лічу, што гэта проста нежаданьне гэты закон разглядаць. Гэта асноўная прычына. У нас унесена 45 паправак. У аднаго мяне 18. Усе папраўкі, якія ўнес я, накіраваныя на рэальнае пашырэньне паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу”.

Спадар Навасяд ня верыць у тое, што новы закон будзе ўхвалены:

(Навасяд: ) “Ён увогуле не патрэбны гэтаму парлямэнту. Як можна працаваць далей? Нават рэглямэнт зьмяніць у лепшы бок немагчыма”.

Цяпер дэпутаты задаюцца пытаньнем, ці пасьпеюць яны зноў вярнуцца да гэтага закону да завяршэньня сэсіі, якая мусіць скончыцца 30 чэрвеня. Між тым, на наступны тыдзень плянарныя паседжаньні не плянуюцца — вялікая колькасьць дэпутатаў выяжджае ў Санкт-Пецербург на паседжаньні парлямэнтароў у рамках СНД і ЭўраАзЭС.

Спадар Пашкевіч ня верыць, што закон патрэбны кіраўніцтву краіны:

(Пашкевіч: ) “Мой прагноз, што гэтае пытаньне ня будзе разгледжанае. З той прычыны, што любая папраўка ператвараецца ў палітычнае абмеркаваньне гэтага дакумэнту”.

Кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец зьвязвае з гэтым законам магчымае паскарэньне тэмпаў інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць.

(Скрабец: ) “Міжнародныя арганізацыі зацікаўленыя палітычным працэсам, які праходзіць у Беларусі. Калі б гэты закон быў прыняты, то можна было б спадзявацца, што наша Радзіма хутчэй прыдзе да Эўропы. Можна сказаць, што тэмпы беларуска-эўрапейскай супольнасьці маглі б быць паскораныя, алу тут усё залежыць ад Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG