Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АСАМБЛЕЯ ДЭПУТАТАЎ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ: ХТО СТАІЦЬ ЗА ЁЙ?


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Ідэя аб’яднаньня дэпутатаў мясцовых саветаў, якія пазыцыянюць сябе дэмакратамі, нарадзілася адразу пасьля выбараў. Сярод тых, хто браў актыўны ўдзел у яе ажыцьцяўленьні, — Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Міхаіл Пліска, Аляксандар Жучкоў і іншыя, хто некалі ствараў першыя дэмакратычныя дэпутацкія фракцыі ва ўмовах развалу партыйнай дыктатуры. Тады яны здолелі зарэкамэндаваць сябе ўплывовай сілай. Амаль праз 13 гадоў досьвед запатрабаваны ізноў. Чым выкліканы гэты крок? Вось што думаюць удзельнікі сходу. Сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “Я лічу, што сёньня адбываецца вельмі важная падзея, таму што дэпутаты мясцовых саветаў заўсёды разьяднаныя. А сёньня ёсьць спроба аб’яднаць іхныя намаганьні. Дзеля чаго? Каб вырашыць агульныя для Беларусі праблемы. Вельмі важна, што дэпутаты кажуць не пра тое, што іх разьядноўвае”.

Спадарыня Скрыган мела на ўвазе розную партыйную, ідэалягічную скіраванасьць удзельнікаў сустрэчы. Але да яе нават дэпутаты-аднадумцы амаль ня мелі мажлівасьці сустракацца, абмяркоўваць надзённае. Вось фрагмэнт размовы зь Юрасём Глушаковым, які прадстаўляў на сходзе ня толькі Гомельскі гарсавет, але й адну зь вядомых у Беларусі грамадзкіх структураў.

(Карэспандэнт: ) “Юрась, ваш рух называецца “Разам”: вы дагэтуль зь нейкімі калегамі-дэпутатамі кантактавалі?”

(Глушакоў: ) “Так, у нас ёсьць пэўныя сувязі з дэпутатамі іншых рэгіёнаў, у тым ліку Віцебску, з кандыдатамі ў дэпутаты па Горадні”.

Але спадар Глушакоў лічыць, што неабходнага ўзаемадзеяньня ўсё ж не стае нават найбольш актыўным, кантактным прадстаўнікам “блізкае ўлады”. Таму адзін з экспэртаў міжрэгіянальнай групы ў пытаньнях мясцовага самакіраваньня Іван Анташкевіч сказаў наступнае:

(Анташкевіч: ) “Яны знаходзяцца ў адзіноцтве, альбо ў малой колькасьці ў сваіх райгарсаветах, і адсюль у іх ёсьць цяга да аб’яднаньня. Я думаю, гэта ключавое”.

Размову працягвае спадар Глушакоў:

(Глушакоў: ) “Наогул ідэя аб’яднаньня незалежных дэпутатаў рознага ўзроўню — ідэя вельмі станоўчая. Але пажадана, каб ад нейкіх абстракцыяў мы адразу перайшлі да канкрэтыкі. Маю на ўвазе тую сацыяльную праблематыку, якая хвалюе выбарцаў. На мой погляд, гэта перш за ўсё рэформа ЖКГ. Дакладней, вельмі радыкальнае падвышэньне тарыфаў на камунальныя паслугі.

І я лічу, што мы павінны адразу ж стварыць нейкі каардынацыйны орган, каб займацца тым жа маніторынгам сытуацыі на месцах, каб да восені, калі — я ўпэўнены — адбудзецца чарговае падвышэньне камунальных плацяжоў, мы б здолелі прапанаваць людзям канкрэтны плян дзеяньняў”.

Ідэя каардынацыі асамблеяй надзённых для выбарцаў і дэпутатаў сацыяльна значных акцыяў атрымала агульную падтрымку. У заяве ўдзельнікаў сходу было сказана, што дэпутаты аб’яднаюць свае намаганьні найперш дзеля наладжваньня галоснага кантролю за разьмеркаваньнем і выкарыстаньнем сродкаў мясцовых бюджэтаў, абгрунтаванасьцю платных паслугаў, росту цэнаў і тарыфаў у такіх жыцьцёва важных сфэрах як мэдыцына і камунальная гаспадарка. Вось як камэнтуе гэты намер экспэрт групы Іван Анташкевіч:

(Анташкевіч: ) “Людзі сёньня ўзбуджаныя падвышанымі тарыфамі. І палова пытаньняў ад выбарцаў ідзе менавіта па лініі ЖКГ. У той жа час гэтыя праблемы настолькі складаныя, невырашальныя, што дэпутаты не атрымліваюць адказаў, якія б задавальнялі іхных выбарцаў. Праблемы жыхароў не вырашаюцца”.

(Карэспандэнт: ) “Па-другое, яны ж кепска ведаюць гэтыя праблемы, бо мала адмыслоўцаў, якія б ведалі, што да чаго ды што на што завязана”.

(Анташкевіч: ) “Веды тут трэба мець больш багатыя, чым нейкія проста галіновыя. Ім важнае стварэньне якраз кансультацыйнага цэнтру, які б даваў неабходныя рэкамэндацыі”.

Пачатак стварэньня гэтага цэнтру быў пакладзены ўжо ў пэрыяд падрыхтоўкі да ўстаноўчага сходу. Так, на просьбу дэпутатаў зь Вялейкі экспэрт групы Міхаіл Пліска распрацаваў праект рэглямэнту для райсавету, які і быў прыняты сэсіяй. Вялікую цікавасьць выклікала выступленьне на сходзе спадара Анташкевіча, аднаго зь вядучых адмыслоўцаў у Беларусі ў пытаньнях жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Ейная праблематыка аднолькава актуальная ва ўсіх рэгіёнах. Чаму? Вось што кажа экспэрт:

(Анташкевіч: ) “Першае — гэта ўтрыманьне. Яно манапольнае, недастатковае па грошах. Нягледзячы на тое, што кватэрныя плацяжы высокія, яны недастатковыя для абслугоўваньня. Другое пытаньне — капітальны рамонт жыльля. Лічыцца, што недарамонт па краіне складае 240 гадоў, а па маіх падліках — дык увогуле 700, хоць дастаткова і ста гадоў, каб зразумець: гэта за разумнымі межамі жыцьця.

Вось і падаюць бальконы, казыркі, з-за кепскіх інжынэрных камунікацыяў няма гарачай вады. І трэцяе — эканамічныя катэгорыі. Тарыфы непазьбежна растуць, і іх ня спыніць Аляксандар Рыгоравіч, бо гэта аб’ектыўная патрэба эканомікі”.

(Карэспандэнт: ) “Адзін з удзельнікаў сёньняшняй размовы казаў пра тое, што трэба разам скаардынаваць рэспубліканскую акцыю, каб спыніць рост камунальных плацяжоў. Ці гэта рэальна, неабходна, ці гэта вартая падтрымкі справа, або проста блеф, гучны лёзунг, за якім няма рэальнага зьместу?”

(Анташкевіч: ) “Я думаю, што такую акцыю ня варта праводзіць. Больш важна аб’ядноўваць людзей па месцы пражываньня, якія самі па сабе — бяз партыяў, без улады, без апазыцыі вылучаюць актывістаў. Вось іх неабходна вучыць. Каб на нейкіх лякальных акцыях яны адчулі посьпех сваіх сумесных дзеяньняў. Гэта больш верны шлях, чым аднаразовая акцыя-страйк. Бо прычына ж не ў тарыфах. Прычына палітычная, а потым эканамічная. Прычына ў курсе, які праводзіцца ў нашай краіне”.

Наступным вострым пытаньнем, якое выклікала зацікаўленасьць ва ўдзельнікаў сходу, стала мэдыцына і адукацыя. Больш дакладна — лёс гарантаваных канстытуцыяй краіны правоў грамадзянаў на бясплатнае лячэньне й вучобу ў інстытах, унівэрсытэтах. Слова спадарыні Скрыган:

(Скрыган: ) “Сёньня мы гэтыя правы страцілі й павінны іх дабівацца, не саромецца казаць пра тое, што канстытуцыя не выконваецца”.

(Карэспандэнт: ) “А што гарант канстытуцыі?”

(Скрыган: ) “А гарант якраз гаворыць пра тое, каб парушаць яе. У канстытуцыі запісана пра бясплатнае лячэньне ў мэдычных установах, гарант жа патрабуе 35% платных паслугаў”.

(Карэспандэнт: ) “Дазвольце вас перапыніць. Зараз гарант выступаў і казаў, што ён не дазволіць, каб паступалі па знаёмстве, ён не дазволіць, каб прыйшлі левыя, што называецца, людзі — ён будзе старацца, імкнуцца, намагацца, каб толькі па ведах, толькі праз звычайны сумленны конкурс прайшлі маладыя людзі й атрымалі вышэйшую адукацыю”.

(Скрыган: ) “Зноў жа, згодна з нашай канстытуцыяй кожны чалавек мае права атрымаць на конкурснай аснове неабходную яму адукацыю. Але гэта канстытуцыйнае права таксама не выконваецца. На сёньня 50% месцаў ва ўстановах дзяржаўнай адукацыі платныя. Чалавек, які мае больш грошай, ён і можа паступіць”.

(Карэспандэнт: ) “А якім чынам, нават аб’яднаўшы свае намаганьні, могуць дапамагчы дэпутаты мясцовых саветаў вырашыць гэта надзвычай вострае, складанае і актуальнае пытаньне?”

(Скрыган: ) “Калі дэпутаты мясцовых саветаў будуць дабівацца ўнясеньня зьменаў у Выбарчы кодэкс — а гэта сёньня вызначана адной з мэтаў, каб яны распавялі пра гэта сваім выбарцам, а тыя ў сваю чаргу паўплывалі на сваіх дэпутатаў з Палаты прадстаўнікоў знайсьці ў сабе сілы, сьмеласьць, рашучасьць прагаласаваць за гэтыя зьмены. Вось тады й магчыма правесьці ў краіне свабодныя справядлівыя выбары. Вось як можна вырашыць гэтыя глябальныя праблемы”.

(Карэспандэнт: ) “Як я зразумеў, размова ідзе пра тое, што дэпутаты мясцовых саветаў сумеснымі намаганьнямі могуць абудзіць грамадзкую думку і тым самым паўплываць на выканаўчую ўладу”.

(Скрыган: ) “Яны змогуць вельмі шмат зрабіць дзеля таго, каб на выбарах у Палату прадстаўнікоў людзі падтрымалі тых кандыдатаў, за якіх будуць агітаваць дэпутаты мясцовых саветаў”.

За звышзадачу была пастаўленая мэта — дабіцца, каб пасьля наступных выбараў кожны чацьверты дэпутат Палаты прадстаўнікоў быў прадстаўніком дэмблёку. У зьвязку з гэтым абмяркоўвалася і пытаньне сумеснай працы новастворанага дэпутацкага аб’яднаньня з парлямэнцкай групай “Рэспубліка”, ад імя якой выступаў Сяргей Скрабец. Праблема не такая простая, як падаецца на першы погляд. Вось што кажа адзін з арганізатараў сходу Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Гэта вельмі важнае пытаньне — якім будзе мэханізм узаемадзеяньня. Самае галоўнае — абысьціся без галоўнакамандуючага. І мы прынцыпова выступаем супраць стварэньня нейкай вэртыкалі, нават з дэпутацкага корпусу”.

(Карэспандэнт: ) “Маецца на ўвазе група “Рэспубліка”, якая таксама прысутнічала тут?”

(Лябедзька: ) “Так. Я думаю, ідэя дэпутацкай вэртыкалі ня самая лепшая. Бо на гэтым мерапрыемстве сабраліся дэпутаты розных узроўняў. І калі сказаць, што “Рэспубліка” — самы высокі ўзровень дэпутацтва, то нібыта прызнаць, што ёсьць розныя дэпутаты — лепшыя і горшыя... Самы аптымальны мэханізм узаемадзеяньня — супрацоўніцтва й партнэрства. І такі мэханізм ёсьць. Ёсьць прапанова падпісаць пагадненьне паміж групай, якая аб’ядноўвае дэпутатаў мясцовых саветаў, і групай “Рэспубліка”. Гэта азначае, што два роўныя суб’екты падпісваюць пагадненьне, знаходзяць кропкі, дзе перасякаюцца іхныя інтарэсы і супрацоўнічаюць”.

Не абышоў сход і праблему ўзаемадзеяньня з тымі апазыцыйнымі партыямі, якія фактычна стаялі ля вытокаў стварэньня міжрэгіянальнай групы. Дарэчы, большасьць яе ўдзельнікаў зьяўляюцца сябрамі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі камуністаў Беларускай, сацыял-дэмакратамі. Разважае адзін з ініцыятараў дэпутацкай сустрэчы дэпутат Жлобінскага гарсавету спадар Афанасьеў:

(Афанасьеў: ) “Людзі, якія прыйшлі ў мясцовыя саветы, яны прыйшлі туды адмыслова. Яны ведаюць, чаго ішлі, што трэба рабіць і з кім трэба супрацоўнічаць. Было вельмі прыемна назіраць, калі прадстаўнікі Беларускага Народнага Фронту і ПКБ пры абмеркаваньні розных дакумэнтаў знаходзілі адзінства”.

(Карэспандэнт: ) “Калі казаць пра адзінства, дык нельга не ўзгадаць пра тое, што ведаюць усе — вы нібыта не знайшлі кантакту падчас араганізацыйнага пэрыяду з сацыял-дэмакратамі. Так гэта або не?”

(Афанасьеў: ) “Нейкія праблемы ўзьнікалі. Але нам удалосья зьняць іх на ўзроўні часткі дэпутатаў мясцовых саветаў, якія сёньня прыехалі сюды і бяруць удзел у нашым мерапрыемстве. Ну а калі ёсьць рознагалосьсі паміж партыйнымі кіраўнікамі, то я думаю, што прыклад БНФ і ПКБ спатрэбіцца ў будучым пры вырашэньні гэтай праблемы”.

(Карэспандэнт: ) “Мне падаецца вельмі цікавым тое, што нягледзячы на адсутнасьць агульнай мовы паміж кіраўнікамі партыяў, дэпутаты-партыйцы стаяць вышэй партыйных амбіцыяў і вылучаюць на першае месца, аддаюць прыярытэт дэпутацкаму клопату, дэпутацкай справе і прымаюць нейкія самастойныя рашэньні”.

(Афанасьеў: ) “Згодзен! Згодзен з вамі, бо людзі вырашаюць тыя праблемы, якія паставіла перад імі грамадзтва і іхныя выбарцы. І ў меншай ступені гэта партыйныя праблемы. Як яны іх вырашаць — ад гэтага будзе залежаць іхная партыйная будучыня”.

А як зрэагавалі на жаданьне дэпутатаў выйсьці з-пад партыйнага кантролю лідэры партыяў? Размаўляю са спадаром Лябедзькам:

(Карэспандэнт: ) “Як спалучаюцца партыйнае і дэпутацкае: хто будзе за кім, ці зьявяцца тут рулявыя?”

(Лябедзька:) “Ініцыятыва павінна заставацца за дэпутатамі. У іх могуць быць свае лідэры — існуе Каардынацыйная рада, якая зоймецца арганізацыйнымі пытаньнямі. Таму мы ня ставім сваёй задачай кіраваць гэтым працэсам. Наша задача — дапамагчы дзейнасьці гэтай групы. Калі будзе эфэктыўная праца, то будзе павялічвацца колькасьць мясцовых дэпутатаў. Вось дзе партыйны інтарэс: чым больш будзе дэпутатаў з дэмакратычнымі поглядамі ў рэгіёнах, тым лягчэй працаваць партыям”.

(Карэспандэнт: ) “Ці праўда, што былі рознагалосьсі падчас кансультацыяў лідэраў партыяў са спадаром Статкевічам?”

(Лябедзька: ) “Гэта з самага пачатку быў сумесны праект, які віталі ўсе дэмакратычныя партыі, што маюць сваіх дэпутатаў. Былі дасягнутыя дамоўленасьці: мы падтрымліваем гэтую ідэю, але ў апошні момант кіраўніцтва “Грамады” вырашыла ня браць удзелу ў мерапрыемстве. Я думаю, усё ж гэта часовая зьява”.

(Карэспандэнт: ) “Яны маюць такое права”.

(Лябедзька: ) “Яны маюць права, але мяркую, што гэта рашэньне было якраз партыйным. Самі дэпутаты — дэпутаты з рэгіёнаў, яны зацікаўленыя ў тым, каб аб’ядноўваць свае намаганьні й выступаць кансалідавана са сваімі калегамі. Дарэчы, у рэглямэнт закладзеная норма, што ў Каардынацыйную раду ўваходзяць пяць чалавек. І адно месца рэзэрвавалася менавіта для прадстаўнікоў партыі Статкевіча”.

(Карэспандэнт: ) “Яно засталося?”

(Лябедзька: ) “Яно засталося, і дэпутаты выступаюць за тое, каб такую вакансію пакідаць з разьлікам, што гэты працэс ня можа спыняцца”.

Такім чынам, мы сталі сьведкамі аб’яднаньня дзейных палітычных сілаў у рэальным палітычным фармаце. Асамблея дэпутатаў мясцовых саветаў пачала працаваць. У яе ёсьць сябры —дэмакратычныя партыі, парлямэнцкая група “Рэспубліка”, шэраг няўрадавых грамадзкіх структураў, і няма нейкага ценявога патранажу. Бо кіруецца асамблея інтарэсамі выбарцаў з усяе краіны, чые інтарэсы, правы й абараняюць дэмакратычныя дэпутаты мясцовых саветаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG