Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ПАДПІШУЦЬ З ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВОЙ КАНКАРДАТ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пра тое, што дзяржава падпіша з Праваслаўнай царквой адмысловы канкардат, Аляксандар Лукашэнка заявіў яшчэ мінулай восеньню, калі наведваў менскі Дом міласэрнасьці. Пасьля яшчэ раз падцьвердзіў свой намер падчас каляднай багаслужбы ў царкве. І вось цяпер пагадненьне гатовае.

Адзін з аўтараў гэтага дакумэнту, рэфэрэнт па юрыдычных пытаньнях Менскай эпархіяльнай управы Андрэй Алешка не хавае, што гэтае пагадненьне надае вялікія прэфэрэнцыі Праваслаўнай царкве. Галоўная мэта пагадненьня – прасоўваць наперад царкоўна-дзяржаўнае супрацоўніцтва.

Цяпер прадстаўнікам Праваслаўнай царквы будзе адкрыты шырокі доступ у навучальныя ўстановы, армію, шпіталі, месцы зьняволеньня. Акрамя гэтага, пагадненьне прадугледжвае дзяржаўную дапамогу ў справе рэстаўрацыі ды ўтрыманьня храмаў-помнікаў архітэктуры, а таксама прадастаўленьне Царкве падаткавых ды іншых ільготаў.

Андрэй Алешка сьцвярджае, што льготы будуць атрымлівацца толькі пад канкрэтныя праекты. На ягоную думку, пагадненьне цалкам адпавядае Закону аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях і ня мае дыскрымінаыйнага характару ў адносінах да іншых канфэсіяў.

Супрацоўнік Беларускага экзархату адказны за адносіны са СМІ архімандрыт Аляксей Шынкевіч, лічыць гэтае пагадненьне вельмі сваечасовым:

(Шынкевіч: ) "Калі мы зьвернемся да досьведу іншых краінаў, то дзяржава самым актыўным чынам падтрымлівае жыцьцё Царквы, асноўных канфэсіяў. І я лічу, што гэта неабходна, бо царква сёньня ў матэрыяльным пляне слабая. І законы такія дзейнічаюць, што Царкве наагул няма ад каго чакаць грошай. А нашыя прыхаджане – людзі вельмі бедныя, мы Царква вельмі бедных людзей".

На думку архімандрыта, канкардат не прывядзе да міжканфэсійнай напружанасьці ў грамадзтве і не абмяжуе правы іншых Цэркваў і дэнамінацыяў.

А вось кіраўнік цэнтру па праблемах эўраінтэграцыі пры Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, палітоляг Юры Шаўцоў лічыць, што любая спроба надаць дзяржаве рэлігійны характар можа прывесьці да сур'ёзнай напружанасьці ў грамадзтве:

(Шаўцоў: ) "Я думаю, што наша дзяржава павінна быць сьвецкай. І калі ў нас будзе нейкім чынам парушаны гэты чыньнік, калі дзяржава будзе станавіцца ня сьвецкай, нейкай іншай, гэта будзе весьці да дэстабілізацыі ў грамадзтве. Калі казаць пра прынцып, то любое парушэньне сьвецкага характару нашага грамадзтва й дзяржавы – яно прывядзе да шэрагу канфліктаў. Калі не канфліктаў, дык напружанасьцяў. І міжканфэсійнае супрацьстаяньне будзе толькі часткай сыстэмы напружанасьцяў, якая можа паўстаць у любым выпадку".

Палітоляг, аднак, сумняецца, што Беларусь неўзабаве страціць сьвецкі характар дзяржаўнай улады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG