Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД ПРАПАНАВАЎ УПРАВЕ ЮСТЫЦЫІ ПАМІРЫЦЦА З “ГРАМАДЗЯНСКІМІ ІНІЦЫЯТЫВАМІ”


Казімер Яноўскі, Гомель

Суд у справе ліквідацыі “Грамадзянскіх ініцыятываў”, як мяркуюць назіральнікі, на просьбу пазоўніка быў перанесены з траўня на чэрвень з прычыны прыезду ў абласны цэнтар спэцыяльнай групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Аднак і сёньня судовая зала не магла зьмясьціць прыхільнікаў “Грамадзянскіх ініцыятываў”, якія прыехалі з Мазыра, Рагачову, Рэчыцы, Жлобіну ды іншых месцаў. Прыслалі сваіх прадстаўнікоў на суд менскі офіс АБСЭ, амбасада ЗША ў Беларусі, шэраг праваабарончых арганізацыяў.

Супрацоўнікі ўправы юстыцыі Сяргей Новікаў і Кацярына Марозава адхілілі прапанову судзьдзі Алены Краўчанкі заключыць з “Ініцыятывамі” міравое пагадненьне. Яны ў поўным аб’ёме падтрымалі пазоўныя патрабаваньні і папрасілі зьліквідаваць грамадзкае аб’яднаньне, якое мае свае структуры ў 14 раёнах і налічвае больш за 400 сяброў.

Прэтэнзіі ўправы юстыцыі зноў зводзіліся да агульных абвінавачаньняў у парушэньні дэкрэту №8 у частцы выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі, накіраваньні на выбары ў мясцовыя саветы назіральнікаў, якія ня ёсьць сябрамі “Ініцыятываў”, выданьні інфармацыйнага бюлетэня, які нібыта павінен быць зарэгістраваны як сродак масавай інфармацыі. Спэцыяліст управы юстыцыі Новікаў паставіў у віну “Ініцыятывам” нават тое, што праўленьне арганізацыі прымала зварот да іншых грамадзкіх арганізацыяў, мас-мэдыяў, АБСЭ і замежных амбасадаў і выказвала незадавальненьне цяперашнім беларускім рэжымам.

Вось што кажа наконт аргумэнтацыі супрацоўнікамі ўправы юстыцыі парушэньняў прадстаўнік Магілёўскай філіі праваабарончага цэнтру “Вясна”, журналіст Генадзь Суднік:

(Суднік: ) “Такое ўражаньне, што ў краіне ідзе “зачыстка” ўсяго грамадзкага поля, а ня толькі інфармацыйнага. І калі ў дадзеным выпадку ўправа юстыцыі дазваляе сабе зьяўляцца ў суд з такімі прэтэнзіямі і з такімі доказамі, гэта выклікае здзіўленьне”.

Адносна сёньняшняга разбіральніцтва ў судзе выказаўся і старшыня “Грамадзянскіх ініцыятываў” Віктар Карнеенка.

(Карнеенка: ) “Мы мелі магчымасьць задаць пытаньні, таму што нічога новага ў аргумэнтацыі не зьявілася. Мы – рэалісты, і ведаем, чым скончыцца гэты працэс. Але мы хацелі паказаць яго абсурднасьць. Абсалютная некампэтэнтнасьць супрацоўнікаў управы юстыцыі, спроба судзьдзі і пракурора дапамагчы выйсьці з гэтага крызысу. Напісана шмат, а патлумачыць ня могуць. Адбываецца вось што. Управа юстыцыі назьбірала нейкіх папераў, якія, паводле іх лёгікі, зьяўляюцца доказамі. Хто рыхтаваў для іх гэтыя паперы? Мы так і ня высьветлілі, якая кантора рыхтуе гэтыя паперы. Усе абвінавачаньні грунтуюцца на домыслах”.

Заўтра а 10-й гадзіне раніцы суд адновіць працу. Чакаецца, што выступіць прадстаўнік пракуратуры, і пасьля гэтага судзьдзя Краўчанка вынесе рашэньне адносна лёсу “Грамадзянскіх ініцыятываў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG