Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЁС КАМЭРЦЫЙНЫХ ШАПІКАЎ У МЕНСКУ ЗАСТАЕЦЦА НЯПЭЎНЫМ


Юлія Шарова, Менск

Згодна з рашэньнем Менгарвыканкаму, прынятым у пачатку мінулага году, сёлета да 1 ліпеня ўсе камэрцыйныя шапікі трэба зачыніць. Мясцовыя ўлады спадзяваліся на тое, што ўсяго за паўтара года ў Менску зьявяцца гіпэрмаркеты і дробнарозьнічны гандаль стане гораду непатрэбны. Але за гэты час ніводны гіпэрмаркет не адчыніўся. Хіба толькі восеньню пачне працаваць такі гандлёвы цэнтар у мікрараёне Малінаўка. Будуецца яшчэ сем гіпэрмаркетаў, але тэрміны іх узьвядзеньня яшчэ невядомыя.

На сёньняшні дзень у Менску засталося каля 1.800 камэрцыйных шапікаў ды ятак. У цэнтры гораду іх практычна няма, у скрайнім выпадку шапікі стаяць у непрыкметных месцах. Але ж згодна з рашэньнем чыноўнікаў, павінны былі зьнікнуць і яны, бо такія гандлёвыя аб’екты, па думку прадстаўнікоў мэрыі, псуюць выгляд сталічных вуліц. Разам з тым, у сталічнай мэрыі пачалі абмяркоўваць магчымасьць пакінуць камэрцыйныя шапікі яшчэ на некаторы час. Некаторыя неафіцыйныя крыніцы нават сьцьвярджалі, быццам прадпрымальнікам дазволяць працаваць яшчэ сама меней паўгады.

Ва ўпраўленьні прадпрымальніцтва Менгарвыканкаму распавядаць пра праект рашэньня, які амаль два тыдні таму трапіў на стол да мэры. Як сказаў мне начальнік упраўленьня Аляксандар Каліноўскі, “гарвыканкам – гэта орган калегіяльны”, таму абмяркоўваць праекты яго рашэньняў ён асабіста ня можа. Трэба сказаць, што прыняцьцё новага дакумэнта, які расставіў бы кропкі над “і” ў праблеме кіяскёраў, увесь час адцягваецца.

Між тым вядома, што аднімістрацыі раёнаў Менску, не чакаючы новага рашэньня наконт шапікаў, імкнуцца выканаць старое, прынятае летась. Паводле зьвестак Беларускага саюза прадпрымальнікаў, толькі за апошнія два тыдні ў горадзе зачынілі 20 гандлёвых кропак. Фармальнымі падставамі для прыпыненьня працы сталі прэтэнзіі пажарных ды санітарных служб. Адмыслоўцы Саюзу прадпрымальнікаў лічаць, што такім чынам кіраўнікі раённых адміністрацыяў хочуць перастрахавацца: калі гарвыканкам не працягне для кіяскёраў тэрмін працы, то чыноўнікаў у раёнах могуць пакараць за невыкананьне старога рашэньня, а калі шапікі ўсё ж пакінуць, у раённых уладаў будзе адгаворка, быццам гандлёвыя кропкі зачыненыя зь іншых важкіх прычынаў.

Адметна, што зачыняюць звычайна тыя шапікі, якія знаходзяцца побач зь вялікімі паўдзяржаўнымі крамамі. Верагодна, гэткім чынам зьнішчаюцца канкурэнты буйному гандлю. Нездарма таксама ўлады вядуць наступ на мінірынкі ў мікрараёнах. Гэтыя гандлёвыя пляцоўкі часта месьцяцца ў непасрэднай блізкасьці ад унівэрсамаў, і пакупнікі ахвотней скіроўваюцца туды, бо ў крамах вышэйшыя кошты.

У прадпрымальнікаў-кіяскёраў няма вялікіх спадзеваў на тое, што іхная праблема вырашыцца станоўча. Ужо тое, як чыноўнікі гарвыканкаму хаваюць праект рашэньня, сьведчыць пра небясьпечнасьць гэтага дакумэнта. Таму палёгкі гандляры пасьля 1 ліпеня не чакаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG