Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫБАРЦЫ АБВІНАВАЧВАЮЦЬ У НЕДОБРАСУМЛЕННАСЬЦІ ДЭПУТАТА ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ ІГАРА КАТЛЯРОВА


Міхал Стэльмак, Менск

Клятное месьціцца ў трыццаці кілямэтрах ад райцэнтру. У вёсцы каля ста жыхароў. Паводле іх словаў, зараз яны жывуць тут нібыта на востраве:

(Баярчук: ) “У нас у вёсцы адзін тэлефон. Ды й той, калі няма электрычнасьці, не працуе. Часам дваццаць чалавек ідзе тэлефанаваць. Каму “хуткая дапамога” патрэбна, каму нешта іншае. Гэта – адна праблема. Другая, я хварэю на сэрца. Дык для гэтага трэба дабірацца ў Дубраўку. Пешшу. За дваццаць кілямэтраў. Я ледзь зайшла аднойчы, а трэба ж яшчэ і назад прыйсьці. Гэта ж сорам”.

(Карэспандэнт: ) “Калі былі выбары, ці абяцаў дэпутат вырашаць вашы праблемы?”

(Шпак: ) “У нас дэпутат Катляроў. Калі былі выбары, дык ён прасіўся, каб яго выбралі. Абяцаў, што ўсё зробіць. Хаця б аўтобус да нас хадзіў. А то ходзіць толькі ў пятніцу, суботу, нядзелю і панядзелак. Навошта нам такі дэпутат?”

(Баярчук: ) “А прыяжджаў ён у вопратцы такой, што ў мяне лепшая. Прыехаў і кажа, што прагаласуйце за мяне яшчэ раз – мала ў валізцы грошай”.

(Шпак: ) “Усім, хто быў у клюбе, даў нумар тэлефона. Казаў, каб званілі па ўсіх пытаньнях. Мы дзесяць разоў званілі. А ён і слухаўкі нават не падняў”.

(Мурашка: ) “А ён ужо дзесяць разоў нумар зьмяніў”.

Ігар Катляроў прадстаўляе жыхароў Клятнога ў Палаце прадстаўнікоў. Ён, нагадаю, узначальвае тут камісію ў пытаньнях адукацыі, культуры, навукі і навукова-тэхнічнага прагрэсу. Вяскоўцы зь нецярплівасьцю чакаюць новых выбараў, каб, як сказаў Уладзімер Мурашка, перайначыць свой лёс:

(Мурашка: ) “Хутка парлямэнцкія выбары. Вось калі б з раёну дэпутата прапаноўвалі. А то не”.

(Баярчук: ) “А я і за Лукашэнку ня буду галасаваць”.

(Шпак: ) “Цэны падвысіў, а пэнсіі не дабаўляе. Ні грама. 75 тысяч рублёў я атрымліваю, а больш ён не дае. За што ж мы пражывём?”

(Мурашка: ) “Лукашэнка ў нас ня пройдзе. Гэта дакладна”.

(Баярчук: ) “Прыйдзе адна машына – хлеб столькі каштуе. Прыйдзе другая – на 50 рублёў даражэй. Прыйдзе трэцяя – ужо на 100 рублёў даражэй. Хіба гэта правільна. Так абдзіраюць. Што гэты Лукашэнка і думае?! Прыехаў бы ён сюды ды паглядзеў. А то едзе па дарозе – дэлегацыя з дваццаці машын на мінулым тыдні была – і не спынілася. А хай бы спыніўся ды паглядзеў, што тэлефон у вёсцы адзін. Ды й то радыётэлефон. Навальніца як стукне, і сувязі няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG