Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРАТУРА АДМОВІЛА АНТОНУ КІШКУРНЕ, СПАСЛАЎШЫСЯ НА ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ “СВАЁЙ” СУДМЭДЭКСПЭРТЫЗЫ


Любоў Лунёва, Менск

Нагадаем, 26 сакавіка палкоўнік Гуранкоў разам з двума падначаленымі выцягнулі з машыны Антона Кішкурну і моцна зьбілі. У шпіталі мэдыкі канстатавалі пералом рукі. Антон колькі дзён правёў ў шпіталі, дзе яму зрабілі апэрацыю і пасьля гэтага яшчэ месяц быў у гіпсе. Антон зьвярнуўся ў пракуратуру, каб супраць міліцыянтаў распачалі крымінальную справу. Тым часам міліцыянты абвінавацілі Антона ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Суд пакараў хлопца штрафам.

Усе спадзяваліся на тое, што пракуратура правядзе сьледзтва і прыцягне Яўгена Гуранкова да крымінальнай адказнасьці за злоўжываньне службовым становішчам. Кропку ў справе паставіў судмэдэкспэрт. У сваім заключэньні ён напісаў, што ў Антона рука была зламаная яшчэ сем месяцаў таму.

Антон не чакаў такога адказу і цяпер папросту ў шокавым стане. Ягоны бацька Ўладзімер Кішкурна ня надта й спадзяваўся на станоўчы вынік:

(Кішкурна: ) “З гэтага можна зрабіць такую выснову, што судмэдэкспэрту загадалі зрабіць менавіта такое заключэньне. І вядома ж ад каго быў загад і дзеля чаго. Гэта зрабілі, каб выгарадзіць высокіх начальнікаў зь міліцыі. Мой 19-гадовы сын абураецца тым, што да яго паставіліся так несправядліва. Як ён пасьля гэтага можа добра ставіцца да гэтай улады? Тады яны хай не зьдзіўляюцца, што моладзь выходзіць на вуліцу, пратэстуе і ня хоча жыць у гэтай краіне”.

Назіральнікі лічаць, што такое заключэньне судмэдэкспэрта ёсьць вынікам таго, што летась судмэдэкспэртызу падпарадкавалі пракуратуры. Менавіта пракуратура зараз выдзяляе судмэдэкспэртам кватэры і дае прэміі.

Антон Кішкурна мае намер падаць скаргу ў гарадзкую пракуратуру. Ён спадзяецца на тое, што там разьбяруцца ў справе і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG