Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАСТУП ПРАКУРАТУРЫ НА ДЭПУТАТАЎ: БАРАЦЬБА З КАРУПЦЫЯНЭРАМІ АБО АПАЗЫЦЫЯНЭРАМІ?


Аляксандар Уліцёнак, Менск

У зьвязку зь нядаўнімі абвінавачваньнямі дэпутатаў з групы “Рэспубліка” спадароў Парфяновіча й Скрабца ў намеры прыкрыць парлямэнцкімі пасьведчаньнямі сваю нібыта крымінальную дзейнасьць у бізнэсе, уголас загаварылі і пра злоўжываньні дэпутатаў мясцовых Саветаў. Так, пракурор Менскае вобласьці Міхал Сьнягір прывёў у прэсе шэраг прыкладаў на адпаведную тэму. Дык сапраўды апошнім часам пачалося актыўнае змаганьне з карупцыяй, крымінальным асяродзьдзем, або гэта толькі чарговы ўсплёск папулізму з мэтаю зацяніць наступ “вэртыкалі” на дэмакратычнае асяродзьдзе?

Шмат дзе на вуліцах пільную ўвагу праваахоўных органаў да незалежных й апазыцыйных дэпутатаў прынялі на “ўра”. Сярод прычынаў таго немалаважную ролю адыгрывае, як ні парадаксальна, недэмакратычны склад мясцовай прадстаўнічай улады. У Гомельскай вобласьці, напрыклад, яна выразна набыла рысы “начальніцкай”. Адным з найбольш характэрных стаўся Чачэрскі раённы Савет. З 35-ці дэпутацкіх мандатаў 31 там маюць начальнікі рознага кшталту: дырэктары прадпрыемстваў, старшыні калгасаў, начальнікі ды загадчыкі ўстановаў. І Чачэрск зусім не выключэньне. У абласным Савеце з 59-ці абраных дэпутатаў 58 кіраўнікоў. І толькі адна дэпутатка — Ларыса Нілава — працуе шараговай настаўніцай.

Ня дзіва таму, што агулам вераць беларускаму тэлебачаньню, афіцыйнай прэсе ня толькі недасьведчаныя ў прапагандысцкіх гульнях людзі. Вось як, напрыклад, без аніякай сымпатыі іранізуе з дэпутатаў маладая брагінская настаўніца Кацярына Храмянкова…

(Храмянкова: ) “Можа ім есьці няма чаго, вось і яшчэ хочацца”.

А ў калгасьніка Міхаіла Сомава зь вёскі Малажын Брагінскага раёну стаўленьне да прадстаўнікоў “блізкае ўлады” ўвогуле прынцыпова нэгатыўнае.

(Сомаў: ) “Кожны імкнецца кудысьці вырвацца на павышэньне...”

Гэткія меркаваньні досыць распаўсюджаныя, і калі распачынаецца чарговая ідэалягічная кампанія з мэтаю дыскрэдытацыі няўгодных парлямэнтарыяў або дэпутатаў-дэмакратаў рангам ніжэй, людзі нярэдка прымаюць тое за чыстую манэту. Тым больш, дзеля стварэньня ілюзіі нібыта аб’ктыўнасьці й справядлівасьці зрэдку адбываюцца суды над сапраўднымі злодзеямі з мандатамі прадстаўнічае ўлады. Разьлік тут просты: як вяскоўцы пабачаць, што з амапаўцамі ды сабакамі арыштавалі бессаромнага начальніка-дзялка з тутэйшых, дык павераць і ў быццам скрадзеныя мільёны Чыгіра, Клімава, а зараз і Скрабца, Парфяновіча... Але здараецца і адваротнае, калі на ўяўнай хвалі барацьбы з карумпаванымі палітычнымі вярхамі ўнізе зачышчаюць тых, хто становіцца косткай у горле для мясцовага чынавенства.

Адзін з парадаксальных прыкладаў на гэтую тэму — гісторыя расправы над бадай самым актыўным і бескампрамісным дэпутатам Жодзінскага гарсавету двух апошніх скліканьняў Аляксандрам Валчаніным. Яму слова.

(Валчанін: ) “Калі ішоў у дэпутаты, я працаваў фельчарам станцыі “хуткая дапамога”. І па сёньняшні дзень я працую фельчарам станцыі “хуткая дапамога”. І западозрыць мяне ў тым, што я ішоў заняць нейкую пасаду або заняцца нейкай прадпрымальніцкай дзейнасьцю, вядома, ніхто ў горадзе ня можа сказаць. Я ішоў, як кажуць, па закліку сэрца і душы. Каб дапамагчы людзям, бо бачыў, што мясцовае чыноўніцтва мала рэагавала на запыты і патрэбы грамадзянаў гораду Жодзіна”.

Двойчы нізавы дэпутат на двух прэзыдэнцкіх выбарах актыўна агітаваў за Аляксандра Лукашэнку. І небезпасьпяхова. Аднак замест падзякі быў кінуты адзін на адзін зь мясцовай “вэртыкальлю”, са злоўжываньнямі якой так зацята змагаўся. Валчанін не ўпісаўся ва ўладныя структуры, бо сапраўды верыў, што сярод іншага дэпутат забавязаны выкрываць карумпаванае начальства... Функцыянэры выкарысталі няхітрыя, але эфэктыўныя бюракратычныя схемы блякаваньня непажаданых кандыдатаў, і чарговы мандат даверу выбарцаў Аляксандар у гэтую вясну ўжо не атрымаў. Што ён думае пра дэпутацкую абароненасьць ад розных жыцьцёвых непрыемнасьцяў?

(Валчанін: ) “Канечне, ёсьць людзі, якія ішлі ў дэпутаты, каб пазьбегчы пакараньня. Гэта ёсьць… І гэткая справа была ў нас у Жодзінскім гарсавеце, калі дэпутат выбраўся, а празь месяц крымінальную справу завялі на яго. І мы далі згоду, каб яго прыцягнулі да адказнасьці”.

Тэму “карысьлівае начальства і дэпутацкая недатыкальнасьць” працягвае выбарца, старшыня Гомельскай абласной суполкі партыі БНФ, жыхар Сьветлагорску Віктар Раманішка.

(Раманішка: ) “Там, у саветах, ёсьць начальнікі двух узроўняў. Ёсьць начальнікі-кіраўнікі прадпрыемстваў, якія ідуць у дэпутаты, каб пазьбегнуць адказнасьці за свой крадзёж і развал на сваіх прадпрыемствах. А ёсьць начальнікі невялікіх установаў і нейкіх там бюджэтных арганізацыяў — тыя ідуць паводле разнарадкі вышэйшых начальнікаў, ня больш і ня менш”.

А зараз меркаваньне дзейнага дэпутата-апазыцыянэра з Наваполацку Васіля Главацкіх. Пытаюся, няўжо й сапраўды пераважная бальшыня ягоных калегаў ішла ў гарсавет дзеля таго толькі, каб пры выпадку прыкрыцца тым пасьведчаньнем, уратаваць сябе, свой бізнэс ці нейкія жыцьцёвыя грахі ад пракуратуры?

(Главацкіх: ) “Можа… Можа ў нейкай ступені й так, але я ня думаю, што гэта адыгрывае галоўную ролю. Бальшыня хутчэй за ўсё прыйшла ў Савет не таму, што хочуць сябе абараніць, а таму, што проста іх накіравалі з гарвыканкаму. Цяжка мне адказаць, хоць можа насамрэч гэта ім і дапамагае адхіліцца ад нейкай адказнасьці”.

На думку куды больш дасьведчанага Аляксандра Валчаніна ў недэмакратычна сфармаваных мясцовых саветах паступова адбываецца зрастаньне ня толькі ляяльнай, але й нэўтральнай часткі дэпутацкага корпусу з выканаўчай уладаю. І ў рэшце рэшт гэта абарочваецца элемэнтарнай карупцыяй. Напачатку элемэнтарнай, а далей... Далей, як кажуць, працэс ужо ня йдзе, а прэ — па сьпіралі ўгару. Ня так даўно спадар Валчанін даслаў ліст на імя Лукашэнкі з просьбаю — цытую — “зьвярнуць увагу на шэраг крымінальных справаў, узбуджаных супраць адказных супрацоўнікаў Жодзінскага гарвыканкаму”.

(Валчанін: ) “Гэта такія крымільныя справы, як у жыльлёвым аддзеле. Як у аддзеле адукацыі. Як у аддзеле сацыяльнай абароны насельніцтва. Таксама ў дачыненьні да галоўнага вэтэрынарнага лекара гораду Жодзіна. Як гэта можа быць, каб у райкаме партыі раней было ўзбуджана 5 крымільных справаў! Я думаю, гэты райкам быў бы цалкам адхілены ад працы. А ў нашым гарвыканкаме ўсе працуюць на сваіх месцах...”

Напісаў Аляксандар і пра тэндэнцыйнае стаўленьне кіраўніцтва гарвыканкаму да тых дэпутатаў, якія перадалі сабраныя сваімі выбарцамі факты ў пракуратуру. Але ў выніку дачакаўся не адказу ці падзякі з прэзыдэнцкай адміністрацыі, а блякады з боку “вэртыкалі” на апошніх выбарах. Зараз ён разумее, што тут, у зьвязцы “Жодзіна—вобласьць—Менск”, шмат чаго закальцавана і таму надзейна абаронена ад такіх, як ён, ад тых, хто выпадае, так бы мовіць, з “кола сяброў”... Распавядае спадар Валчанін.

(Валчанін: ) “Таксама ёсьць людзі, якія ішлі ў дэпутаты, каб палепшыць сваё матэрыяльнае становішча. Бо калі дэпутат будзе маўчаць, гэта будзе выгадна мясцоваму чыноўніцтву. І гэты дэпутат будзе ўзнагароджаны за сваё маўчаньне, за сваю згоду ў такіх вастрэйшых пытаньнях. Адное пытаньне тычылася нашага Жодзінскага ўнівэрмагу — калі яго хацелі задарма аддаць ва ўласнасць абласнога выканаўчага камітэту. Ужо ідзе суд — прыцягваецца дырэктар гэтага універмага, які накраў там многія мільёны рублёў… І хаця абласны выканаўчы камітэт ведаў, што ўшчата крымінальная справа, усё роўна яны па нейкіх сваіх задумках хацелі, каб універмаг стаў іхнай уласнасьцю. А ёсьць дэпутаты, якія маўчаць і якія, вядома, ідуць на большыя пасады. Ну а як мы не маўчым, дык застаёмся з тым, што маем”.

Новаабраны дэпутат Васіль Главацкіх з Наваполацку ў пэўным сэнсе паўтарае няпросты шлях спадара Валчаніна. Так, нядаўна ён прыйшоў да гарадзкога мэра высьвятляць, чаму праз два месяцы пасьля свайго фармаваньня не запрацавала ніводная з чатырох камісіяў, у тым ліку й па заканадаўстве?

(Главацкіх: ) “Я ў пятніцу быў у старшыні Наваполацкага савету і задаў пытаньне, калі пачнуць працаваць камісіі? На што ён мне адказаў: камісіі самі вызначаюць, калі й чым займацца. Узначальваюць іх кіраўнікі буйных прадпрыемстваў, у іх шмат працы ў сябе, і таму найперш займаюцца вытворчасьцю. А справы камісіяў, савету на другім месцы”.

Пытаюся прозьвішча старшыні камісіі, а спадар Главацкіх — заўважу, адзін з самых актыўных дэпутатаў — ня можа ўзгадаць яго. І гэта апасродкавана сьведчыць пра “важкасьць” унёску “блізкае ўлады” ў паляпшэньне крымінагеннай абстаноўкі ў Наваполацку.

(Главацкіх: ) “Калі я не памыляюся, то Брыкун... Брыкун — прозьвішча...”

Як жа на думку спадара Главацкага ўплывае фактычная дэпутацкая бязьдзейнасьць на сытуацыю ў горадзе?

(Главацкіх: ) “Ну тут цяжка адказаць, наколькі гэта сказваецца... Так, камісія не працуе, пытаньні не разглядаюцца, бо пляну нямашака... Хоць у Наваполацку, як і ў іншых месцах Беларусі, ёсьць злачыннасьць, тут шмат пытаньняў, якія можна было б уздымаць, абмяркоўваць, распрацоўваць нейкія кірункі дзейнасьці... Але пакуль што, на жаль, гэтага нічога ня робіцца”.

Чаму ў такім выпадку “вэртыкаль” не імкнецца актывізаваць ролю, дзейнасьць дэпутатаў? Па лёгіцы жыцьця, ёй нават варта дзеля гэтага разьвіваць гарадзкое праваабарончае асяродзьдзе...

(Главацкіх: ) “Гарвыканкам не зацікаўлены, каб гэтыя пытаньні ўздымаліся, каб у горадзе ўзьнікалі нейкія новыя праваабарончыя арганізацыі, каб грамадзяне неяк аб’ядноўваліся дзеля гэтай працы. Яны, наадварот, баяцца. Гарвыканкам адказвае: “Мы самі будзем усё рабіць, але ня трэба нам ніякай... праваабарончай ініцыятывы” — вы зьвяртайцеся, але мы самі ўсё зробім! А тое, што яны робяць — гэта ўсё для справаздачнасьці”.

Іншыя дэпутаты, якіх цяжка абвінаваціць у апазыцыйнасьці да ўладаў, разумеюць, што “вэртыкаль” бярэ на сябе зашмат, скоўваючы дэпутацкую й грамадзкую ініцыятыву, самастойнасьць? Спадар Главацкіх адказвае:

(Главацкіх: ) “Нават самі дэпутаты ня ведаюць, што робіцца ў савеце, у гарвыканкаме. І не цікавяцца гэтым. Гарвыканкам кантактуе, магчыма, са старшынём ці прэзыдыюмам савету. А шараговыя дэпутаты выкарыстоўваюцца для таго, каб толькі прагаласаваць”.

Як ставяцца дэпутаты гарсавету і жыхары Наваполацку да пагрозаў на адрас парлямэнтарыяў спадароў Парфяновіча і Скрабца?

(Главацкіх: ) “Я лічу, што насамрэч адбываецца ціск на гэтых дэпутатаў з-за таго, што яны выказаліся супраць уладаў і распавялі пра гэта на ўсю Беларусь”.

А як адчувае сябе ў кантэксьце сказанага апазыцыйны дэпутат Васіль Главацкіх?

(Главацкіх: ) “Цяжка зараз працаваць, і думаю, што надалей будзе яшчэ цяжэй. Бо ўжо бачу нейкія захады, каб дэпутат ад БНФ ня змог рэалізаваць сваю праграму і паказаць звычайным грамадзянам, што незалежныя дэпутаты ці дэпутаты ад іншых партыяў працуюць на карысьць дзяржавы, звычайных грамадзянаў”.

Вось і атрымліваецца: пад сьцягам непрымірыма-пэрманэнтнай барацьбы з карупцыяй “вэртыкаль” на справе толькі распачынае чарговы віток барацьбы з дэмакратычнымі апанэнтамі. Але пад крыху больш пікантным, нават дэмакратычным соўсам. Як жа, як жа — яна за чысьціню народаўладзьдзя! Аднак дэпутаты, што добра ведаюць палітычную кухню знутра, казалі сёньня зусім іншае: фактычна тое робіцца дзеля выціскваньня з прадстаўнічае ўлады якраз яе сапраўды народных прадстаўнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG