Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>




“На Хвалі Свабоды”. 25 траўня

20 траўня 1954 году ў эфір выйшла першая праграма беларускай сэкцыі Радыё Вызваленьне – так тады называлася Радыё Свабода. Мы пачынаем новую сэрыю перадачаў, прысьвечаных 50-гадоваму юбілею беларускай Свабоды. Перадачы разьлічанага на год цыклю “На Хвалі Свабоды” будуць гучаць у нашым эфіры кожную нядзелю з паўторам у сераду. Кожная перадача будзе прысьвечаная асобнаму году з гісторыі нашага радыё. Нядзельная перадача: год 1955-ы...


“Тры пятыя”. 24 траўня

Гэтымі днямі школа разьвітваецца з чарговым навучальным годам. Сьвяточны настрой ва ўсіх, акрамя выпускнікоў. Найперш іх хвалююць не іспыты, а падрыхтоўка да заключнага вечару разам зь сябрамі-аднаклясьнікамі й улюбёнымі настаўнікамі. Чаму выпускны баль старшаклясьнікаў ператварыўся ў выпускную вечарыну — у суботняй перадачы Аляксандра Ўліцёнка.


“Вольная студыя”. 25 траўня

Мэксыка для беларусаў — далёкая экзотыка. Нам няпроста ўявіць, як гэта – дыхаць паветрам адразу з двух акіянаў і лічыць чужаземнага заваёўніка нацыянальным героем, якім мэксыканцы лічаць гішпанца Картэса. Ёсьць і яшчэ адна акалічнасьць, незвычайная для сучаснай Беларусі: вось ужо паўстагодзьдзя прэзыдэнты ў Мэксыцы зьмяняюцца кожныя шэсьць гадоў. Адбыў адзін тэрмін — і сыходзіць. Сапраўды дзіва… З усім гэтым ужо звыкся наш зямляк Уладзімер Клімовіч, які абраў Мэксыку месцам жыцьцёвага прыстанку. Папулярны тэлевядоўца, прафэсійны актор і пісьменьнік колькі гадоў таму зьехаў за акіян і заняўся аўтамабільным бізнэсам. У нядзелю мэксыканскі беларус будзе госьцем Міхася Скоблы ў “Вольнай студыі”.


“Паштовая скрынка 111”. 25 траўня

У нядзельнай праграме “Паштовая скрынка 111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Віктар Кавешнікаў зь Менску, Іван Багдзевіч са Слоніму, Віктар Туравец з францускага Ліёну і Алесь Васільеў з Наваполацку.
У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
— разважаюць наконт прычынаў палітычных няўдачаў беларускай дэмакратычнай апазыцыі;
— выказваюць меркаваньні пра замежнапалітычную арыентацыю сёньняшніх беларускіх уладаў;
— распавядаюць пра жыцьцё ў беларускіх псыхіятрычных шпіталях;
— дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.


“Праскі акцэнт”. 25 траўня

Супрацьстаяньне ўлады і прафсаюзаў аўтасельгасмашу і радыёэлектронікі працягвае абвастрацца. Кіраўніцтва Фэдэрацыі стварае агульны прафсаюз прамысловасьці, які мусіць паглынуць непакорныя прафсаюзы. На гэтым тыдні прафсаюз Бухвостава правёў у Менску мітанг пратэсту. Чаму ўлады так упарта імкнуцца зьнішчыць гэтыя прафарганізацыі? Ці ёсьць у іх магчымасьць супрацьстаяць ціску? Чаму менавіта прафсаюзы, разам з моладзевымі арганізацыямі й мясцовымі саветамі, Аляксандар Лукашэнка назваў апірышчам уладнай сыстэмы?

Гэтыя пытаньні ў “Праскім акцэнце” абмяркоўваюць кіраўнік прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандар Бухвостаў, былы старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык, філёзаф Аляксандар Грыцанаў і палітоляг Уладзімер Дорахаў. Перадачу падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст.


Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG