Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТЭРАКТЫ Ў ІЗРАІЛІ ПАСТАВІЛІ ПАД ПАГРОЗУ МІРНЫ ПЛЯН


Юры Дракахруст, Прага

У мінулую суботу ў Гэброне на Заходнім беразе Ярдану ў выніку выбуху загінуў тэрарыст-самазабойца і ізраілец зь цяжарнай жонкай. Тэракт адбыўся за некалькі гадзнаў да першай сустрэчы прэм’ер-міністраў Ізраілю і Палестынскай аўтаноміі Арыэля Шарона і Махмуда Абаса.

Учора раніцай палестынскі тэрарыст-самазабойца, апрануты як артадаксальны юдэй, зайшоў у аўтобус у Ерусаліме і прывёў у дзеяньне выбуховае прыстасаваньне. 7 чалавек загінулі й каля 20 былі параненыя.

У адказ на гэтыя напады Ізраіль зачыніў мяжу з палестынскімі тэрыторыямі. Прэм’ер-міністар Ізраілю ўсклаў адказнасьць за тэракты на палестынскага лідэра Ясіра Арафата. Ён таксама заявіў:

(Шарон: ) “Я адклаў маю паездку ў ЗША з прычыны складанага становішча і хвалі тэрору. Я спадзяюся, што мой візыт адбудзецца ў іншы тэрмін”.

Ізраільскі ўрад абвесьціў палітыку дыпляматычнай ізаляцыі Арафата. Заяўлена, што ізраільскія ўрадоўцы ня будуць сустракацца з замежнымі дыпляматамі, якія вядуць перамовы з палестынскім лідэрам. На паседжаньні кабінэту гучала прапанова выслаць Арафата, але супраць яе выступіў прэм’ер Шарон.

Тэмай перамоваў Шарона з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам мусіла стаць “дарожная мапа” – плян блізкаўсходняга ўрэгуляваньня, распрацаваны Злучанымі Штатамі, Эўразьвязам, Расеяй і ААН. Ня ўсе пункты гэтага пляну задавальняюць Ізраіль, ізраільскі ўрад выстаўляе спыненьне палестынскага тэрору як перадумову ўрэгуляваньня, акрамя таго, ён адмаўляецца замарожваць пабудову габрэйскіх паселішчаў на палестынскіх тэрыторыях. Фармальна Арыэль Шарон не ўхваліў “дарожную мапу”, на што прынамсі зьвярнуў увагу Ясер Арафат.

(Арафат: ) “Мы прыхільныя “міру мужных”, які мы падпісалі з Іцхакам Рабінам, а таксама “дарожнай мапе”. Аднак нягледзячы на тое, што Шарон сустрэўся з Махамадам Абасам, мы дагэтуль не пачулі ад Шарона ўхвалы “дарожнай мапы”.

“Washington Post” цытуе палестынскага міністра замежных справаў Набіля Шаата, паводле якога тэракты мелі за мэту зрыў мірнага працэсу. Яны адбыліся якраз папярэдадні й адразу ж пасьля сустрэчы Шарона і Абаса, першай сустрэчы высокіх прадстаўнікоў Ізраілю і Палестынскай аўтаноміі за доўгі час.

Аднак палестынскія радыкалы маюць іншы погляд. Адказнасьць за апошнія тэракты ўзяў на сябе рух “Хамас”. Ягоны кіраўнік Абдэл Азыз Ранцісі заявіў у інтэрвію “Washington Post”, што для зрыву перамоваў ня трэба нападаў “Хамасу”, ізраільскія войскі забіваюць палестынцаў кожны дзень і гэта ёсьць вялікай праблемай для палестынскага ўраду.

Аднак ізраільскае МЗС нагадвае, што прэм’ер-міністар Палестынскай аўтаноміі Махамад Абас абяцаў пры сваім прызначэньні раззброіць баевікоў. “Аднак пакуль мы бачым толькі абяцаньні й дэклярацыі, ніхто ня можа чакаць, што ў гэтай сытуацыі Ізраіль пойдзе на саступкі”, – гаворыцца ў заяве МЗС Ізраілю.

Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл, які на мінулым тыдні наведаў Блізкі Ўсход, ня здолеў пераканаць ізраільскі бок пагадзіцца на міжнародны плян урэгуляваньня. Брытанская газэта “Тimes” піша, што калі і прэзыдэнт Буш ня здолее пераканаць Шарона пагадзіцца на ўмовы “дарожнай мапы”, магчыма, Коліну Паўэлу давядзецца пакінуць пасаду дзяржсакратара. Газэта адзначае, што і аўтарытэт амэрыканскага прэзыдэнта істотна пацерпіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG