Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРШЫ ДОСЬВЕД ПРАЦЫ Ў САВЕТАХ НОВААБРАНЫХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ДЭПУТАТАЎ


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Хоць пасьля выбараў у мясцовыя саветы не прайшло яшчэ й 100 дзён, аднак ужо сёньня ўпершыню абраныя дэмакратычныя дэпутаты маюць магчымасьць параўнаць свае спадзяваньні з рэальным жыцьцём. Такім чынам за тэлефонным “круглым сталом” праграмы “Блізкая ўлада” сустрэліся Вольга Карач зь Віцебску, Алесь Чыгір з Бабруйску й Алег Чыж з пасёлку Дружны Менскае вобласьці.

(Уліцёнак: ) “Тыповы старт новаабраных саветаў здавён выглядае прыблізна так: устаноўчая сэсія, школа маладога дэпутата, удакладненьне праблематыкі акругаў, знаёмства з выбарцамі, калегамі, мясцовым начальствам... Спадар Чыж, ці зьявілася ў вас нешта новае, адметнае?”

(Чыж: ) “Нічога. Толькі вось абралі старшыню пассавету і сказалі, што будзе сэсія дзесьці ў канцы траўня, дзе мы зьбяромся, і каб усе прыйшлі са сваімі пытаньнямі, якія там будзем вырашаць. Я зрабіў візытоўкі і ў кожную паштовую скрыню раскідаў. На візытоўках указаў свой тэлефон, каб людзі тэлефанавалі і задавалі свае пытаньні”.

(Уліцёнак: ) “Пра зваротную сувязь пагаворым крыху пазьней. А пакуль — што найперш замінае вылучанаму дэмакратычнай грамадзкасьцю дэпутату? Спадар Чыгір, вы прарваліся ў Бабруйскі гарсавет без аніякага вопыту працы ў афіцыйных структурах. Дык якое ўражаньне — кантраснае?”

(Чыгір: ) “Я ніколі ня быў заангажаваны ў сыстэму “вэртыкалі” ці ў сыстэму дзяржаўнай улады. У мяне ёсьць досьвед кіраваньня, але няўрадавай арганізацыяй. І гэта абсалютна іншае. У Бабруйскім гарадзкім савеце я сутыкнуўся з абсалютна іншым сьветам, звычкамі, традыцыямі, іншай манэрай паводзінаў. Нават вельмі значную ролю адыгрывае, хто каму як цісьне руку, хто на якім месцы сядзіць. Тут усё па нягласным ранжыры, абсалютна ўпарадкавана. І вось тут трапіў я — абсалютна іншароднае цела, і гэтыя людзі вельмі напружана ставяцца да мяне”.

(Уліцёнак: ) “Алесь, як зямляк, я ведаю, што на Магілёўшчыне саветы гарадзкога ўзроўню звычайна цалкам расейскамоўныя, ва ўсялякім разе так лічаць дэпутаты-“трасяначнікі”. І раптам — гэткая “белая варона” ў асобе спадара Чыгіра. Мова, такім чынам, сталася яшчэ адным прынцыповым рубяжом, які замінае твайму сяброўству з афіцыйнымі, так бы мовіць, калегамі, або наадварот — яна выклікала павагу, прыязнае стаўленьне да цябе? Падтрымалі твой пачын ці прайгнаравалі?”

(Чыгір: ) “Беларуская мова мне, безумоўна, дапамагае. Калі я размаўляю на беларускай мове, то я адчуваю ўнутраны стрыжань, я адчуваю дапамогу ўсяго беларускага незалежнага грамадзтва нашага гораду. Нібыта разам з мовай дапамагае яно мне ў маёй дзейнасьці ў Бабруйскім гарадзкім савеце”.

(Уліцёнак: ) “Гэтаксама ня шмат паплечнікаў і ў Вольгі Карач — у Віцебскім гарсавеце яна — адзіная прадстаўніца апазыцыі. Да таго ж і самы малады... Скажыце, спадарыня Карач, загартоўка ў руху “зуброў” дапамагае пераадольваць розныя бюракратычныя перашкоды пры выкананьні дэпутацкіх абавязкаў?”

(Карач: ) “Не зусім. Бо ўсё ідзе вельмі марудна, займае вельмі шмат часу. Мы шмат лістоў напісалі, а адказу няма. І я не магу сказаць, што гэта незаконна. Бо закон прадугледжвае права даць адказ у 30-дзённы тэрмін. Мой досьвед падказвае, што могуць прыйсьці простыя адпіскі, і трэба будзе пісаць зноў. І зноў 30 дзён… А шмат якія пытаньні можна было б вырашыць проста й хутка”.

(Уліцёнак: ) “Вы згодны, спадар Чыж, што дэпутату мясцовых саветаў не хапае паўнамоцтваў, правоў?”

(Чыж: ) “Толькі ёсьць правы, што можна зайсьці да любога кіраўніка ў кабінэт і дэпутата ня могуць зволіць з працы і перавесьці на іншую працу, пакуль ён ёсьць дэпутатам пассавету”.

(Уліцёнак: ) “Заўсёды крыўдна, калі бачыш, што чалавеку, які зьвярнуўся да цябе, дапамагчы можна, аднак гэтаму часьцяком замінае неразваротлівы мэханізм “вэртыкалі”. Спадар Чыж, вы казалі, што раздалі людзям свае візытоўкі — і як на тое зрэагавалі ў пасёлку? Калі з энтузіязмам, то які зварот быў самым незвычайным?”

(Чыж: ) “Вось мне даслала ліст вучаніца 9-й клясы нашай сярэдняй школы Хамутоўская. Яна піша ў сваім лісьце, што самая набалелая для нас праблема — гэта бальніца. Яна піша пра кепскае становішча Рудзенскай бальніцы, дзе, паводле яе, немагчыма знаходзіцца, бо і “вуткі” ў палату прыносяць. І гэта пры тым, што ў нашым пасёлку стаіць недабудаваная бальніца. Тут можна зрабіць нармалёвае памяшканьне. І гэтае пытаньне, здаецца, вырашаецца. Тут у нас ёсьць чарнобыльцы-ліквідатары, дык яны пісалі лісты, прыяжджаў міністар аховы здароўя і вырашылі, што ў траўні наступнага году тут будзе бальніца”.

(Уліцёнак: ) “Паводле маіх назіраньняў, гэта выключны выпадак, каб да дэпутата пасялковага савету зьвярталася школьніца ды яшчэ не з асабістай, а грамадзка значнай праблемай. Няўжо ў сьвядомасьці людзей намеціўся пэўны зрух? Слова просіць спадарыня Вольга Карач зь Віцебску...”

(Карач: ) “Зараз мы праводзім анкетаваньне ў маёй акрузе. Яно яшчэ ня скончанае, але тэндэнцыю я ўжо бачу. Першае, што хвалюе людзей, гэта эканамічны крызыс. Пра яго ўжо можна казаць адкрыта. Гэта ёсьць: і нізкія заробкі, і тое, што людзі атрымліваюць іх нясвоечасова, і нізкія пэнсіі, і высокія камунальныя плацяжы… Бабулькі сустракаюць проста са сьлязьмі на вачах, бо палову пэнсіі яны мусяць аддаць за кватэру, а на астатнія — тысячаў сорак — неяк жыць. Глядзіш, і шкада гэтага чалавека, і злуешся на яго трохі, маўляў, а дзе ты, бабулечка, была гады два таму… Шкада людзей, але гэта “ня мой узровень”, і паўплываць на разьвіцьцё эканомікі я ніякім чынам не магу — ні як дэпутат, ні як асоба. На вялікі жаль”.

(Уліцёнак: ) “Папярэдні прыклад, які прывёў Алег Чыж, сьведчыць супраць вас: пры пэўным зьбегу абставінаў сур’ёзнае пытаньне, узьнятае грамадзкасьцю, усё ж можна вырашыць... Дарэчы, спадар Чыж, з прэсы вядома, што ў вашым пасёлку Рудзенскі вельмі востра стаціць праблема працаўладкаваньня, асабліва моладзі. Вы займаліся гэтым пытаньнем? Можна яго вырашыць на ўзроўні пасялковага савету?”

(Чыж: ) “Гэтае пытаньне на сэсіі пассавету я хачу задаць: як улады будуць яго вырашаць. Той жа старшыня пассавету адзін атрымлівае за гэта грошы. Астатнія дэпутаты працуюць на грамадзкіх пачатках. Толькі ён атрымлівае заробак зь бюджэту. Ён павінен ставіць гэтае пытаньне ў раёне для вырашэньня”.

(Уліцёнак: ) “Мне здаецца, вы й самі ня верыце, што такая схема спрацуе. Скажыце, спадар Чыж, а што ўдалося зрабіць на ўзроўні вашых асабістых дэпутацкіх паўнамоцтваў?”

(Чыж: ) “Пазваніла мне жыхарка і сказала, што завяліся пацукі. На наступны дзень я схадзіў да начальніка ЖКГ. Ён паведаміў, што трэба 10 подпісаў. Я сабраў гэтыя 10 подпісаў у пад’езьдзе, аддаў гэтую паперу назад начальніку ЖКГ і ён выклікаў санітарную службу і яны патруцілі гэтых пацукоў”.

(Уліцёнак: ) “Пасьлядоўныя праціўнікі ўдзелу дэмакратаў у “блізкай уладзе” з гэтага прыкладу могуць пасьмяяцца, ці ня праўда? Хоць я асабіста лічу, што такімі вось нібыта дробязямі, увагай да бытавых клопатаў якраз і заваёўваецца аўтарытэт у апазыцыі. Дарэчы, з палітычна афарбаванымі пытаньнямі да вас часта зьвяртаюцца?”

(Чыж: ) “Дзесьці 95% пытаньняў у людзей — гэта не палітычныя, а пытаньні побыту, жыльлёва-камунальныя. Пра палітыку мала пытаньняў. Народ турбуе — як зараз выжыць”.

(Уліцёнак: ) “А якія ў вас назіраньні, спадарыня Карач?”

(Карач: ) “Шмат людзей зьвяртаецца і з такімі побытавымі праблемамі: гэта дарогі, якіх няма, і рамонты пад’ездаў і дамоў, і азеляненьні — вельмі шмат цяпер людзей наконт гэтага зьвяртаецца… І што цікава! Ёсьць праграма “Экалёгія”, якая прадугледжвае пасадку дрэваў, кустоў… А з другога боку, у ЖЭУ кажуць, што ніколі пра яе ня чулі, і грошай у іх на гэта няма, і дрэваў няма, і ўвогуле, ідзіце-вы-адсюль”.

(Уліцёнак: ) “І ў камунальшчыкаў няма, і ў савету — так, спадар Чыж?”

(Чыж: ) “Я бачыў гэты пасялковы бюджэт і магу сказаць, што вельмі там вялікая лічба на кіраўнічы апарат і вельмі маленькая — на тую ж адукацыю, культуру — тыя пытаньні, якія трэба вырашаць. Вось я узяў копію гэтага мясцовага бюджэту, як ён будзе выконвацца — гэта я лічу сваёй дэпутацкай задачай. Куды будуць ісьці гэтыя грошы”.

(Уліцёнак: ) “Ці не адбываецца часьцяком такое, што ўлады бачаць: упартых, прынцыповых дэпутатаў ня так ужо й шмат, таму ад іх можна адмахнуцца. Тым больш, чыноўнікі добра ведаюць: за ігнараваньне менавіта дэмакратычнага прадстаўніка дэпутацкага корпусу іх хутчэй не паўшчуваюць, а наадварот — ухваляць... Спадар Чыгір, у Бабруйскім гарсавеце, акрамя вас, ёсьць яшчэ адзін прадстаўнік апазыцыйных структураў, рэдактар недзяржаўнай газэты “Крынічка Бабруйская” Вячаслаў Сьвізуноў. Двое, зразумела, мала, але ж не адзін!”

(Чыгір: ) “Адсутнасьць каманды будзе адбівацца, напэўна, увесь час майго знаходжаньня ў Бабруйскім гарадзкім савеце. Я, відаць, ня буду здольны ўплываць на прыняцьцё рашэньняў, аднак я здольны атрымліваць інфармацыю, я здольны карыстацца статусам дэпутата ў сваёй паўсядзённай дзейнасьці — як у трэцім сэктары, гэтак і ў палітычнай дзейнасьці. Я здольны буду навучацца, і я думаю, што калі ў наступны гарадзкі савет 25-га скліканьня патраплю я і трапяць яшчэ іншыя дэпутаты дэмакратычнай арыентацыі, дэмакратычных поглядаў, то мы будзем здольныя зрабіць значна больш”.

(Уліцёнак: ) “Сацыёлягі сьцьвярджаюць, што 80% выбарцаў вельмі невысокае думкі пра мясцовую ўладу. Галоўнае — людзі ня вераць у тое, што дэпутат будзе адстойваць іхныя інтарэсы. Гэтая прычына яшчэ больш важкая, чым спасылка на бяспраўе саветаў, пра якое мы ўжо казалі... Лічыцца, што ў адрозьненьне ад дэмакратычна скіраваных, шараговыя дэпутаты асаблівай актыўнасьцю не вызначаюцца. І што тады — трэба працаваць за іх?”

(Карач: ) “Вельмі часта зьвяртаюцца людзі зь іншых акругаў. У такім выпадку я дапамагаю напісаць заяву, бо людзі ў нас непісьменныя ў гэтым сэнсе, і раю ісьці да свайго дэпутата. Каб ніхто не казаў, што я некарэктна сябе паводжу…”

(Уліцёнак: ) “Спадар Чыгір, якімі вам бачуцца пэрспэктывы супрацоўніцтва з калегамі па гарсавету, што маюць іншыя палітычныя погляды?”

(Чыгір: ) “Тут я ня бачу такой вялікай перашкоды. Уся перашкода ў тым, што ёсьць пэўныя ілюзіі. Перашкаджаюць ня погляды, перашкаджаюць ілюзіі. Мае погляды няшмат розьняцца ад поглядаў маіх калегаў у дэпутацкім корпусе. Для мяне ёсьць такая сыстэма каштоўнасьцяў: незалежная краіна, дэмакратычная краіна, рынкавая эканоміка. Я думаю, што мае калегі не супраць маёй сыстэмы каштоўнасьцяў, і іхная сыстэма прыкладна такая ж. Але мы па рознаму бачым незалежнасьць, дэмакратыю і рынак. А пераадоленьне гэтых ілюзіяў — гэта адна з маіх задачаў, якія я на сябе ўскладаю падчас маёй дзейнасьці ў Бабруйскім гарадзкім савеце”.

(Уліцёнак: ) “Якія ж перашкоды ў сваёй дэпутацкай дзейнасьці Алесь Чыгір прадбачыць ў будучым?”

(Чыгір: ) “Перашкоды могуць узьнікнуць толькі з пагаршэньнем агульнапалітычнай сытуацыі ў краіне, калі будзе ўзмацненьне аўтарытарнага рэжыму. Нас чакаюць новыя палітычныя кампаніі: выбары у Палату прадстаўнікоў, безумоўна — выбары прэзыдэнцкія. Лічу, што я і бабруйскае грамадзкае аб’яднаньне “Свая справа” будзем браць актыўны ўдзел у гэтых кампаніях, і невядома, як сябе будзе паводзіць падчас гэтых выбараў мясцовая “вэртыкаль”. Тут таксама могуць узьнікнуць пэўныя праблемы. Хаця ўжо пераадольваць гэтыя праблемы будзе прасьцей, чым дагэтуль. Я ўжо маю нейкі статус, і гэта вельмі важнае дасягненьне. Статус дэпутата Бабруйскага гарадзкога савету”.

(Уліцёнак: ) “Спадарыня Карач хоча дапоўніць свайго калегу з Бабруйску?”

(Карач: ) “Матэрыяльныя праблемы — гэта ня страшна, гэта можна вырашыць. Самае страшнае — гэта пустыя людзкія вочы. Грукаеш у дзьверы — адчыняе чалавек, як мёртвы: “Усё будзе яшчэ горай…” Асабліва шкада бабулек, якія спачатку верылі ў савецкую ўладу, а потым аказалася, што ўсё гэта хлусьня. Другая трагедыя: яны паверылі Лукашэнку. Так верылі, што зараз іх проста шкада: высьветлілася, што іх зноў падманулі… А гэта так жахліва, калі ў чалавека нічога няма, нават надзеі! І трэці раз заваёўваць іхны давер — гэта вельмі цяжка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG