Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 8 ТРАЎНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

На гэтым тыдні ў “Нашай ніве” за 1913 год нехта Пятрукоў пад загалоўкам “Знахарскія лекі” паведамляе:

“Селянка вёскі Краснае, Беліцкай воласьці, Лідзкага павету, Аўдоця Вітка, захварэла на раматус у нагах. Ёй парадзілі, каб яна ўдалася на раду да знахара Кастуся Русакевіча, што жыве ў вёсцы Лоск, Забярэскай воласьці, Ашмянскага павету. 7 красавіка яна прыехала да гэтага знахара і, па загаду яго, засталася ў яго на лекі. Але лекі выйшлі зусім брыдкія. Уночы Русакевіч заткнуў Вітко горла, каб не закрычала і… згвалтаваў яе, даводзячы, што раматус у нагах ад гэтаго прападзе… Аб гэтай справе робяць цяпер сьледзтва і, бадай, зусім дрэньненька можа стацца знахару”.

“Полесская правда” ў 1923 годзе пад загалоўкам “Будуйце паветраны флёт” піша:

“Наш лёзунг дня: “Пралетарый, на паветранага каня!” не на словах, а на справе з гонарам ажыцьцяўляецца галоўнымі чыгуначнымі майстэрнямі. 6-га траўня на карысьць паветранага флёту ў нас быў наладжаны “нядзельнік”, у якім удзельнічалі да 900 чалавек. Заробак за гэты дзень цалкам пойдзе на ўзмацненьне фонду “Дабралёт”. Чыгуначнікі тым “нядзельнікам” выканалі падвойную задачу: аказалі дапамогу паветранаму флёту ў матэрыяльных адносінах і чыгуначнаму транспарту — у вытворчым. Таварышы рабочыя! Хто наступны за намі, чыгуначнікамі? Усе мы, без выключэньня, мусім дапамагчы нашай Рэспубліцы ў справе стварэньня паветранага флёту, бо вораг не чакае. З рэвалюцыйным запалам і зь вераю ў перамогу мы заваюем паветра гэтак жа, як заваявалі сушу”.

У 1993 годзе Марына Куноўская піша ў газэце “Знамя юности”:

“Заўтра выстава “Беларуская кніга-92” скончыцца… На ёй падзяліліся і праблемамі — галоўным чынам, вытворчымі: няма паперы, не хапае друкарскіх магутнасьцяў. “БелСЭ” заплянавала выданьне такога патрэбнага цяпер расейска-беларускага слоўніка накладам 200 тысяч асобнікаў, а здолее выдаць, верагодна, толькі 50 тысяч. Рэшту друкаваць няма на чым… Міністар замежных спраў П.Краўчанка расказаў: як толькі выйшаў першы том “Бібліі” Скарыны, прадстаўнікі міністэрства адразу падарылі гэтую кнігу Вацлаву Гаўлу… Карацей, ня ўсё гэтак дрэнна. Улады вучаць, што нам “сацыяльна неабходна” чытаць, выдаўцы зводзяць канцы з канцамі, мы… Мы, здаецца, і Чэйза ўжо не чытаем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG