Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК УПЛЫВАЕ НА БЕЛАРУСЬ ЭПІДЭМІЯ АТЫПОВАЙ ПНЭЎМАНІІ Ў КІТАІ?


Юры Сьвірко, Менск

Беларускі амбасадар у Пэкіне Ўладзімер Русакевіч, якому я патэлефанаваў у аўторак, паведаміў, што грамадзянаў Беларусі ў Кітаі атыповая пнэўманія не закранула.

(Русакевіч: ) “Цьфу-цьфу-цьфу. Паводле кітайскай інфармацыі, 6 замежных грамадзянаў захварэлі. 4 ужо выпісаліся, 1 памёр – нябеснае царства яму -- гэта быў супрацоўнік Міжнароднае арганізацыі працы”.

(Карэспандэнт: ) “А ў Вас нейкія захады зробленыя – напрыклад, карантын?”

(Русакевіч: ) “Апрача такой тлумачальнай працы – што тут можна, якія захады зрабіць? Абмежавалі доступ у амбасаду, дэзынфэкцыю праводзім”.

Спадар Русакевіч дадаў, што амаль усіх дзяцей беларускіх дыпляматаў ужо накіравалі назад у Менск – засталіся ў Пэкіне толькі чацьвёра, якія ў 9-м і 11-м клясах здаюць выпускныя іспыты. Але й гэтая чацьвёрка праз тыдзень будзе ўжо ў Беларусі, бо ў расейскай школе ў Пэкіне арганізавалі датэрміновыя экзамены.

А ці ёсьць у беларускай амбасадзе ў Пэкіне нейкі санітарны кантроль наведнікаў і якія захады робяць кітайскія ўлады дзеля спыненьня эпідэміі?

(Русакевіч: ) “Не, няма. Санітарны кантроль ёсьць на аб'ектах, якія пералічаныя – іх каля 9. Але сёньня абвесьцілі, што з двух студэнцкіх інтэрнатаў карантын здымаецца. У тых месцах, дзе знойдзеныя хворыя, працягваецца карантын: туды нельга ўваходзіць, адтуль нельга выходзіць, іх забясьпечваюць харчамі, усім неабходным, каб прадухіліць распаўсюджаньне. Улады пабудавалі блізка ад Пэкіну шпіталь на 1000 месцаў – за 10 дзён”.

Я задаў Уладзімеру Русакевічу пытаньне пра студэнцкі абмен паміж Кітаем і Беларусьсю.

(Русакевіч: ) “Кітайскіх студэнтаў, паводле нашых зьвестак, каля тысячы. А нашых – 15. Нашы практычна зьехалі ў Беларусь, датэрмінова скончыўшы заняткі”.

З гэтай тысячы кітайскіх студэнтаў бальшыня вучыцца ў Менску – у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, нацыянальным тэхнічным, Менскім лінгвістычным...

Я патэлефанаваў у інтэрнат БДУ нумар 10 у Шчомысьліцы ды спытаўся ў дзяжурнай Валянціны Малько, колькі там жыве студэнтаў з Кітаю:

(Малько: ) “52. Але ж яшчэ віетнамцы у нас ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вас нейкія захады рабіліся адмысловыя, прафіляктыка?”

(Малько: ) “Па-мойму, не”.

(Карэспандэнт: ) “А Вы не баіцеся?”

(Малько: ) “Баюся. І вельмі!”

(Карэспандэнт: ) “А што робіце, каб не заразіцца?”

(Малько: ) “Ой, нічога. Яшчэ й даю тэлефон ім – калі тэлефануюць з Кітаю”.

Я таксама папрасіў спадарыню Малько запрасіць да тэлефона каго-небудзь з кітайцаў. Пагадзілася паразмаўляць першакурсьніца біялягічнага факультэту БДУ Чжан Ян, сям'я якой жыве ў цэнтральным Кітаі. Паводле спадарыні Чжан, сярод кітайцаў у Менску ніхто на атыповую пнэўманію не хварэе, а студэнтаў з КНР штотыдзень кантралююць у 33-й паліклініцы на вуліцы Сурганава.

(Чжан: ) “Бяруць кроў, потым правяраюць, што там ёсьць, – па серадах, адзін раз”.

Як распавяла Ян, амбасада Кітаю ў Менску рэкамэндуе сваім студэнтам заставацца ў Беларусі.

(Чжан: ) “Яны кажуць, што лепш ня ехаць дадому. Тут таксама ўсё нармальна, усё выдатна. Мы маем практыку ўлетку”.

Спадарыні Чжан я задаў і гэткае пытаньне: ці баяцца зараз размаўляць з кітайцамі жыхары Беларусі?

(Чжан: ) “Размаўляць не баяцца. Вось калі паехаць, тады баяцца”.

Я пацікавіўся таксама ў беларускага амбасадара ў Пэкіне, ці едуць у Беларусь цяпер кітайскія дэлегацыі?

(Русакевіч: ) “Я плянаваў у траўні-чэрвені вельмі інтэнсіўны абмен. Ён мусіў быць, але, на жаль, паводле рэкамэндацыі нашага Міністэрства аховы здароўя, гэтыя візыты ўсе скасаваныя, у тым ліку з кітайскага боку. Таму кантакты зараз толькі па тэлефоне”.

Дык ці закране Беларусь атыповая пнэўманія? Вось як адказвае на гэтае пытаньне Ўладзімер Русакевіч:

(Русакевіч: ) “Гэта прагназаваць нельга. Толькі можна спадзявацца. Таму што выяўляюцца – вось толькі што сядзеў, чытаў, нягледзячы на выходны, – новыя дадзеныя. Як паведамляе Ўсяьсветная арганізацыя аховы здароўя, ужо вірус перадаецца праз харчовыя прадукты. Праўда, Беларусь купляе ў Кітаі ў асноўным сельскагаспадарчую сыравіну. Арахіс купляем, тытунь. А гатовае да спажываньня – не”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG