Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ГОМЕЛЯ НЕ ДАПУСКАЮЦЬ ІНШАДУМСТВА НА ПЕРШАТРАВЕНЬСКАЙ ДЭМАНСТРАЦЫІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Гарадзкая суполка Беларускай сацыяльнай-дэмакратычнай партыі Народная Грамада падала афіцыйную замову ў гарвыканкам на правядзеньне 1 траўня дэманстрацыі і мітынгу. У пісьмовым адказе ўлады паведамілі, што дэманстрацыя ўжо замоўленая і прапанавалі сацыял-дэмакратам далучыцца да яе.

Калі ж сёньня яны прыйшлі з партыйным бел-чырвона-белым сьцягам з выявай ружы на пляц Паўстаньня, адкуль пачыналася шэсьце да цэнтру гораду, пачаліся праверкі.

Распавядае старшыня суполкі Юрась Захаранка:

(Захаранка: ) “Спачатку падыйшоў супрацоўнік КДБ – мы яму паказалі ўсе паперы. Потым падыйшоў начальнік Цэнтральнага РАУСу і таксама праверыў нашы паперы на сьцяг, на ўдзел. Перад самым шэсцем двое ў цывільным падскочылі да нас і сарвалі сьцяг”.

Людзі ў цывільным чапляліся і да прадстаўнікоў аргкамітэту “Прамое сацыяльнае дзеяньне”. Яго ўзначальвае дэпутат гарсавету Юрый Глушакоў. Ахоўнікаў чамусьці вельмі непакоілі партрэт Чэ Гевары на чырвоным палотнішчы і лёзунг: “Падвышэньне квартплаты: супраціўляйся альбо высяляйся”.

Дэпутат Глушакоў лічыць, што нават нармалёвыя сацыяльныя лёзунгі бянтэжаць улады.

(Глушакоў: ) “У дадзеным выпадку яны сутыкнуліся з сацыяльнай апазыцыяй. Першага траўня – гэта ня дзень вясны і працы, якім яго робяць уладу маючыя, а гэта – дзень барацьбы працоўных за свае правы, перш-наперш”.

Назіральнік ад Беларускага Гельсынскага камітэту Віктар Адзіночанка наконт паводзінаў уладаў і міліцыянтаў заявіў наступнае.

(Адзіночанка: ) “Хачу зьвярнуць увагу, што дзеяньні ўладаў і міліцыі – яны мелі адкрыта хуліганскі характар”.

Сацыял–дэкмакратам усё-такі ўдалося адваяваць партыйны сьцяг, і яны пад сьцягам прыйшлі на пляц Леніна. Аднак лідэру гарадзкой суполкі Народнай Грамады выступіць на мітынгу не далі. Яго нават не падпусьцілі да трыбуны.

Сябра партыі Кацярына Гаравая зазначыла на гэта:

(Гаравая: ) “Нават тым палітычным сілам, якія афіцыйна зарэгістраваныя, няма магчымасьці спакойна прыйсьці і неяк выказаць думкі наконт таго, што адбываецца сёньня ў краіне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG