Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФЭСТЫВАЛЬ БЕЛАРУСКАГА ТЭАТАРУ Ў ФРАНЦЫІ


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Вірджынія Шыманец, Вера Шыпіла, Мікола Пінігін

25 красавіка ў францускім горадзе Клермон Фэро пачаўся Фэстываль беларускага тэатру, які будзе доўжыцца да 20 мая. Тэма яго зьвязаная з Чарнобылем, таму і праводзіцца ён у час, калі адзначаецца чарговая гадавіна трагедыі.

Што сёньня новага можна сказаць пра Чарнобыль? Сваё бачаньне чарнобыльскай тэмы выявіў францускі тэатральны рэжысэр Бруно Бусаголь пасьля таго, як прачытаў выдадзеную ў Францыі кнігу Сьвятланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”. Цікавасьць да гэтых праблемаў і адлюстрававньня іх мастацкімі сродкамі, у прыватнасьці, праз тэатральнае мастацтва, прывялі яго ў Беларусь.

(Шыманец: ) “Бруно Бусаголь, калі прыяжджаў у Беларусь, ён зразумеў, можа быць, што нешта новае павінна ўзьнікаць на гэтай тэрыторыі. Ён хацеў прапанаваць прастору, дзе людзі маглі б абменьвацца думкамі і паказаць, што яны робяць у мастацтве дзеля таго, каб зразумець, што можна ставіць, што можна пісаць, што можна граць пасьля Чарнобылю.

Гэта пытаньне для французаў вельмі цікавае таму, што ў нас ёсьць амаль 60 атамных станцый, Нас гэта вельмі хвалюе, мы адчуваем, што людзі ў Беларусі цяпер жывуць, магчыма, нашай будучыняй”.

Гаварыла Вірджынія Шыманец, беларуска з Парыжу, якая ўжо працяглы час дасьледуе гісторыю беларускага тэатру і абараніла на гэтую тэму доктарскую дысэртацыю ў Сарбоне. Вірджынія адразу падтрымала ініцыятыву Бруно Бусаголя. Яна як акторка узяла ўдзел у спэктаклі, які рэжысэр падрыхтаваў паводле кнігі Сьвятланы Алексіевіч. З гэтым спэктаклем яны прыяжджалі летась у Беларусь, выступалі ў Гомелі і Менску. Тады і нарадзілася гэтая ідэя правядзеньня Фэстывалю беларускага тэатру ў Францыі.

Сп. Вірджынія паведаміла, чаму менавіта Клермон Фэро прымае беларускіх артыстаў:

(Шыманец: ) “Клермон Фэро – пабрацім з Гомелем ужо 25 гадоў. Калі ў Беларусі ўстанавіўся таталітарны рэжым, горад Клермон Фэро вырашыў байкатаваць Гомель і не прадаўжаць супрацоўнічаць зь людзьмі ў Беларусі. У мінулым годзе мы выяжджалі ў Беларусь. Калі мы вярнуліся, мы доўга размаўлялі зь людзьмі ў гэтым горадзе, спрабавалі іх пераконваць, што дзяржава – гэта адно, а ці трэба байкатаваць грамадзян? Можа ў гэтым пляне нашая праца ў Беларусі не была дарэмнай, нават калі яна толькі тэатральная спачатку”.

Усяго ў фэстывалі бяруць удзел каля 80 гасьцей зь Беларусі, хто арганізоўвае і аплочвае іх побыт?

(Шыманец: ) “Гэтая структура называецца “Brut de Beton production”, яна узяла на сябе ўсю арганізацыю фэстывалю. Горад Клермон Фэро дапамагае ў тым, каб нам даць інфраструктуру, гэта значыць – залі. Але “Brut de Beton production” не атрымаў субсыдыяў для таго, каб арганізоўваць усё гэта. Нам было патрэбна знайсьці у самім Клермон Фэро партнёраў. Кожны партнёр выбраў сабе беларускага партнёра. Беларускія удзельнікі цяпер маюць кожны партнёра, які дапамагае яму прыяжджаць і выступаць”.

Напрыклад, для тэатральнай групы пад кіраўніцтвам рэжысэра Міколы Пінігіна прыём падрыхтавала Нацыянальная сцэна ў Клермон Фэро.

Адным з арганізатараў фэстывалю ёсьць і грамадзкая арганізацыя “Беларускія пэрспэктывы”, створаная ў 1996 годзе францускімі грамадзянамі, якія цікавяцца гісторыяй і культурай Беларусі. Суполка выдае свой бюлетэнь, яго рэдагуе яшчэ адна беларуска з Францыі Аляксандра Гужон, там была надрукаваная праграма фэстывалю.

Вірджынія Шыманец выконвае функцыі прэзыдэнта “Беларускіх пэрспэктываў” і выступае зараз як судырэктарка фэстывалю. Яна распавяла нам пра адкрыцьцё сьвята:

(Шыманец: ) “Усё адбывалася ў опэрным тэатры. Прадстаўнік Клермон Фэро, гэта быў Філіп Боэле, віцэ–мэр гораду, вітаў беларусаў, якія прыехалі, і аб’явіў фэстываль адкрытым. Гэта было сымбалічна таму, што Філіп Боэле таксама актор, ён іграў у тэатры, таксама ўдзельнічаў у спэктаклі “Чарнобыльская малітва” ў Менску. Ён адкрываў гэты фэстываль зь вялікімі эмоцыямі.

Зачыталі прывітаньне Васіля Быкава. Таксама Сьвятлана Алексіевіч была з намі, мы бачылі новы фільм пра яе”.

Фільм зьняла француская рэжысэрка Аліс Бэт’юлар. Гэта ня толькі аповяд пра пісьменьніцу і яе актуальныя кнігі, але і пра сучасную Беларусь. Дакумэнтальныя кадры пра акцыі пратэсту, пра хворых ад радыяцыі дзяцеў асабліва зацікавілі прысутных. Фільм адначасна паказваўся ў залі і па тэлевізіі.

На завяршэньне ўрачыстасьці беларускія госьці паказалі монаспэктакль “Чарнобыльская малітва”, у якім галоўную ролю выконвала маладая акторка Вера Шыпіла. Спэктакль падрыхтаваў Брунo Бусаголь, які таксама прыняў удзел у адкрыцьці і выступіў з прамоваю пра мэты фэстывалю.

Мы запыталі ў Веры, як ёй працавалася з францускім рэжысэрам?

(Шыпіла: ) “Добра, мне падабалася. Вельмі мала часу было для працы. Я прыехала сюды і мы зрабілі спектакль за 5 дзён, вельмі хутка. Алеў нас былі праблемы з-за таго, што я не размаўляю па-француску. Аднак ён перакладаў, і для мяне было ўсё зразумела, што ён хацеў, і таму гэта атрымалася”.

Вера Шыпіла – дачка актораў Тацяны Мархель і Аўгена Шыпілы. Тацяна Мархель запрошаная на фэстываль ў складзе групы актораў Тэатру беларускай драматургіі, яна таксама грае ў падрыхтаваным імі спэктаклі паводле кнігі Сьвятланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”.

(Шыпіла: ) “Гэта іншы спэктакль, але па адной кніжцы. Яна грае там другую жанчыну”.

Вядомы рэжысэр Мікола Пінігін прыехаў на фэстываль раней за іншых, бо адначасна ён знаходзіцца ў Клермон Фэро на стажыроўцы. Сп. Мікола ўжо трэці раз знаёміцца з францускімі тэатрамі.

(Пінігін: ) “У Францыі ёсьць такая сыстэма, калі артысты, якія некаторы час не працуюць, маюць магчымасьць працаваць з замежнымі рэжысэрамі, таксама і з францускімі, каб проста папрацаваць зь іншым рэжысэрам і падняць свой прафесійны ўзровень.

Такой сыстэмы выхаваньня актораў, як у нас, у іх не існуе, яны прыходзяць у тэатар як аматары. Мне зь імі цікава, як і са студэнтамі было цікава працаваць у Беларусі. Але яны іншыя акторы, чым нашыя, зусім іншыя”.

Бальшыня ўдзельнікаў фэстывалю будзе прыяжджаць паводле графіку, залежна ад даты выступленьня, таму ня ўсе яны былі на адкрыцьці. Мікола Пінігін меў магчымасьць там прысутнічаць. Ён выказаў свае ўражаньньні.

(Пінігін: ) “Гэта было цудоўна, цудоўная ідэя. 26 красавіка – гэта сумны, для нас усіх сумны дзень і тое, што яны даведаюцца пра тое, што робіцца ў Беларусі і ў тэатрах, і ў палітычным жыцьці – гэта вельмі важна, што тут адбываецца. Людзі выходзяць з залі зьдзіўленыя і вельмі ўзрушаныя, нават плакалі многія”.

Рэжысэр прыехаў на фэстываль з групаю менскіх актораў, яны прывезьлі свой спэктакль.

(Пінігін: ) “Мы будзем іграць спектакль “Стрыптыз” паводле Славаміра Мрожака, гэта будзе 6 мая”.

Першая пасьля адкрыцьця імпрэза адбылася на наступны дзень, у суботу 26 красавіка.

(Шыманец: ) “Быў вечар пра тэатар. Мы слухалі Міколу Пінігіна, які расказваў пра тэатар, а таксама выступалі Галіна Шофман і Ўладзімер Мальцаў. Гэтыя людзі тлумачылі, што гэта такое – тэатар у Беларусі, і распавядалі пра ягоную гісторыю”.

Вірджынія Шыманец паведаміла таксама пра далейшую праграму фэстывалю і іншых удзельнікаў.

(Шыманец: ) “Артысты маладзёвага тэатру з Гомелю прыяжджаюць для таго, каб паказаць стары спэктакль, які называецца “Гульня каралёў”. Таксама група “Партызан-Арт” з Алесем Асіпенкам. Таксама артысты – Андрэй Савіцкі, Андрэй Вераб’ёў і іншыя. Яны будуць інсталяваць, калі можна так сказаць, сюрпрызы ў галерэі ў Клермон Фэра амаль што тры тыдні.

Будуць канцэрты. Мы запрашаем, напрыклад, групу “Палац”, запрашаем таксама хор Мацюхова, якія сьпяваюць уніяцкія песьні. Пасьля кожнага спэктаклю будуць размовы, мы спрабуем абмеркаваць розныя тэмы, напрыклад, “Беларусь і эўрапейскае будаўніцтва”. Будуць таксама спэктаклі паводле паэзіі. Напрыклад, мы запрашаем Зьмітра Строцава. Ён будзе паказваць спэктакль паводле ягонай паэзіі з адным францускім танцорам і з Аленаю Фраловай, якая інтэрпрэтуе і сьпявае песьні на ягоныя вершы.

Будуць дні навукі і літаратуры. Сьвятлана Алексіевіч яшчэ раз будзе з намі, са Зьмітром Строцавым яны будуць размаўляць пра сытуацыю зь літаратураю ў Беларусі і як яны працуюць.

Таксама будзе цэлы тыдзень для кіно. Мы запрашаем Юрыя Хашчавацкага зь ягонымі фільмамі. І шмат іншых”.

На завяршэньне размовы са сп. Вірджыніяй Шыманец мы запыталіся пра тое, якія яшчэ творчыя набыткі яна мае за апошні час? Высьветлілася, што нядаўна выйшла ў сьвет ейная новая кніга.

(Шыманец: ) “У Францыі, два дні таму. Яна называецца “Тэатар у Беларусі”, пэрыяд – канец 19 ст. – 20-я гады 20 ст. Выдавецтва ўзяло на сябе рызыку выдаць кнігу таму, што яму гэта цікава. У Францыі няма шмат інфармацыі пра Беларусь, але ёсьць людзі, якія хочуць больш прачытаць пра гэтую краіну”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG