Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТ, ЯКІ ЗЬБІЎ АНТОНА КІШКУРНУ, У СУД НЕ ЗЬЯВІЎСЯ


Любоў Лунёва, Менск

Судзьдзя Аксана Рэлява зачытала міліцэйскі пратакол, зь якога вынікала, што Антон Кішкурна 26 сакавіка паставіў аўтамабіль ля будынка Савецкага суду пад знакам, які забараняе паркоўку. Ён нібыта адмовіўся паказаць дакумэнты супрацоўнікам міліцыі. Яго пачалі выцягваць з машыны, і паміж міліцыянтамі і Антонам усчалася бойка.

Сам Антон і сьведкі зь ягонага боку абвяргаюць гэтыя зьвесткі. Антон патлумачыў, што 26 сакавіка ён быў сьведкам у справе свайго бацькі, якога судзілі за несанкцыянававы мітынг на Дзень Волі. Да аўтамабіля падышоў нейкі чалавек у цывільным і груба крыкнуў: “Вон адсюль!” Антон пацікавіўся, чаму зь ім так размаўляе незнаёмы. Тады той накінуўся на яго, пачаў цягнуць з машыны. Потым клікнуў міліцыянтаў у форме і разам зь імі выцягнуў хлопца з машыны.

Антона павалілі на зямлю, зьбілі твар і скруцілі рукі. Калі на крыкі з суду выбеглі людзі, міліцыянты зацягнулі Антона ў міліцэйскі “варанок”. Толькі пасьля гэтага Антон даведаўся, што чалавек у цывільным — намесьнік начальніка Савецкага райаддзелу міліцыі Яўген Гуранкоў.

У дзяжурнай частцы міліцыі Антон напісаў заяву, каб яго накіравалі на судмэдэкспэртызу. Тады міліцыянты склалі на яго адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. На наступны дзень, калі даведаліся, што ў Антона зламаная рука, то выклікалі супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспэкцыі і склалі яшчэ адзін пратакол. Антона абвінавацілі яшчэ і ў тым, што ён паркаваў машыну ў забароненым месцы. Тое, што ля суду кожны дзень паркуюцца дзясяткі аўтамабіляў, супрацоўнікаў міліцыі не зьбянтэжыла.

Судмэдэкспэрты канстатавалі пабоі й пералом рукі. Антону зрабілі апэрацыю, і ён дагэтуль ня можа працаваць, бо правая рука ў гіпсе. У пракуратуры ляжыць заява ад Антона Кішкурны, у якой ён патрабуе, каб міліцыянтаў прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці.

На судовае паседжаньне не прыйшоў сам спадар Гуранкоў. Таму судзьдзя перанесла далейшы разгляд справы на 8 траўня. Вось як сам Антон Кішкурна пракамэнтаваў паседжаньне:

(Кішкурна: ) “Больш за ўсё мяне абурае тое, што мяне мала таго, што пабілі, дык яшчэ й абвінавачваюць. Было відавочна, што міліцыянты нахабна хлусяць. Яны і паводзілі сябе даволі бессаромна. Яны гэта робяць дзеля таго, каб пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці. Гледзячы, як ішоў гэты працэс, можна зрабіць выснову, што яны здолеюць пазьбегнуць пакараньня”.

Калі адміністрацыйная судзьдзя Аксана Рэлява прызнае, што Антон не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі і вынясе пакаральны прысуд, міліцыянтам будзе лягчэй пазьбегнуць крымінальнай адказнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG