Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАДЗІНА СМУТКУ Ў ГОМЕЛІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Сёньня таксама а 18-й гадзіне некалькі дзясяткаў гамельчукоў з запаленымі сьвечкамі і нацыянальнымі сьцяжкамі, павязанымі чорнымі стужкамі, сталі ў круг, каб ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобылю.

Галіна Скараход прыйшла на Гадзіну Смутку з іконай Боскай Маці. Я спытаў у Галіны, чаму, на яе погляд, сёньня прыйшло няшмат гамельчукоў на жалобную акцыю.

(Скараход: ) “Мне думаецца, што мала было інфармацыі. Я дакладна ведаю: абвесткі, якія вырабілі і хацелі распаўсюдзіць у горадзе, забаранілі ў гарвыканкаме. Людзі былі не паінфармаваныя. Другая прычына, падаецца, у тым, што людзі зьняверыліся, што гэта можа ім дапамагчы. Да таго ж і ўлады ня вельмі станоўча ставяцца да такіх акцыяў. Яны ня ўдзельнічаюць разам з намі ў Гадзіне Смутку. Яны як бы не падзяляюць нашы думкі і наш боль”.

Пасьля катастрофы мінула 17 гадоў. Аднак праблемы пацярпелага ад яе наступстваў Палесься ня сталі меншымі. Вось што мяркуе на гэты конт намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Старчанка.

(Старчанка: ) “Праграмы чарнобыльскія ніколі не выконваліся. Ёсьць пэўная імітацыя. Праграмы прымаюцца з помпаю, а потым – не выконваюцца. А ў гэтым годзе нават на 90 мільярдаў рублёў скарацілі заплянаваныя грошы на ліквідацыю наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Таму ўлады не жадаюць, каб людзі, гамельчукі, у прыватнасці, памяталі пра гэту дату. Прычым, не з афіцыйных пазіцыяў, калі ўсё добра, усё “хорошо”, а агульна абраны прэзыдэнт робіць усё магчымае, прыяжджаючы сюды, а з рэальных рэчаў. Рэгіён вымірае, эканамічна занепадае. Людзі не авалодалі постчарнобыльскай культурай і ня здольны выжываць у гэтых умовах”.

Акцыя ў сквэры доўжылася гадзіну. У адрозьненьне ад папярэдніх гадоў, калі тут было шмат міліцыянтаў, сёньня ў сквэры чаргавалі толькі двое. Аднак да гамельчукоў з запаленымі сьвечкамі яны не падыходзілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG