Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРОД БЕЛАРУСАЎ КІТАЮ Й КАНАДЫ ХВОРЫХ НА АТЫПОВУЮ ПНЭЎМАНІЮ НЯМА


Юры Сьвірко, Менск

Усясьветная арганізацыя аховы здароўя раіць устрымацца ад паездак у Пекін і Таронта – гарады, дзе зафіксаваная найбольшая колькасьць хворых на атыповую пнэўманію. У пятніцу я патэлефанаваў амбасадару Беларусі ў Пэкіне Ўладзімеру Русакевічу і спытаў пра сытуацыю ў кітайскай сталіцы:

(Русакевіч: ) “Панікі ў Пэкіне няма ніякай. У Пэкіне 14 мільёнаў жыхароў, 700 чалавек хворых. Таму можаце лічыць самі, што гэта такое. Мы зрабілі захады перасьцярогі, і паездак стала менш”.

Паводле спадара Русакевіча, ў беларускай амбасадзе ў Пэкіне працуе 10 дыпляматаў, а на консулькім уліку стаіць каля 40 грамадзянў Беларусі.

(Русакевіч: ) “Усе жывыя-здаровыя, настрой у нас добры. Перадайце ўсім, што панікі няма. Беларусаў, якія б захварэлі, ці падазроных на хваробу няма”.

(Карэспандэнт: ) “А грамадзянам КНР вы візы выдаяце?”

(Русакевіч: ) “Канечне”.

(Карэспандэнт: ) “А праверку яны нейкую праходзяць у вас ці толькі ў аэрапорце Менску будуць праходзіць?”

(Русакевіч: ) “Ніводная амбасада праверак ня ладзіць. У аэрапорце “Сталічны” гораду Пэкіну стаіць апаратура, людзі адмыслова правяраюць тэмпэратуру, робяць рэнтген і г.д. Кантроль вельмі-вельмі жорсткі”.

(Карэспандэнт: ) “Значыць, калі чалавек хворы – ён проста з Пэкіну ня вылеціць?”

(Русакевіч: ) “Калі чалавек ня тое што хворы – з падазрэньнем нават, – дык яго не выпускаюць. На лініях “Аэрафлоту” Пэкін–Масква ніводнага захворваньня не было. Захады робяцца вельмі строгія”.

(Карэспандэнт: ) “А колькасьць візаў, якія вы выдаяце, скарацілася ці не?”

(Русакевіч: ) “Не”.

(Карэспандэнт: ) “Грамадзяне Кітаю едуць у Беларусь па-ранейшаму?”

(Русакевіч: ) “Едуць па-ранейшаму”.

(Карэспандэнт: ) “А як яны ляцяць – звычайна праз Маскву?”

(Русакевіч: ) “Толькі праз Маскву”.

Нагадаю, што наўпроставых авіярэйсаў з Кітаю ў Беларусь няма, як няма іх і зь Беларусі ў Канаду – яшчэ адзін ачаг атыповай пнэўманіі.

Але ў пятніцу ў канадзкі горад Таронта, дзе найбольш пацярпелых ад гэтай хваробы, прыляцелі на самалётах "Люфтганзы" два пасажыры зь Менску. Хто яны й калі зьбіраюцца назад, невядома.

Я патэлефанаваў старшыні Таронцкага аддзелу Згуртаваньня беларусаў Канады Надзеі Дробінай, якая распавяла:

(Дробіна: ) “Зь беларусаў ніхто не захварэў, дзякуй Богу”.

(Карэспандэнт: ) “Якія захады перасьцярогі вы робіце, каб не захварэць?”

(Дробіна: ) “Ніякіх. Мыем рукі вельмі часта. Маскі ня носім”.

(Карэспандэнт: ) “А якая абстаноўка ў Таронта – напружаная?”

(Дробіна: ) “Я б не сказала. Мабыць, проста сродкі масавай інфармацыі робяць сытуацыю такой напружанай. У горадзе мала хто ходзіць у масках – толькі ў шпіталях, больш нідзе я ня бачыла. Можа, недзе ў кітайскім раёне Таронта, дзе я вельмі рэдка бываю, можа, ходзяць у масках”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG