Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТЫ-КАЛЯКІНЦЫ ПРАЦУЮЦЬ НА ПАРЛЯМЭНЦКІЯ ВЫБАРЫ


Аляксандар Уліцёнак, Менск

(Аляксанадар Уліцёнак: ) “Адразу крыху рэтраспэкцыі: спадарыня Скрыган, сярод апазыцыйных партыяў ПКБ мае найбольшае прадстаўніцтва ў блізкай уладзе”, так?”

(Алена Скрыган: ) “На мінулых выбарах у мясцовыя саветы ад Партыі камуністаў Беларускай вылучалася 365 чалавек. Зь іх удалося правесьці 166 — лічыце, што амаль кожны другі наш прадстаўнік быў выбраны”.

(Уліцёнак: ) “Спадар Пудаўкін, калі мы дамаўляліся пра ўдзел у гэтым круглым стале, вы ўмомант і задужа нэгатыўна зрэагавалі на выпадковую агаворку, зь якой нібыта вынікала, што вы сябар КПБ. Ці азначае такая рэакцыя, што камуністы катэгарычна адмоўна ставяцца да ідэі нават часовых, тактычных саюзьніцкіх пагадненьняў з прадстаўнікамі іншых партыяў?”

(Аляксандар Пудаўкін: ) “Калі сказаць вам шчыра, то я займаю вельмі прынцыповую патрыятычную пазыцыю, і таму я буду заставацца на гэтай пазыцыі. Але я як малады чалавек разумею, што ў любым часе, у любы момант трэба шукаць саюзьнікаў. Гэта рабілася яшчэ балаьшавікамі пры Леніне... Удзельнічаць можна нават з БНФ, але гэта ня значыць, што мы адразу зь ім пагадзімся — мы ўсё роўна застанемся на сваіх камуністычных прынцыпах. Гэтак сама і з сацыял-дэмакратамі, і зь лібэраламі. Патрэбнае ўзаемавыгаднае ўзаемадзеяньне”.

(Уліцёнак: ) “Пакінем гістарычны вопыт для падручнікаў гісторыі і глянем на сёньняшні Мастоўскі раённы савет — ці знайшлі там нейкіх саюзьнікаў?”

(Пудаўкін: ) “Адразу пасьля выбараў я перагледзеў сьпісы дэпутатаў і адразу вылучыў некалькі кандыдатур, якія прабіліся так сама, як і я — чыста выпадкова, толькі ў барацьбе. Мы знойдзем паразуменьне, паколькі гэта як бы новая хваля вось у гэтым дэпутацкім корпусе”.

(Уліцёнак: ) “Працягнем гэтую тэму і пытаньне да спадара Траянава: што вы думаеце пра ініцыятыву дэпутатаў мясцовых саветаў ад сяброў БНФ і Аб’яднанай грамадзянскай партыі пра скліканьне спачатку сходу дэмакратычна скіраваных дэпутатаў, а далей ужо ў працяг гэтай ідэі фармаваньне міжрэгіянальнай дэпутацкай суполкі?”

(Мікалай Траянаў: ) “Узгадваю гісторыю Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня — там была таксама створана дэмакратычная рэгіянальная група, куды ўваходзіў і наш прэзыдэнт...”

(Уліцёнак: ) “...тады не прэзыдэнт”.

(Траянаў: ) “...так, тады ён быў дэпутатам. Дык чаму не сабрацца цяпер нам усім, дэмакратычным сілам, хоць і з рознымі палітычнымі поглядамі...”

(Уліцёнак: ) “...і нарадзіць новага прэзыдэнта з новай дэпутацкай суполкі!”

(Траянаў: ) “Не, каб мы сабраліся і абмеркавалі свае пытаньні. Палітыка — гэта такая справа... Як кажуць ангельцы, у Англіі няма сяброў, а ёсьць толькі свае інтарэсы. А ў нас прайшоў зьезд інтэлігенцыі, ідэалягічная нарада... Так што і мы, партыі, павінны актывізавацца”.

(Уліцёнак: ) “Сказана занадта дыпляматычна, неяк не па-камуністычнаму. Адновім партыйныя традыцыі: спадарыня Скрыган, вы можаце канкрэтызаваць пазыцыю партыі па гэтых прынцыповых пытаньнях?”

(Скрыган: ) “У мяне няма вялікага аптымізму, што будзе нейкі зьезд дэпутатаў, што ён будзе вырашаць нейкія пытаньні й зможа іх вырашыць. Гэта можа быць палітычная акцыя. Але я лічу, што міжрэгіянальныя дэпутацкія групы могуць быць створаныя і могуць дабіцца некаторых станоўчых посьпехаў. Чаму? Таму што ўжо на сустрэчах з дэпутатамі рознага ўзроўню мы бачым, што яны шукаюць адзін аднаго.

Калі ў мясцовым савеце выбраныя 2–3 дэпутаты ад палітычных партыяў, то, вядома, кожны зь іх адзін нічога ня зможа зрабіць. Ён можа зрабіць нейкую заяву, а калі іх ужо 2–3 чалавекі, то яны змогуць аб’яднаць свае намаганьні й вырашыць пытаньні сваіх выбарцаў. Лічу, што гэта вельмі пэрспэктыўна, і мы яшчэ напярэдадні выбараў аддалі ўсе паўнамоцтвы на месцы — гэта вырашаюць самі абласныя і раённыя камітэты. І калі ёсьць такія ўмовы для стварэньня групаў дэмакратычных дэпутатаў, то мы будзем толькі вітаць гэта. І перш за ўсё яны павінны там займацца не палітыкай, а дабівацца выкананьня сваіх перадвыбарчых праграмаў. Бо ад таго, як спрацуюць нашы дэпутаты мясцовых саветаў, у многім залежыць і посьпех выбараў у парлямэнт”.

(Уліцёнак: ) “Не сакрэт: менавіта дэпутаты — сябры Партыі камуністаў Беларускай маюць найбольшы вопыт у параўнаньні зь іншымі партыйнымі, так бы мовіць, калегамі. Ён здабыты раней, яшчэ за савецкім часам. Напрыклад, вось спадар Траянаў казаў, што ён пяты раз запар вылучаецца ў раённы і мясцовы саветы. І незразумела — тут больш плюсаў альбо мінусаў?

Я да таго, што дэпутаты-камуністы па інэрцыі могуць захаваць найгоршыя традыцыі савецкае сыстэмы, калі зьбіраліся на розныя паседжаньні ды сэсіі дзеля таго толькі, каб дзяжурна прагаласаваць за прынятае начальствам рашэньне. Штампанулі — і дзякуй Богу. Хапае сярод вашых дэпутатаў маўчуноў і пагаджальнікаў і сёньня?”

(Скрыган: ) “Ведаеце, ёсьць і такія дэпутаты, што вылучаюцца ад ПКБ. Гэта людзі старэйшага ўзросту, але іх становіцца ўсё менш і менш — прыходзяць новыя людзі, маладыя, якім цікавая гэтая праца, якія рыхтуюцца да выбараў загадзя, як той жа Аляксандар Пудаўкін. Ён з-за сьціпласьці не сказаў, што выйграў выбары не таму, што вельмі добра арганізаваў выбарчую кампанію, а таму, што некалькі гадоў працаваў на свой сёньняшні аўтарытэт, шмат чаго зрабіў для сваёй вёскі, сваіх людзей. І мы робім стаўку на тых дэпутатаў, якія актыўна працуюць з выбарцамі, якія вырашаюць надзённыя пытаньні сваіх населеных пунктаў”.

(Уліцёнак: ) “Спадар Траянаў, у мяне да вас канкрэтнае пытаньне: які пункт выбарчае праграмы сёньня вы рэалізуце, ставіце ў галаву, над чым сёньня працуеце?”

(Траянаў: ) “Самае галоўнае, як я ўжо гаварыў, гэта людзі, асабліва сталага ўзросту. Да мяне вось зьвярнуліся ў сельскі савет дапамагчы знайсьці брыгаду, каб выкапаць магілу і пахаваць чалавека. А бытавыя пытаньні — прывезьці і тыя самыя дровы, брыкет, правесьці газ... Ёсьць у нас вялікая вёска Буйнічы, вядомая па 1941 годзе...”

(Уліцёнак: ) “Сіманаўская...”

(Траянаў: ) “Так, сіманаўскае Буйніцкае поле... Тут праграма праграмай, але й самое жыцьцё задае праграму”.

(Уліцёнак: ) “Кажуць, што жыцьцё нам задае праграму, але здараецца, што і праграма працуе на жыцьцё... Вы, мабыць, зразумелі, Алена Мікалаеўна, што я маю на ўвазе”.

(Скрыган: ) “Зразумела”.

(Уліцёнак: ) “Я маю на ўвазе зьезд Партыі камуністаў Беларускай”.

(Скрыган: ) “Так, 24–25 траўня адбудзецца чарговы, сёмы зьезд нашай партыі. Мы будзем прымаць новую праграму. Праграма-мінімум будзе ўключаць і тыя пытаньні, якія мы абмяркоўваем сёньня — гэта будаўніцтва ў нашай краіне дэмакратычнай дзяржавы. У першую чаргу гэта, вядома, зьвязана з тым, каб дабіцца правядзеньня свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў. Пачынаючы ад мясцовых саветаў і заканчваючы выбарамі прэзыдэнта.

Тут мы павінны працаваць таксама і зь іншымі партыямі, вось і супрацоўнічаем з дэпутацкай групай “Рэспубліка”. Мінулыя выбары ў мясцовыя саветы паказалі, што ў многім выбарцы ўжо гатовыя галасаваць за новых людзей. Як падлічыць правільна гэтыя галасы, як пазьбегнуць фальсыфікацыяў — вось гэтыя пытаньні мы таксама абмяркуем на зьезьдзе”.

(Уліцёнак: ) “Тады ў мяне пытаньне да спадара Пудаўкіна. У якой ступені будуць далучаныя да гэтай працы дэпутаты ад ПКБ?”

(Пудаўкін: ) “Любое рашэньне, якое прымаецца на самым высокім узроўні, павінна даходзіць да простага чалавека. Але перад тым, як зьбіраць дэмакратычных дэпутатаў, я хацеў бы, каб Цэнтральны Камітэт сабраў сваіх партыйных дэпутатаў, каб мы маглі пабачыцца, пагаварыць паміж сабой, падзяліцца вопытам, а потым ужо аб’ядноўвацца з усімі астатнімі, хто лічыць патрэбным аб’ядноўвацца”.

(Скрыган: ) “Прапанова вельмі добрая, і мы сустрэнемся ў найбліжэйшы час. Магчыма, гэта будуць сустрэчы па абласьцях. Мы ўжо сустракаемся ў наступную нядзелю з дэпутатамі і нашым актывам у Барысаве, і ў нас ёсьць пляны цягам паловы году сустрэцца ва ўсіх абласьцях з нашымі актывістамі і дэпутатамі”.

(Уліцёнак: ) “Спадар Траянаў, што вы думаеце пра стасункі партыя — дэпутат, дэпутат — партыя?”

(Траянаў: ) “Сувязь партыя — дэпутат — партыя як у тым люстэрку: ён дэпутат, і ў люстэрку ідзе адбітак на партыю. Як ты паказваеш празь сябе народу, насельніцтву гэтую партыю”.

(Уліцёнак: ) “Рэанімавалі лёзунг “КПСС — які ты, такая і партыя”?”

(Скрыган: ) “І каб люстэрка не было крывое, трэба працаваць вельмі й вельмі добра”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG