Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЛЯ ЎЕЗДУ Ў БЕЛАРУСЬ ТАКСАМА СПАТРЭБІЦЦА МІГРАЦЫЙНАЯ КАРТА


Юры Сьвірко, Менск

Ужо сёлета тым замежным грамадзянам, якія наведваюць Беларусь, пачнуць выдаваць міграцыйную карту, што цалкам адпавядае аналягічнаму расейскаму дакумэнту. Пакуль жа міграцыйная карта Расеі выдаецца на беларускіх межах толькі транзытным пасажырам.

Паводле міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, пытаньне пра саюзную міграцыйную карту абмяркоўвалася на паседжаньні аб’яднанай калегіі МУС Беларусі й Расеі ў Пскове. Гэта выклікана “неабходнасьцю кантролю за міграцыйным працэсам”, бо затрыманьне аднаго нелегальнага мігранта й дэпартацыя каштуе беларускаму бюджэту прыблізна 500 даляраў, паведаміў спадар Навумаў.

Гэтая заява міністра ўнутраных справаў супала з паседжаньнем у Менску рабочай групы ў справах міграцыі, якая створаная ў рамках Цэнтральна-Эўрапейскай Ініцыятывы, дзе сёлета старшынюе Польшча. Як паведаміў начальнік аддзелу аналізу і плянаваньня консульскай управы МЗС Беларусі Аляксандар Астроўскі, рабочая група, сустаршынямі якой абраныя Беларусь і Вугоршчына, абмяркоўвае пытаньні пашырэньня Эўразьвязу ды ўплыву гэтага працэсу на міграцыю ў цэнтры Эўропы, а таксама праблемы часовага ўтрыманьня нелегальных мігрантаў і падпісаньня дамоваў пра іх рэадмісію, то бок вяртаньне ў тую краіну, зь якой яны прыехалі.

Беларусь просіць дапамогі ў стварэньні цэнтру ўтрыманьня для тых мігрантаў, якіх затрымалі падчас спробаў трапіць у Заходнюю Эўропу. Краіны “шэнгенскай зоны” цяпер актыўна вывучаюць ідэю Вялікабрытаніі стварыць у Альбаніі, Харватыі й Румыніі цэнтры, куды будуць вывозіць тых мігрантаў, якія папрасілі прытулку ў Брытаніі, для разгляду іхных заяваў. Мяркуецца, што ў пэрспэктыве падобныя цэнтры на беларускай тэрыторыі будуць таксама выкарыстоўвацца для вырашэньня лёсу ахвотных трапіць, напрыклад, у Нямеччыну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG