Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ХОЧА АТРЫМАЦЬ АД РАСЕІ НОВЫ КРЭДЫТ


Натальля Раковіч, Менск

Як паведамляе агенцыя “Інтэрфакс”, Беларусь хацела б атрымаць ад Расеі крэдыт памерам 300 мільёнаў даляраў для ўвядзеньня з 1 студзеня 2005 году расейскага рубля ў якасьці адзінага плацежнага сродку. У беларускім Нацбанку ня здолелі ні пацьвердзіць, ні зьняпраўдзіць гэтую інфармацыю. Хоць, як заявіў у гутарцы з карэспандэнтам “Свабоды” прэсавы сакратар Нацбанку Міхаіл Журавовіч, патрэбу ў новым крэдыце Беларусь мае.

(Журавовіч: ) “Безумоўна, раней абгаворвалася, што будзе беспрацэнтны крэдыт у якасьці расейскіх рублёў”.

Вядомы эканаміст Валеры Дашкевіч лічыць, што беларускі ўрад сапраўды мог зьвярнуцца да сваіх расейскіх калегаў з падобнай просьбай. Экспэрт нагадвае, што Беларусь мае патрэбу ў крэдытах для падтрымкі эканомікі, але разам з тым не атрымлівае сродкі ад міжнародных арганізацыяў кшталту МВФ. Расея, такім чынам, застаецца адзіным донарам. Папярэднія гады яна дала Беларусі два крэдыты: міжурадавы – 100 мільёнаў даляраў і крэдыт Цэнтрабанку Расеі – 1,5 мільярды расейскіх рублёў. Гэтыя крэдытныя лініі скончыліся, таму ўрад сапраўды мог зноў папрасіць грошай.

Ці можа просьба пра новы крэдыт значыць, што Беларусь цяпер будзе канчаткова вымушаная адмовіцца ад нацыянальнай валюты? Валеры Дашкевіч сьцьвярджае, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра звычайныя міждзяржаўныя адносіны.

(Дашкевіч: ) “Рэч у тым, што крэдыты даваліся на невялікі тэрмін. Паколькі ўмовы не абвяшчаліся, то можна меркаваць, што надышоў тэрмін іхнага вяртаньня, а Беларусь пакуль ня мае грошай для пагашэньня, і яна зьвярнулася да ўраду Расеі, каб ёй выдалі новы крэдыт, які можна накіраваць на выплату папярэдняга. І сума падыходзіць: было 100 мільёнаў міжурадавага крэдыту і 150 мільёнаў крэдыту Центрабанку. У суме гэта дае 250 мільёнаў даляраў. Папрасілі ж 300, каб 250 вярнуць, а 50 на свае патрэбы скіраваць. І такое магло быць”.

Між тым, пытаньне пра ўвядзеньне адзінай валюты зноў абмяркоўвалася сёньня ў часе паседжаньня беларуска-расейскага саўміну. Было пацьверджана, што расейскі рубель увядуць з 1 студзеня 2005 году. Кіраўнік расейскага ўраду Міхаіл Касьянаў паводле вынікаў паседжаньня заявіў, што падрыхтоўчыя працы ў справе ўвядзеньня адзінай валюты трэба паскорыць. Пра эмісійны цэнтар бакі гэтак і ня здолелі дамовіцца. Не дасягнулі кіраўнікі ўрадаў згоды і ў пытаньні спагнаньня ўскосных падаткаў па краіне прызначэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG