Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНСУ-ГЕОРГУ ВІКУ — 75 ГАДОЎ


Ул. інф.

Ганс-Георг Вік нарадзіўся 28 сакавіка 1928 года ў Гамбургу. Тут жа атрымаў адукацыю ў галіне гісторыі, права і філязофіі. У 1954 годзе, пасьля абароны дысэртацыі быў прызначаны на дыпляматычную службу ў Маскву. Паводле нямецкага друку, доктар Вік меў непасрэднае дачыненьне да ўсталяваньня гандлёвых і консульскіх стасункаў паміж ФРН і СССР. Пасьля Масквы Вік прадстаўляў інтарэсы нямецкай зьнешняй палітыкі ў ЗША, Іране, зноў у Савецкім Саюзе, Індыі.

Увесь гэты час мяняліся пасады і кампэтэнцыі дыплямата, аднак сутнасьць дзейнасьці заставалася нязьменнай: Нямеччына і яе дачыненьні зь вялікімі дзяржавамі. На Віка як на кампэтэнтнага адмыслоўца і аналітыка рабілі стаўку самыя розныя нямецкія палітыкі — як сябры па партыі ХДС, так і прадстаўнікі партыяў-канкурэнтаў. Адзін з найбольш выбітных нямецкіх дзяржаўных дзеячоў, колішні канцлер ФРН, сацыял-дэмакрат Гельмут Шміт без ваганьняў прапанаваў дыплямату адну з адказных пасадаў у сваім кабінэце.

Прызначэньне Віка на пасаду амбасадара ФРН у НАТО ў 1980 годзе прыпадае на час найбольш складаных стасункаў паміж краінамі Варшаўскага і Паўночнаатлянтычнага блёкаў — тады размова ішла альбо пра даўзбраеньне альбо пра падпарадкаваньне дыктату савецкага міністра Грамыкі адносна нулявога варыянту.

З 1985 па 1990 Вік узначальвае службу нямецкай выведкі BND. Менавіта з гэтай ягонай дзейнасьцю многія экспэрты зьвязваюць посьпехі на шляху нямецкага аб’яднаньня. Сапраўдным героем газэтных публікацыяў Ганс-Георг Вік, аднак, становіцца пазьней, пасьля прызначэньня кіраўніком КНГ АБСЭ ў Менску.

Беларусь стала першай дзяржавай, якая дала надзвычай рэзкую ацэнку Віку-адмыслоўцу. Як піша “Frankfurter Allgemeine”, тая настойлівасьць, зь якой дыплямат нагадваў афіцыйнаму Менску адпавядаць правілам дэмакратычнай гульні, прыводзіла ў шаленства беларускага лідэра Лукашэнку. Невыпадкова, што новы кіраўнік місіі АБСЭ змог прыступіць да сваёй працы толькі на пачатку 2002 году.

Аналізуючы пэрыяд менскай дзейнасьці Віка (1998–2000), аглядальнікі зыходзяцца ў адным: дыплямат пастаянна імкнуўся прывесьці ўсіх апазыцыянэраў да стала перамоваў. “Тое, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў удалося прапанаваць грамадзтву адзіную аб’яднаўчую фігуру ад апазыцыі, у гэтым, безумоўна, ёсьць і заслуга Віка, — лічыць колішні карэспандэнт АRD па Ўсходняй Эўропе Райнгард Лаўтэрбах. — Іншая справа, што ніводнае замежнае прадстаўніцтва ня можа замяніць актыўнасьці самога грамадзтва. Але ў любым выпадку Вік імкнуўся стварыць падмурак для магчымага зьмяненьня грамадзтва”.

Шматлікія віншаваньні з нагоды свайго юбілею Ганс-Георг Вік прымае ў горадзе, дзе апошнім часам жыве, — Бэрліне. Дыплямат па-ранейшаму цікавіцца Беларусьсю і па-філязофску рэагуе на крытыку, якая ідзе на ягоны адрас як з боку тамтэйшых уладаў, так і з боку апазыцыі. Былы амбасадар АБСЭ ў Менску кансультуе нямецкі МЗС, піша мэмуары пра сваю дыпляматычную дзейнасьць, наведвае ўсе імпрэзы ў Нямеччыне, прысьвечаныя Беларусі, і чакае таго часу, калі без усялякіх перашкодаў зможа атрымаць беларускую візу. У гэтай краіне, паводле ягоных словаў, у яго засталося нямала сяброў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG