Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРГОВЫЯ ПАПРОКІ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ НА АДРАС РАСЕІ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: журналіст Інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Сяргей Пульша і філёзаф Аляксандар Грыцанаў.

(Валер Карбалевіч: ) “У сераду Лукашэнка даў інтэрвію расейскаму часопісу “Наш современник”, падчас якога даваў ацэнкі пазыцыі Расеі па пытаньнях міжнароднай палітыкі, у тым ліку па праблеме беларуска-расейскіх дачыненьняў. Гэтыя ацэнкі досыць крытычныя. Найперш, зьвяртае ўвагу тое, што беларускі кіраўнік зноў выказаўся наконт дзеяньняў ЗША ў Іраку і ўпершыню пакрытыкаваў пазыцыю Расеі. На яго думку, гэтая пазыцыя ня вельмі жорсткая, Расея не павінна проста “лепятаць з экрану” (мабыць, ён меў на увазе заяву Пуціна, паказаную па тэлебачаньні), а аказваць супраціў ЗША.

Трэба сказаць, што ў гэтай заяве Лукашэнкі няма нічога новага. Ужо многа гадоў, яшчэ з часу Ельцына, кіраўнік Беларусі папракае Маскву за саступкі Захаду. Так было падчас вайны ў Югаславіі ў 1999 годзе, калі беларускі кіраўнік патрабаваў ад Расеі дапамогі Мілошавічу. Ці ёсьць нейкі рацыянальны сэнс у такіх папроках? На каго разьлічаныя такія пасажы?”

(Сяргей Пульша: ) “Я думаю, што сэнс у гэтым ёсьць. Гэтыя заявы павінны адвесьці ўвагу ад праблемы продажу зброі Беларусьсю Іраку. Цяпер, як мы ведаем, ЗША абвінаваціла Расею ў продажы зброі Іраку. І Расея павінна выкарыстаць усе свае дыпляматычныя рэсурсы, каб скасаваць гэтыя абвінавачаньні. А Беларусь уваходзіць у так званую “расейскую зону кантролю”. І калі Расеі гэта ўдасца, то здымуцца абвінавачаньні і на адрас Беларусі. А гэта для Беларусі надзвычай важна”.

(Аляксандар Грыцанаў: ) “Наконт продажу зброі, гэта так. Але ёсьць і больш важны чыньнік. Лукашэнка заўсёды імкнуўся выконваць значную ролю на міжнароднай арэне. Таму што і пры Ельцыне, і пры Пуціне Лукашэнка быў дрэнным адлюстраваньнем лініі Масквы ў міжнароднай палітыцы.

Цяпер Лукашэнка лічыць, што ў яго зьявіўся шанец. Ён імкнецца выконваць ролю аднаго зь лідэраў эўрапейскай думкі. Лукашэнка крытыкуе ЗША разам з Шрэдэрам і Шыракам. Ён апынуўся ў вельмі добрай эўрапейскай арыстакратычнай кампаніі. Таму, па-першае, Лукашэнка спрабуе за кошт Расеі ўладкаваць свае дачыненьні з эўрапейскім Захадам. Па-другое, ён хоча паказаць, што яго крытыка ЗША была заўсёды правільнай і дакладнай”.

(Карбалевіч: ) “Выкажу і сваю вэрсію на гэты конт. На мой погляд, гэтыя папрокі на адрас Крэмля арыентаваныя на расейскі электарат. Справа ў тым, што ў расейскім грамадзтве антыамэрыканскія настроі больш моцныя, чым сярод эліты. У Пуціна ёсьць свае матывы, каб не псаваць адносінаў з ЗША, якія не заўсёды зразумелыя далёкім ад палітыкі людзям. На гэта і робіць стаўку Лукашэнка, які спрабуе паказаць сябе больш, так бы мовіць, “крутым” за расейскага прэзыдэнта. То бок, беларускі кіраўнік гуляе тую ж карту, якую шмат разоў гуляў у часы Ельцына.

У згаданым інтэрвію Лукашэнка закрануў беларуска-расейскія стасункі. Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што ў апошніх заявах беларускі кіраўнік робіць настойлівы акцэнт на рознагалосьсях паміж Менскам і Масквою. Пра гэта ён казаў і падчас наўпроставай лініі з чытачамі дзьвюх газэтаў, і у МЗС падчас прадстаўленьня новага міністра. І цяпер у інтэрвію Лукашэнка папракнуў Расею за тое, што яна выстаўляе патрабаваньні, якія непрымальныя для Беларусі.

Зьявіліся і новыя аспэкты. Лукашэнка заявіў, што калі б ня ён, не ягоная пазыцыя, то Беларусь ужо даўно б апынулася ў Эўразьвязе. Гэта такі танны, празрысты, відавочны шантаж. Яшчэ Лукашэнка адзначыў, што менавіта Масква перашкаджае стварэньню адзінай эканамічнай прасторы ў СНД.

Навошта Лукашэнка акцэнтуе ўвагу на беларуска-расейскіх разнагалосьсях? Ці ёсьць тут нейкі рацыянальны матыў? Ці гэта звыклая кружэлка, якая даўно заведзеная і ніяк ня можа спыніцца?”

(Пульша: ) “Я лічу, што для Лукашэнкі тут ёсьць рацыянальнае зерне. Таму што саюз з Расеяй найперш патрэбны яму, бо такі саюз забясьпечвае беларускаму кіраўніку працяг прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, дыпляматычны імунітэт. Лукашэнку задавальняе такое парадаксальнае саюзнае ўтварэньне як аб’яднаньне дзьвюх дзяржаваў у адну “саюзную дзяржаву”.

(Грыцанаў: ) “Лукашэнка пачынае гандляваць на міжнароднай арэне. Ён бачыць, што Пуцін, Шрэдэр, Шырак ня здольныя абараніць Ірак і асабіста Хусэйна. Дзе гарантыя таго, што Пуцін здолее абараніць Лукашэнку, калі Бушу прыйдзецца недаспадобы яго замежная палітыка?

Таму пачынаецца прымітыўны гандаль: Лукашэнка падтрымлівае ініцыятывы Францыі й Нямеччыны. І адначасова ён дае зразумець Пуціну, што ў яго ёсьць свая асобная замежная палітыка”.

(Карбалевіч: ) “Я згодны з тым, што ўзмацняецца працэс гандлю паміж Лукашэнкам і Пуціным. Прычым для беларускага кіраўніка цяпер даволі спрыяльны момант, таму што ў Расеі пачынаецца выбарчая кампанія. І ў гэты час расейская палітычная эліта не зацікаўленая ў нейкіх скандалах і моцных разнагалосьсях зь Беларусьсю. І Лукашэнка хоча скарыстацца гэтаю сытуацыяй.

Нядаўна ў Беларусь зь візытам прыяжджаў дзяржаўны сакратар саюзу Беларусі й Расеі Павал Барадзін. І падчас сустрэчы з журналістамі ён заявіў, што ў канцы гэтага году магчымы рэфэрэндум аб канстытуцыйным акце так званай “саюзнай дзяржавы”. Зразумела, што да выказваньняў Барадзіна трэба ставіцца асьцярожна. Таму што ён ўжо ня раз прарочыў такі рэфэрэндум і выбары саюзнага парлямэнту. Але яго прароцтвы, як правіла, ня спраўджваюцца.

Але на гэты раз Барадзін спаслаўся на нейкую папярэднюю дамову паміж Пуціным і Лукашэнкам падчас іх сустрэчы ў Сочы. Дык ці адбудзецца сёлета рэфэрэндум аб канстытуцыйным акце “саюзнай дзяржавы”, асабліва на тле тых разнагалосьсяў, якія ўзгадаў кіраўнік Беларусі?”

(Пульша: ) “Рэфэрэндум аб Канстытуцыйным акце “саюзнай дзяржавы” цалкам верагодны. Але да заяваў Барадзіна сапраўды трэба ставіцца скептычна. Таму што ён першы зацікаўлены ў рэфэрэндуме і стварэньні такога эфэмернага ўтварэньня як “саюзная дзяржава”. Барадзін ужо адзін раз зьлятаў у ЗША, і мы ведаем, чым гэта скончылася. Калі рэфэрэндум і будзе, то чыста намінальны”.

(Грыцанаў: ) “Па-першае, рэфэрэндум можа быць, але такі, які ня будзе прынцыпова нічога вырашаць. Магчыма, гэта будзе нейкая рэпэтыцыя перад будучымі гульнямі паміж Масквою і Менскам.

Па-другое, пасьля “бруклінскага палону” Барадзін страціў асабістыя амбіцыі ў палітыцы. Раней ён быў дрэнным адбіткам Ельцына. Цяпер Барадзін адлюстроўвае пляны нейкіх іншых палітычных сілаў, іх жаданьні. І ня больш за тое.

Па-трэцяе, плянаваны рэфэрэндум — гэта ў нечым пагроза і Маскве. Многія ў Расеі жадаюць больш хуткага аб’яднаньня. І Барадзін кажа: сьпяшайцеся, таму што Буш можа прыняць іншае рашэньне, і Масква можа страціць Беларусь”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, папрокі на адрас Расеі з вуснаў Лукашэнкі сталі сталым спадарожнікам беларуска-расейскіх дачыненьняў. Бязь іх нават цяжка ўявіць гэтую дзіўную інтэграцыю. Здаецца, гэта неабходны чыньнік “славянскага братэрства” ў беларускім разуменьні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG