Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА КРАТАМІ СПЭЦПРЫЁМНІКА-РАЗЬМЕРКАВАЛЬНІКА НА ВУЛІЦЫ АКРЭСЬЦІНА ДВАЦЦАЦЬ ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ


Любоў Лунёва, Менск

Судовы канвэер ў Менску дзейнічаў з 13 сакавіка. За гэты час праз суды прайшлі некалькі дзясяткаў удзельнікаў Маршу “За лепшае жыцьцё!” і сьвяткаваньняў 85-х угодкаў БНР 23 і 25 сакавіка.

З-за кратаў спэцпрыёмніка ўжо выйшлі Мікола Мяцельскі і Дзяніс Дашкевіч. Дзяніс Дашкевіч сядзеў у адной камэры зь лідэрам Маладога Фронту Паўлам Севярынцам і сакратаром Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімерам Юхо. Ён распавёў пра ўмовы ўтрыманьня:

(Дашкевіч: ) “У нас у камэры было 7 чалавек. Сама камэра даўжынёй пяць з паловай мэтраў, шырынёй – 2 мэтры. Мы палічылі, што на аднаго чалавека менш за адзін квадратны мэтар. За трое сутак, што мы там сядзелі, нас ні разу не выводзілі падыхаць свежым паветрам. Калі я выйшаў, у мяне склалася ўражаньне, што гэта нейкае незвычайнае паветра, такі марскі ветрык. Кармілі нас вельмі дрэнна – два разы на суткі. Раніцай у 10 гадзінаў давалі нейкую кашу, перамешаную з вадой. Абед і вячэра былі разам – зноў нейкая нясмачная каша, паўсырая катлета, суп без солі і гарбата без цукру”.

Назіральнікі адзначаюць, што ў судах парушаліся элемэнтарныя нормы права. Судзьдзі не зьвярталі ўвагі на супярэчлівыя сьведчаньні міліцыянтаў і нават на адсутнасьць доказаў віны. Вячаславу Сіўчыку наагул судзьдзя Шылаў адмовіў у адвакаце і, не зьвяртаючы ўвагі на пратэсты, вынес прысуд – 15 сутак арышту.

Адметнай рысай гэтых акцыяў стала відавочная напружанасьць у міліцэйскім асяродзьдзі. Калі шараговыя міліцыянты часам нават добразычліва ставіліся да затрыманых, то міліцэйскае начальства паводзіла сябе даволі груба. Намесьнік начальніка Савецкага райаддзелу Яўген Гурэнкоў ля будынку Савецкага суду кінуўся зьбіваць дваццацігадовага сына Ўладзімера Кішкурны, які папросту сядзеў у аўтамабілі. Відаць, яму не спадабалася бел-чырвона-белая налепка. Антона Кішкурну адвезьлі ў дзяжурную частку міліцыі. Калі там убачылі, што ў Антона зламаная рука, Гурэнкоў загадаў скласьці пратакол за нібыта непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі. Антон Кішкурна дабіўся накіраваньня на зьняцьцё пабоеў. У шпіталі канстатавалі яшчэ й пералом правай рукі. Цяпер Антон намагаецца, каб пракуратура прыцягнула да крымінальнай адказнасьці сп. Гурэнкова за перавышэньне службовых паўнамоцтваў і злоўжываньне ўладай. Хутчэй за ўсё, гэтая справа дойдзе да суду, бо Гурэнкоў быў у цывільным і не прадстаўляўся. Апроч таго, ён загадаў схапіць чатырох непаўнагадовых сяброў “Зубру” толькі за тое, што тыя стаялі на ганку суду.

Вінцук Вячорка лічыць, што прычынай жорсткіх расправаў ёсьць боязь уладаў:

(Вячорка:) “Яны вельмі баяцца нават параўнальна невялікай хвалі вулічных пратэстаў. Задача зьбіць, зьбіць! Фактычна, любой цаной. Дзень незалежнасьці – гэта дата, якую ў Менску нікому не дазваляецца годна сьвяткаваць. Гэта тое, што нам хацеў сказаць і паказаць Лукашэнка”.

Увечары 27 сакавіка з-за кратаў спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка выйдуць Людміла Гразнова, Андрэй Саньнікаў і Зьміцер Бандарэнка – арганізатары Маршу “За лепшае жыццё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG