Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎ РАЗЬВІТАЎСЯ З ПРАВААБАРОНЦАМ СЯРГЕЕМ АБАДОЎСКІМ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Сяргей Абадоўскі стаў вядомы ў Магілёве на пачатку 1990-х гадоў, калі ствараліся незалежныя прафсаюзы. Ён стаў першым старшынём рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу, потым стварыў Магілёўскі праваабарончы цэнтар, які і зараз зьяўляецца адзінай у краіне самастойнай зарэгістраванай праваабарончай арганізацыяй рэгіянальнага роўню.

Сяргей Абадоўскі раптоўна памёр на 53-м годзе жыцьця ад інсульту. На пахаваньне ў Магілёў прыехалі лідэры Свабоднага прафсаюзу і юрысты-правабаронцы зь Менску, Бабруйску, Салігорску, Мазыру, раённых цэнтраў Магілёўскай вобласьці. Сярод іх быў лідэр Свабоднага прафсаюзу Беларусі Генадзь Быкаў, які гаварыў пра Сяргея Абадоўскага як пра таленавітага юрыста і дастойнага чалавека.

(Быкаў: ) “Гэта асоба па-беларуску. Каб у нашай краіне было адсоткаў 10 такіх людзей, мы б ужо жылі ў іншай краіне. Шкада, вельмі шкада, што гэтага чалавека ня стала”.

Сябар Сяргея Абадоўскага Валеры Шчукін лічыць, што правабаронцаў з такім вялікім вопытам і адданасьцю сваёй справе вельмі мала, а таму гэта сапраўды вялікая страта.

(Шчукін: ) “Сяргей сапраўды застанецца ў маёй памяці на ўсё жыцьцё, таму што гэта быў Праваабаронца зь вялікай літары. Чалавек, які не шкадаваў сябе і аддаваў усяго сябе людзям”.

Усё сваё жыцьцё Сяргей Абадоўскі прысьвяціў абароне правоў людзей. Апошнія гады ён ладзіў разам зь Беларускім Гельсынскім камітэтам грамадзкую праваабарончую прыёмную, выдаваў літаратуру пра абарону правоў чалавека.

Старшыня Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Марыя Аліева гаворыць, што Абадоўскаму заўсёды не хапала часу, каб займацца ўласнымі праблемамі.

(Аліева: ) “Усё імкнуўся зрабіць для людзей. Ён толькі і дбаў пра людзей. Чалавек паважаны. Вы бачыце, колькі да яго сёньня прыйшло людзей”.

На пахаваньне ня змог прыехаць толькі адзін з сыноў Сяргея — Ясь Абадоўскі, які ўзначальвае Зьвяз беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы. Паводле некаторай інфармацыі, з-за праблемаў з пашпартам яму не дазволілі перасекчы расейскую мяжу.

Магілёўскія калегі Абадоўскага, правабаронцы і прафсаюзныя лідэры, для якіх гэты чалавек быў прыкладам і настаўнікам, заявілі аб працягу справы Сяргея, у якога ў жыцьці была адная мэта — бараніць правы і свабоды чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG