Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПАТРАБУЮЦЬ СКЛІКАЦЬ НЕЧАРГОВУЮ СЭСІЮ АБЛСАВЕТУ


Казімер Яноўскі, Гомель

Да будынку аблвыканкаму дробных гандляроў рынкаў прывяло апошняе падвышэньне ставак адзінага падатку, які зацьвердзіла сэсія абласнога савету меней як месяц таму. У найбліжэйшыя тры дні прадпрымальнікі павінны сплачваць гэтыя новыя падаткі. Яны аказаліся непасільнымі для многіх дробных бізнэсоўцаў. Распавядае прадпрымальніца Марына Згурская:

(Згурская: ) “Чаго прыйшлі? Жыць хочам, таго і прыйшлі. Плаціць падаткі ня будзем, бо ня можам. Людзі з рынку сыдуць. Будзе шмат беспрацоўя, пустых месцаў”.

Канкрэтнае патрабаваньне выказаў Васіль Хамякоў:

(Хамякоў: ) “Хочам дамагчыся, каб вярнулі старыя стаўкі, якія былі раней”.

Паводле падлікаў прадпрымальнікаў, каб працягваць працу ў красавіку, ім трэба ў залежнасьці ад групы тавараў заплаціць да 28 сакавіка ад 426 да 800 тысяч рублёў. Гэта ледзь не ўдвая болей, чым да зацьвярджэньня новых ставак месяц таму.

Да падатку прыбавіліся падвышаныя кошты за гандлёвыя месцы, камэры захоўваньня тавараў. Некаторыя плацяжы адміністрацыя Цэнтральнага рынку ўвяла задняй датай. Аднак пераважную большасьць платы складае стаўка адзінага падатку.

Дарэчы, нягледзячы на чарнобыльскую бяду, у рэгіёне стаўкі самыя высокія ў краіне і па сутнасьці зраўняліся зь менскімі. Чаму так паступіў абласны савет, распавядае прадпрымальнік з Мазыру Валер Баркавец:

(Баркавец: ) “Тут адказ просты. Калі дэпутаты абласнога савету, а 80% — гэта дырэктары прадпрыемстваў, школаў, кіраўнікі банкаў, установаў, начальнікі розных узроўняў, сядзяць у залі, а насупраць іх старшыня аблвыканкаму, мала хто адважыцца галасаваць супраць таго, што вырашыў аблвыканкам. Вось і ўвесь адказ. Патрэбныя іншыя дэпутаты, і будуць нармалёвыя рашэньні”.

Васьмі прадпрымальнікам з двухсот, што прыйшлі да аблвыканкаму, удалося сустрэцца са старшынём аблсавету Валерам Сяліцкім і начальніцай падатковай інспэкцыі Галінай Пашэд. Спадар Сяліцкі паабяцаў вынесьці ўзьнятыя прадпрымальнікамі пытаньні на разгляд новасфармаванай дэпутацкай сэсіі. Аднак да 28 сакавіка, апошняга дня аплаты падаткаў, сэсія не зьбярэцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG