Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПАХАВАЛІ ВЯДОМАГА БЕЛАРУСКАГА ПАЛІТЫКА ГЕОРГІЯ ТАРАЗЕВІЧА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Былы старшыня Вярхоўнага Савету БССР, намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету СССР, амбасадар Беларусі ў Польшчы Георгі Таразевіч памёр у мінулую пятніцу ва ўласным доме. Улады адмовіліся арганізоўваць дзяржаўнае пахаваньне нябожчыка.

У 1995 годзе Георгі Таразевіч на знак пратэсту супраць правядзеньня рэфэрэндуму па мове й дзяржаўнай сымболіцы адмовіўся ад пасады амбасадара ў Польшчы і перайшоў у апазыцыю да Аляксандра Лукашэнкі. Усе гэтыя гады ён быў сябром ЦК Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”.

Вось што ўзгадаў пра Георгія Таразевіча старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Я бачыў, як ён працаваў. Як ён ставіўся да Беларусі, да людзей, да беларускай мовы. Гэта быў вельмі прыстойны чалавек. Выхаванец Беларусі, нашай, Заходняй Беларусі. Мы зь ім працяглы час былі ў адной партыі сацыял-дэмакратычнай “Народная грамада”. Погляды, падыходы на нашую рэчаіснасьць у нас былі аднолькавыя. Я сёньня разумею, што краіна згубіла шмат са сьмерцю гэтага выдатнага чалавека”.

А яшчэ аднаму экс-старшыні беларускага парлямэнту Станіславу Шушкевічу прыгадаўся адзін найбольш яскравы эпізод з жыцьця Георгія Таразевіча:

(Шушкевіч: ) “Калі мы зацьвярджалі беларускую сымболіку, герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг, каб Таразевіч ня выступіў, мы б яго не зацьвердзілі. І за гэта ўсё сваё жыцьцё я яму буду ўдзячны. Я тады зь ім перагаварыў і сказаў: “Трэба вам выступіць, бо вы маеце вялікі ўплыў на былую партнамэнклятуру”. Ён цудоўна выступіў на беларускай мове, і галасаваньне было 173 — за. Каб хоць адзін голас меней, гэта б не прайшло. Я думаю, што гэта засталося ў гісторыі, і людзі ведаюць, якія ў нас сапраўдныя дзяржаўныя сымбалі”.

Разьвітацца з Георгіем Таразевічам у менскі Дом літаратара прыйшлі ягоныя калегі па дэмакратычным руху, былыя высокія чыноўнікі, але прадстаўнікоў цяперашніх уладаў амаль не было. Прысутнічалі толькі прэзыдэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч і старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч.

Нягледзячы на такую абыякавасьць уладаў, вядомы паэт Генадзь Бураўкін пераканаы, што асоба Таразевіча зойме належнае месца ў беларускай гісторыі:

(Бураўкін: ) “Усё, што ён мог зрабіць для незалежнасьці Беларусі, для самастойнага жыцьця нашай краіны, ён зрабіў. Ён радаваўся, што Беларусь стала сувэрэннай дзяржавай. Быў добрым прадстаўніком, амбасадарам Беларусі ў Польшчы. І я думаю, што такія людзі як Таразевіч былі выключаныя з сур’ёзнай палітычнай дзейнасьці. Таму мы сёньня страцілі аднаго з такіх людзей, у якога ёсьць права застацца ў гісторыі Беларусі”.

Георгія Таразевіча пахавалі на Ўсходніх могілках Менску непадалёк ад магілы Генадзя Карпенкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG