Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ СТВАРАЕ МІЖРЭГІЯНАЛЬНУЮ ДЭПУТАЦКУЮ ГРУПУ


Уладзімер Глод, Менск

Выканкам АГП на сваім паседжаньні, якое адбылося 19 сакавіка, пагадзіўся з гэтай ідэяй. Старшыня партыі Анатоль Лябедзька так тлумачыць неабходнасьць арганізацыі Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы:

(Лябедзька: ) “Самая галоўная задача — гэта дапамагчы абраным дэпутатам працаваць у рэгіёнах. І мы тут выкарыстаем нашыя мажлівасьці, нашую інфраструктуру. І другое — празь дзейнасьць міжрэгіянальнай дэпутацкай групы знаходзіць сваіх прыхільнікаў сярод дэпутацкага корпусу”.

Дэпутаты, якія пажадалі ўступіць у групу, зьбяруцца ў Менску 22 сакавіка. Яны абяруць рэгіянальных каардынатараў, вызначаць пэрыядычнасьць сваіх сустрэчаў, абмяркуюць магчымыя формы ўзаемадзеяньня, падзеляцца першым досьведам выбарчай дзейнасьці.

Дэпутат Мазырскага гарадзкога савету Леанід Арлоў падтрымлівае ідэю стварэньня такой групы.

(Арлоў: ) “Ідэя слушная. Большасьць абраных ад нашай партыі дэпутатаў ня маюць досьведу. Адзінкі толькі маюць досьвед. Ды і ў любым выпадку патрэбныя нейкая вучоба, сустрэчы з тымі, хто ўжо працаваў дэпутатам. Да таго ж, ёсьць асаблівасьці ў розных рэгіёнах. А ўвогуле такая група дасьць нам нейкае адчуваньне локця”.

24-гадовы інжынэр-электроншчык з Рагачова Руслан Сталяроў упершыню стаў дэпутатам гарадзкога савету. Чым, на ягоную думку, можа дапамагчы дэпутацкая група?

(Сталяроў: ) “Абмен досьведам. Затым — наладзіць узаемаадносіны зь іншымі дэпутатамі. Наагул, заявіць пра сябе і паказаць, што сярод дэпутатаў ёсьць ня толькі начальства, але і маладыя, і прадстаўнікі розных слаёў насельніцтва”.

Кіраўніцтва АГП прапануе дэпутатам новыя формы навучаньня. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Мы, напрыклад, па дэпутацкай групе Белаазёрску дамовіліся ў Літве, каб устанавіць кантакты з дэпутатамі Электраняю. Там у іх агульная спэцыфіка, зьвязаная з энэргетыкай. Там таксама ж ГРЭС. Нам сказалі: няма абсалютна ніякіх пытаньняў. На пачатку красавіка, дзесьці 8-га, пачынае дзейнічаць новае мясцовае самакіраваньне ў Літве. Будзем выводзіць на такія кантакты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG