Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПАД ЛЁЗУНГАМ “НЕЗАЛЕЖНАЯ БЕЛАРУСЬ — СВАБОДНАЕ І ЗАМОЖНАЕ ГРАМАДЗТВА” ПРАЙШОЎ УСЕБЕЛАРУСКІ СХОД ІНТЭЛІГЕНЦЫІ


Валер Каліноўскі, Менск

На Ўсебеларускі сход прыбыло больш за 600 дэлегатаў і гасьцей, але немалая частка дэлегатаў з рэгіёнаў ня здолела прыехаць з-за фінансавых цяжкасьцяў. Не змаглі патрапіць на сход Віктар Івашкевіч, які знаходзіцца ў калёніі адкрытага тыпу ў Баранавічах, ды Людміла Гразнова, Андрэй Саньнікаў і Зьміцер Бандарэнка, якія адбываюць пакараньне за арганізацыю маршу пратэсту 12 сакавіка. Праваахоўчыя органы адмовілі ў просьбе арганізатараў форуму адпусьціць гэтых дэлегатаў на сход.

Арганізатарам сходу інтэлігенцыі не ўдалося дамагчыся для правядзеньня свайго форуму залі Палацу Рэспублікі, адміністрацыя якога спаслалася на занятасьць памяшканьня. Сход прайшоў у Доме культуры тонкасуконнага камбінату, далёка ад цэнтру Менску.

З запрошаных прадстаўнікоў афіцыйных структураў прыбылі толькі некалькі сяброў групы “Рэспубліка” з Палаты прадстаўнікоў. Астатнія праігнаравалі сход беларускай інтэлігенцыі, разумеючы, што апошняя не на іх баку. Сапраўды, з трыбуны сходу гучала вострая крытыка сытуацыі ў краіне, якая, на погляд выступоўцаў, апынулася ў гістарычным тупіку, міжнароднай ізаляцыі, на мяжы страты сувэрэнітэту, моўнай і культурнай ідэнтычнасьці з-за палітыкі цяперашніх уладаў. Пытаньне аб пераменах у Беларусі вырасла ў праблему нацыянальнага выратаваньня, — заяўлялі ўдзельнікі сходу.

Як прызнаў эканаміст Генадзь Лыч і іншыя выступоўцы, у цяперашняй сытуацыі ёсьць віна і беларускай інтэлігенцыі, якая ня здолела стаць сапраўдным маральным аўтарытэтам, кансалідаваць нацыю, уплываць на прыняцьце ўладных рашэньняў. Цяпер жа, калі наступіў “момант ісьціны”, калі народ страчвае давер да ўлады, задача інтэлігенцыі — падаць народу альтэрнатыву. На думку Генадзя Лыча, у гэтай справе інтэлігенцыя і палітычныя партыі павінны пайсьці насустрач адзін аднаму, пераадолець разьяднанасьць.

Заклікаў гуртаваць сілы дзеля ўратаваньня свабоды і дэмакратыі, дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі і народны паэт Ніл Гілевіч. Ніл Гілевіч прапанаваў стварыць грамадзкую Рэспубліканскую раду беларускай інтэлігенцыі — як орган пастаянага дзеяньня, які мог бы выказваць сваю думку па важных для кріаны праблемах і склікаць сходы.

Навуковец Язэп Сьцепановіч заклікаў стварыць адмысловы Камітэт абароны сувэрэнітэту — як агульнанацыянальны дзейны орган накшталт Камітэту абароны міру. З ініцыятывай ад імя беларускай інтэлігенцыі запрасіць у Беларусь папу Рымскага выступіў Валянцін Мацкевіч.

Свае вітаньні Ўсебеларускаму сходу інтэлігенцыі даслалі Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, Івонка Сурвілла, Карлас Шэрман, а таксама асуджаныя арганізатары маршу пратэсту Л.Гразнова, А.Саньнікаў, Л.Малахаў, З.Бандарэнка са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка.

Паводле арганізатараў зьезду, вынікам форуму сталася стварэньне ў Беларусі новага грамадзкага руху — руху інтэлігенцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG