Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДВА АРГАНІЗАТАРЫ НАРОДНАГА МАРШУ ПРАВЯЛІ НОЧ У СПЭЦПРЫЁМНІКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Акцыя пачалася імправізаваным мітынгам на пляцы Якуба Коласа, дзе была ўхваленая рэзалюцыя з патрабаваньнем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Недавер яму быў выказаны з тае прычыны, што народ апынуўся на мяжы жабрацтва, а створаная ім палітычная сыстэма пастаянна зьнішчае дэмакратычныя свабоды і правы чалавека ў Беларусі.

Больш за 3 тысячы дэманстрантаў спрабавалі пасьля прайсьці да плошчы Незалежнасьці, а калі ім перашкодзілі міліцыянты, рушылі да Акадэміі Навук, дзе адбыўся яшчэ адзін мітынг.

Першым, пасьля заканчэньня маршу ў раёне Акадэміі Навук, быў затрыманы Андрэй Саньнікаў. За ім яшчэ адна арганізатарка акцыі, дэпутатка Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Людміла Гразнова. Зьміцер Бандарэнка зьявіўся ў міліцэйскі пастарунак сам. На разьвітаньне ён сказаў журналістам, што ня можа пакінуць сваіх затрыманых сяброў. Яшчэ адзін удзельнік маршу — кардынатар руху “Зубр” Цімох Дранчук быў адпушчаны міліцыянтамі неўзабаве пасьля затрыманьня.

Як вядома, на затрыманых арганізатараў маршу былі складзеныя міліцэйскія пратаколы, пасьля чаго Людмілу Гразнову міліцыянты да суду адпусьцілі, а спадароў Саньнікава і Бандарэнку адвезьлі ў спэцпрыёмнік. Працэс над імі адбудзецца сёньня ў судзе Савецкага раёну Менску па вуліцы Лагойскі тракт, 3.

Нягледзячы на затрыманьні, усе арганізатары маршу адзначалі, што акцыя была пасьпяховай, бо ўдалося вывесьці на вуліцы даволі вялікую колькасьць людзей. Яны спадзяюцца, што наступныя вулічныя акцыі гэтай палітычнай вясны зьбяруць яшчэ большую колькасьць удзельнікаў.

Акрамя Менску падобныя акцыі прайшлі ўчора ў Магілёве, іншых гарадах, а аднадзённы страйк прадпрымальнікаў ахапіў 30 рэгіёнаў Беларусі. Акцыі салідарнасьці з дэмакратычнымі сіламі Беларусі таксама адбыліся ў Боне, Варшаве й Кіеве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG