Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАМОВЫ Ў МАСКВЕ ПРА ПЕРАХОД БЕЛАРУСІ НА РАСЕЙСКІ РУБЕЛЬ ЗАКОНЧЫЛІСЯ БЕЗВЫНІКОВА


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, эканаміст Яраслаў Раманчук і філёзаф Аляксандар Грыцанаў.

(Карбалевіч: ) “5 сакавіка ў Маскве кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі абмяркоўвалі пытаньне пра ўвядзеньне адзінай валюты. Перамовы закончыліся безвынікова — як і прагназавалася. Усе экспэрты адзначалі, што ніякіх падставаў для дасягненьня згоды ў гэтым пытаньні пакуль што няма, бо абодва бакі маюць вельмі розныя падыходы да гэтага пытаньня.

Але тут цікавы камэнтар беларускага боку. Дзяржаўная агенцыя БелТА са спасылкаю на прэсавую службу ўраду Беларусі абвесьціла беларускую пазыцыю. Па-першае, увядзеньне адзінае валюты — гэта апошні этап “гарманізацыі эканомікі дзьвюх краінаў”. Па-другое, толькі пасьля выкананьня праграмы дзеяньняў у рэалізацыі палажэньняў дамовы пра стварэньне саюзнае дзяржавы можна пераходзіць на расейскі рубель як адзіную валюту.

Гэтыя камэнтары сьведчаць пра новыя акцэнты беларускага боку і зьяўляюцца больш жорсткімі ў параўнаньні з той пазыцыяй, якая была ў кіраўніцтва Беларусі раней. Як бы Вы маглі пракамэнтаваць гэтую пазыцыю афіцыйнага Менску?”

(Раманчук: ) “Перш за ўсё, кіраўніцтва Беларусі ніколі не заяўляла пра адназначны пераход на расейскі рубель. Яго прадстаўнікі, у тым ліку і Лукашэнка, заўсёды гаварылі пра ўмовы, якія павінныя быць выкананыя папярэдне. І зараз прэм’ер Навіцкі зноў паўтарыў, што Беларусь не гатовая да таго, каб адмовіцца ад кантролю за эмісіяй. Беларусь таксама не гатовая прыняць расейскія рынкавыя мэханізмы.

Інакш кажучы, Лукашэнка адмаўляецца ад таго праекту інтэграцыі, які прапанаваў Крэмль. І ў Беларусі няма эканамічнага праекту інтэграцыі. Менск цікавіць палітычны бок. Таму мая выснова з гэтых перамоваў у Маскве такая: увядзеньне ў Беларусі расейскага рубля ў 2005 годзе — гэта міт, які разбураецца на нашых вачох”.

(Грыцанаў: ) “Пазыцыя беларускага боку зараз такая: увядзеньне адзінай валюты — гэта апошні этап эканамічнай і палітычнай інтэграцыі. Расея зараз апынулася ў ролі Астапа Бэндара, які аддаў грошы і ня можа атрымаць свае ўслоны. Грошай Расея дала шмат і пры Ельцыне, і пры Пуціне. І зараз прыйшоў час аддаваць услоны. І Расея гатовая браць часткамі... “Белтрансгаз” — гэта першы ўслон. І зараз ідзе спрэчка пра тое, колькі ўслонаў Лукашэнка гатовы аддаць Расеі, і якія ўслоны яшчэ пажадае атрымаць ад яго Расея.

Інтэграцыйны воўк Беларусі ўжо бяжыць ня ў лес, а зь лесу. Лукашэнка ўжо ня можа больш проста абяцаць. Ён мусіць плаціць”.

(Карбалевіч: ) “Зь інфармацыі беларускага боку вынікае, што ў Менску распрацаваны новы варыянт аб’яднаньня грашовых сыстэмаў з улікам плянуемага стварэньня адзінай эканамічнай прасторы паміж Беларусьсю, Расеяй, Казахстанам і Ўкраінаю. Дэклярацыя стварэньня новага эканамічнага аб’яднаньня была зробленая падчас сустрэчы кіраўнікоў чатырох дзяржаваў у Маскве 23 лютага.

Задача стварэньня адзінае грашовае сыстэмы ў межах дзьвюх краінаў выклікае вялікія супярэчнасьці й праблемы. Спроба вырашыць гэтую задачу ў межах чатырох краінаў выклікае значна больш цяжкіх праблемаў. Пра што сьведчыць спроба беларускага боку зьвязаць пераход Беларусі на расейскі рубель з эканамічным аб’яднаньнем чатырох дзяржаваў?”

(Раманчук: ) “Заява пра стварэньне саюзу згаданых чатырох дзяржаваў мае яскравую палітычную скіраванасьць. Пуціну патрэбнае аблічча інтэгратара. Ён хацеў бы неяк інтэграваць у абсягі расейскага ўплыву Ўкраіну, якая не зьяўляецца паўнавартасным сябрам СНД. І гэта быў бы значны замежнапалітычны посьпех Пуціна. У гэтым пасьянсе Беларусь гуляе другасную ролю.

Відавочна, ўвядзеньня адзінае грашовае адзінкі на прасторы чатырох краінаў — гэта мітычны, касьмічны праект, які ня можа быць рэалізаваны. Яго сэнс у тым, каб дапамагчы Пуціну быць абраным на другі прэзыдэнцкі тэрмін”.

(Грыцанаў: ) “Пачатак ХХІ стагодзьдзя падобны на пяцігодку “бліскучых пахаваньняў”, якая некалі прайшла ў СССР, калі вельмі часта адбываліся пахаваньні генэральных сакратароў ЦК КПСС. І зараз мы бачым, як СНД памёрла — не радзіўшыся як сьлед. На чарзе пахаваньні іншых аб’яднаньняў па постсавецкай прасторы.

У тым ліку мы назіраем пачатак пахаваньня саюзу Беларусі й Расеі. Менск заўсёды ганарыўся тым, што расейска-беларускія стасункі — гэта нешта асаблівае на прасторах СНД. Зараз “двойка”, ператвараецца, пераапранаецца ў “чацьвёрку”. А гэта сьведчыць пра тое, што пацярпелі фіяска пляны Лукашэнкі на стварэньне раўнапраўнага саюзу з Расеяй”.

(Карбалевіч: ) “Падчас перамоваў кіраўнікоў урадаў Беларусі й Расеі ў чарговы раз закраналася вострае пытаньне выплаты расейскім бокам падатку на даданую вартасьць. У гандлі паміж абедзьвюмя краінамі існуе прынцып выплочваньня падаткаў паводле краіны паходжаньня тавараў. Масква настойвае на тым, каб вырашэньне гэтага пытаньня было зьвязанае з падпісаньнем дамовы пра ўвядзеньне адзінае валюты. Пра што сьведчаць разнагалосьсі паміж урадамі дзьвюх краінаў наконт падатку на даданую вартасьць?”

(Раманчук: ) “Калі ўрад нейкай краіны ня хоча рэалізацыі праекту, які, на меркаваньне гэтага ўраду, не прыносіць карысьці, ён абстаўляе выкананьне гэтага праекту жорскімі ўмовамі. Спроба ўвязаць выплату падатку на даданую вартасьць з увядзеньнем адзінае валюты — гэта якраз такі прыклад. Таму што выплата гэтага падатку ня мае ніякіх адносінаў да манэтарнай палітыкі. Калі Расея заяўляе, што выплаціць Беларусі 260 мільёнаў даляраў толькі пасьля згоды Менску на ўвядзеньне расейскага рубля, то гэта, з аднаго боку, шантаж, а з другога боку — хабар.

Калі б Масква рэальна хацела інтэграцыі зь Беларусьсю, то яна стварыла б у аднабаковым парадку такія варункі, каб да гэтага эканамічнага саюзу далучыліся Казахстан, Украіна ды іншыя краіны. А тое, як паводзіць сябе расейскі ўрад у пытаньні з выплатаю Беларусі падатку на даданую вартасьць сьведчыць пра тое, што да рэальнай інтэграцыі а ні зь Беларусьсю, а ні ў межах новай “чацьвёркі” Масква не гатовая. І таму праект чатырох, як і праект дзьвюх (Беларусь-Расея) чакае бліскучае пахаваньне”.

(Грыцанаў: ) “Што такое Эўразьвяз? Гэта саюз больш-менш заможных краінаў. Што такое інтэграцыя у варыянце “саюзнай дзяржавы”? Гэта “братэрскі саюз між народамі”.

Расея зараз банкуе, у яе для гэтага хапае грошай. Але ў яе мала грошай, каб купіць Беларусь, як і Ўкраіну з Казахстанам. А танна Лукашэнка прадаваць ня хоча. Таму ідзе гандаль.

І Пуцін, і Кучма, і Назарбаеў бачаць у новым саюзе чатырох толькі палітычны зьмест. А Лукашэнка ўсё яшчэ срабуе атрымаць нейкія эканамічныя дывідэнты. Але гэты час ўжо прайшоў”.

(Карбалевіч: ) “Калі глядзіш на прапановы беларускага боку, то ствараецца ўражаньне, што афіцыйны Менск шукае падставы, зачэпкі, каб не пераходзіць на расейскі рубель. На мой погляд, тлумачыцца гэта наступным: кіраўніцтва Беларусі ўбачыла, што на працягу гэтага і наступнага году Расея будзе жыць ва ўмовах спачатку адной, потым другой перадвыбарчай кампаніі. І ў гэты час Расея не зацікаўлена ў тым, каб сварыцца зь Беларусьсю. Кіраўніцтва Беларусі гэта добра бачыць і спрабуе выкарыстаць яе на сваю карысьць. Таму пазыцыя Беларусі робіцца больш жорсткаю.

Як бы там ні было, пасьля гэтай сустрэчы пэрспэктывы інтэграцыі выглядаюць яшчэ больш няпэўнымі, чым раней”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG