Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІКІ ЎРАДАЎ І ГАЛОЎНЫХ БАНКАЎ БЕЛАРУСІ Й РАСЕІ ЛАДЗЯЦЬ ПЕРАМОВЫ Ў МАСКВЕ НАКОНТ СУПОЛЬНАЙ ВАЛЮТЫ


Юры Сьвірко, Менск

У сераду ў Маскву прыбыла беларуская дэлегацыя на чале з прэм’ер-міністрам Беларусі Генадзем Навіцкім. Ён і кіраўнік Нацыянальнага банку Пятро Пракаповіч увечары абмяркуюць з расейскімі калегамі пэрспэктывы ўвядзеньня адзінай валюты саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі.

Хаця да гэтага плянаванага ўвядзеньня засталося менш за 2 гады, Масква й Менск пакуль не дамовіліся наконт эмісійнага цэнтру супольнай валюты. Расейцы хочуць, каб гэтыя функцыі выконваў іхны Цэнтральны банк. А беларускі Нацыянальны банк прывез у Маскву новыя прапановы, якія грунтуюцца на мажлівым далучэньні да расейска–беларускага эканамічнага саюзу Казахстану ды Ўкраіны.

Дарэчы, у Маскву паехаў першы намесьнік міністра эканомікі Беларусі Мікалай Зайчанка, а сам міністар Андрэй Кабякоў, ён жа віцэ-прэм’ер, накіраваўся ў Кіеў, дзе пройдзе паседжаньне рабочай групы віцэ-прэм’ераў “саюзу чатырох”. Расею ў гэтай групе прадстаўляе Віктар Хрыстэнка, Украіну — Мікола Азараў, а Казахстан — Карым Масімаў, які ўзначаліў кіеўскую рабочую групу.

Паводле словаў кіраўніка ўправы інфармацыі Нацыянальнага банку Беларусі Анатоля Драздова, беларуская дэлегацыя прывезла ў Маскву прапановы не пра эмісійны цэнтар, а пра каардынацыю фінансавых сыстэмаў Беларусі, Расеі, Украіны і Казахстану. Афіцыйны Менск па-ранейшаму кіруецца ўказаньнямі Аляксандра Лукашэнкі, які заявіў пра неабходнасьць роўных правоў у эмісіі грошай. Фактычна замест адзінага эмісійнага цэнтру Менск хоча атрымаць сыстэму цэнтрабанкаў на чале зь міжбанкаўскай валютнай радаю.

На сустрэчы ў Маскве, як чакаецца, будуць абмеркаваныя ня толькі фінансавыя пытаньні. Прэм’ер-міністры Беларусі й Расеі сустракаюцца на тле “піўной вайны” паміж дзьвюма дзяржавамі. Напярэдадні беларускі Савет Міністраў вырашыў цалкам адхіліць расейцаў ад інвэставаньня ў піваварную галіну, а раней саюз расейскіх півавараў выступіў з пратэстамі супраць шматлікіх абмежаваньняў на імпарт піва з Расеі ў Беларусь.

У сераду прыйшла навіна, што расейская кампанія “Балтыка”, якая інвэставала больш за 10 мільёнаў даляраў у рэканструкцыю менскага бровару “Крыніца”, зноў зьвярнулася ў Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі з пазовам пра банкруцтва акцыянэрнага таварыства “Крыніца”. Гэта другі пазоў “Балтыкі” супраць “Крыніцы” — першы быў адхілены гэтым жа судом.

Як паведамляе агенцыя “Інтэрфакс”, дэпартамэнт у справах банкруцтва і санацыі Міністэрства эканомікі Беларусі лічыць бровар “Крыніца” патэнцыйным банкрутам. Аднак нагадаю, што інвэстыцыі з боку фірмы “Балтыка” ажыцьцяўляліся пад асабістыя гарантыі Аляксандра Лукашэнкі, які потым запатрабаваў ад расейскіх півавараў пабудаваць у Менску яшчэ адзін лядовы палац у якасьці сацыяльнай “нагрузкі”. “Балтыка” ад гэтага адмовілася, пасьля чаго беларускі ўрад затармазіў праект рэканструкцыі “Крыніцы” і не перадаў частку яе акцыяў “Балтыцы”. Цяпер галоўным інвэстарам для “Крыніцы” вырашылі зрабіць “Прыёрбанк” з доляю аўстрыйскага капіталу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG