Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВЫЯ ШЧЫТЫ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Як заяўляюць самі актывісты міжнароднай кампаніі “Жывы шчыт”, у іхных шэрагах зарэгістравана найменш 15 тысячаў чалавек, зь іх, паводле розных ацэнак, на сёньня ў Ірак прыехалі ня больш за 150, хаця ўчорашняя “Washington Post” і піша пра больш як 200 ўдзельнікаў. Пераважна гэта грамадзяне ЗША, Брытаніі, Нямеччыны, Японіі, Італіі, Турэччыны – усяго каля двух дзясяткаў краінаў.

Каардынатарам “Жывога шчыта” зьяўляецца былы грамадзянін Злучаных Штатаў, які сам адмовіўся ад свайго грамадзянства – Кэн Нікалас О’Кіф. Ён былы марскі пехацінец, удзельнік вайны ў Пэрсыдзкай затоцы 1991 году.

Асноўныя месцы разьмяшчэньня “жывых шчытоў” – гэта важныя цывільныя аб’екты. Так, інтэрнацыянальная эўрапейская група з 17 чалавек ўжо пяты дзень жыве ля ачысных збудаваньняў ля Багдаду. Другі дзень групы брытанцаў знаходзяцца на найбольшай багдадзкай электрастанцыі і на элеватары. У сьпісе аб’ектаў таксама лякарні, музэі, помнікі архітэктуры. Дарэчы, днямі велічныя руіны Бабілёну наведала міс Нямеччына 2003 Аляксандра Вадзянікава, але асноўнай мэтай Вадзянікавай у Бабілёне была сустрэча з моладзьдзю, якая жыве ў намётавым гарадку ля сьценаў разбуранага места. Апрача гэтага, яна наведала адзін з багдадзкіх шпіталёў. Наагул жа “міс Нямеччына” хоча сустрэцца з Садамам Хусэйнам і пераканаць яго выканаць ААНаўскія рэзалюцыі ў раззбраеньні. Наколькі вядома, пакуль што такой сустрэчы не было.

“Ніхто ня хоча паміраць, але ў скрайнім выпадку дабраахвотнікі гатовыя заплаціць гэтую цану”, – сказаў Джо Летс – кіроўца аднаго з аўтобусаў, якія прывезьлі ўдзельнікаў пратэсту ў Багдад. Аднак нельга сказаць, што гэткі настрой характэрны для ўсіх удзельнікаў акцыі. “Я ўважліва адсочваю сытуацыю і яшчэ ня вырашыла, застануся тут ці не”, – кажа адна з удзельніцаў жывога шчыта Катарына Садэльгол і дадае: “Па праўдзе, робіцца страшнавата. Нашая акцыя – гэта форма пратэсту супраць дзеяньняў заходніх лідэраў. Але пэрсанальна я загінуць не хачу і калі што – зьеду з Іраку”.

Вельмі цікава параўнаць гэтыя выказваньні з тым, што кажуць самі іракцы. Так, дырэктар заводу, на які ў 1991 годзе былі скінутыя шэсьць бомбаў, сказаў пра ўдзельнікаў жывых шчытоў, што “гэта добрыя людзі, якія дапамагаюць бязьвінным іракцам”. А інжэнэр таго самага заводу паведаміў, што ў выпадку бамбаваньня ён уцячэ. “Я паеду дадому, а замежныя добраахвотнікі могуць заставацца”.

ЗША і іхныя саюзьнікі не гарантуюць бясьпекі ўдзельнікам акцыі. Так, сёньня кіраўнік Цэнтральнага камандаваньня генэрал Томі Фрэнкс сказаў наступнае: “Мы будзем рабіць усё, каб пазьбегнуць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва, але я не гарантую ў гэтай справе посьпеху на 100%”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG